Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У які бок мяняецца сытуацыя на валютным рынку Беларусі?


​На тле скарачэньня валютнай выручкі Беларусь атрымлівае маленькі расейскі крэдыт. Чаму падае прыток валюты? Ці ўратуе Беларусь новая расейская пазыка? Чаму стабільны абменны курс беларускага рубля?

Удзельнікі: эканамічны аглядальнік «Белгазеты» Сяргей Жбанаў і дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Чаму падае прыток валюты?

Валер Карбалевіч: «За студзень-люты гэтага году валютная выручка Беларусі скарацілася на чвэрць, хоць зьявілася станоўчае сальда замежнагандлёвага балянсу. Як гэта можна пракамэнтаваць?»

Сяргей Жбанаў
Сяргей Жбанаў

Сяргей Жбанаў: «Па таварах гандлёвае сальда за два месяцы адмоўнае. Моцна падае экспарт у Расею, мы страчваем расейскі рынак. Але падае сынхронна і імпарт. Прычым найперш за кошт прамежкавага імпарту (сыравіны і матэрыялаў), які купляюць прадпрыемствы. Бо вытворчасьць падае».

Аляксандар Чубрык: «Экспарт падае з-за дэвальвацыі расейскага рубля і падзеньня расейскай эканомікі, скарачэньня продажу там нашых спажывецкіх тавараў.

А імпарт падае часткова з-за таго, што ў Беларусі абмяжоўваўся рост цэнаў. Калі б не вялікі завоз легкавых аўтамабіляў, то імпарт скараціўся б яшчэ больш».

Ці выратуе Беларусь новая расейская пазыка?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: «Урад Расеі прыняў рашэньне выдзеліць Беларусі крэдыт у памеры 110 млн даляраў у расейскіх рублях. Паводле інфармацыі, якая пратачылася ў СМІ, Менск просіць у Масквы $2,5 млрд.

Гэтаму спадарожнічалі незразумелыя заявы. Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў казаў, што Расея ў якасьці фінансавай падтрымкі „пралянгіруе існуючыя крэдытныя абавязаньні“. Як піша „Независимая газета“, экспэрты прыйшлі да высновы, што Расея дазволіць Беларусі заплаціць па ранейшых абавязаньнях пазьней. Гэта значыць, па сутнасьці, рэструктурызуецца наяўная запазычанасьць. А гэта больш за 700 млн даляраў ад Расеі і больш за 500 — з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.

Пры гэтым у паведамленьні расейскага ўраду адзначаецца, што ўмова атрыманьня крэдыту — адсутнасьць пратэрмінаваных даўгоў перад Расеяй і Антыкрызісным фондам ЭўрАзЭС. Як можна зразумець гэтыя супярэчлівыя заявы?»

Жбанаў: «Калі Расея выдзяляе нам чарговы крэдыт, у тэксьце дамовы заўсёды запісваецца, што ўмова выдачы грошай — пагашэньне доўгу па мінулых крэдытах. То бок мы ўжо даўно сядзім на мэханізьме рэфінансаваньня.

Але, мусіць, сёньня сытуацыя ў беларускай эканоміцы такая дрэнная, што загаварылі пра рэструктурызацыю. Можна ўзгадаць, якую паніку на фінансавых рынках выклікала фраза Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі 29 студзеня, калі ён, нібыта, пераблытаў рэструктурызацыю з рэфінансаваньнем. Рэструктурызацыя — гэта мэханізм, які выкарыстоўваецца для даўжнікоў, якія ня могуць выплачваць доўг паводле графіку, то бок тэхнічны дэфолт».

Карбалевіч: «Вядома, што сёлета Беларусь павінна выплаціць каля 4 млрд даляраў доўгу. Вось у зьвязку з заявай Мядзьведзева экспэрты кажуць, што рэструктурызуецца 700 млн даляраў доўгу Расеі і больш за 500 — Антыкрызіснаму фонду ЭўрАзЭС. У суме — гэта 1,2 млрд даляраў. Ці азначае гэта, што Беларусь мусіць сёлета вяртаць ужо не 4, а толькі 3 млрд даляраў?»

Аляксандар Чубрык
Аляксандар Чубрык

Чубрык: «Не. Пакуль з гэтай заявы мала што зразумела. І фармальна Мядзьведзеў ня можа гаварыць за Антыкрызісны фонд ЭўрАзЭС. Гэта зусім розныя пагадненьні. Незразумела, якіх крэдытаў тычыцца пралянгацыя. Тых, якія мы павінны гасіць гэтым годам? Ці наступным годам? А можа, гаворка ідзе пра нашы даўгі расейскім банкам?

Але гэтая заява Мядзьведзева несяброўская і шкодная для Беларусі. Гэта кепскі сыгнал усім. Напрыклад, рэйтынгавым агенцтвам. Гэта дрэнна для беларускіх эўрабондаў, каштоўных папераў».

Чаму стабільны абменны курс беларускага рубля?

Карбалевіч: «Захоўваецца стабільнасьць абменнага курсу беларускага рубля на тле таго, што ўсе іншыя эканамічныя паказьнікі падаюць. Гэта сьвядомая палітыка эканамічных уладаў Беларусі?»

Чубрык: «У праграме ўраду на гэты год адна з галоўных мэтаў — гэта скарачэньне інфляцыі. Нацбанк жорстка кантралюе павелічэньне грашовай масы. У выніку рублёў стала менш. Іх менш паступае на біржу, у выніку абменны курс рубля адносна стабільны. Таксама скарачэньне імпарту вядзе да скарачэньня попыту на валюту.

Калі ў 2011 годзе дэвальвацыя спрыяла росту экспарту, то цяпер — не. Бо тады расейскі рынак рос, цяпер ён скарачаецца. Нацбанк ня траціць валюту на інтэрвэнцыі на біржы. У выніку золатавалютныя рэзэрвы скарачаюцца толькі на суму выплаты доўгу».

Жбанаў: «Калі ў мінулыя гады беларускі рубель быў прывязаны да даляра, то цяпер — фактычна да расейскага рубля, хоць афіцыйна кажуць пра прывязку да кошыка валют (даляр, эўра і расейскі рубель). А расейскі рубель залежыць ад цэнаў на нафту, а іх прагназаваць немагчыма. Па факце цяпер расейскі рубель умацоўваецца, у выніку трохі ўмацаваўся і беларускі рубель. Для нас гэта дрэнна».

Чубрык: «Каб далей эканоміка расла, патрэбны структурныя рынкавыя рэформы. Трэба даць свабоду бізнэсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG