Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе прэзыдэнцкая сямігодка?


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Інтрыгай зь мінулага году нам засталася сямігодка прэзыдэнта.

Ясна, інтрыгай для тых, хто яшчэ не махнуў на ўсё рукой. І для арміі чыноўнікаў перадусім. Дый для нашага брата, для каго навіны, хоць нейкія — будні. Нагадаю: прагучала «ініцыятыва зьнізу», начальства задумалася.

Сем гадоў замест пяці? Будзе ці ня будзе? Захоча ці не? І пачынаецца варажба на кававай гушчы. Хаця само начальства яшчэ нібыта не сказала ні так, ні не. Маўляў, думайце, што хочаце. Але ня можа быць, каб такія «ініцыятывы зьнізу» былі прапушчаныя міма вушэй. Вось і спадарыня Ярмошына не выключае, што «цяпер палітычнае кіраўніцтва краіны вывучае падобныя прапановы. Усё робіцца паступова, і таму, магчыма, “вярхі” глядзяць, якую рэакцыю ў грамадзтве атрымаюць такія ініцыятывы».

Хаця, ну што такое грамадзтва? Як скажуць у тэлевізары, так і прагаласуе. Пытаньне можа быць толькі ў самім начальстве: аб чым у яго галава баліць і будзе балець у сёлетні год? Ці патрэбная чарговая перамога ў выглядзе «ўсенародна» зацьверджанага большага тэрміну?

Спакуса ж існуе. І па-чалавечаму няцяжка зразумець начальства. Хто пачынаў зь сямігадовага тэрміну, таму па пяцёрачцы потым крочыць нейк не зусім салідна. З гонарам вытрымаў першыя сем, а потым пераходзь на пяць…

Хаця народ на вуліцы, «грамадзтва», запытайцеся, нічога ня памятае. Што Лукашэнка ў першым тэрміне кіраваў сем гадоў? Ды не дуры! А колькі трэба было? Каб кіраваў дзесяць адразу, ніхто б не запомніў і не ўзгадаў бы сёньня. Такі ў нас народ, прывучаны да начальства зьверху і кропка. Да паслухмянасьці. А што і як — гэта нас не датычыць, ад нас нічога не залежыць.

Чаму Лукашэнка кіраваў так адразу сем гадоў? Ніхто так нічога й не зразумеў. Ніякіх тлумачэньняў дадзена не было. Дый якія могуць быць тлумачэньні? У канстытуцыі тэрмін ня быў зьменены. Пяцігодка і ня больш.

Памятныя адбыліся «праводзіны» прэзыдэнта ўлетку 1999-га. Зладзіла апазыцыя, каб нагадаць пра тэрмін. Перад ленінскай статуяй у Горадні, напрыклад, плойма людзей была. Акардэаніст папулярныя мэлёдыі выконваў. Міліцыя настойліва, але больш-менш далікатна прасіла «тут не стаяць». Гэта быў яшчэ ня 2011 год, калі стала строга забаронена маўчаць на плошчы. Масава маўчаць, зразумела. Ці, ня дай Бог, пляскаць у далоні, выказваць эмоцыі бяз слоў.

Станьце на чужое месца: не пасьпеў азірнуцца, зноў празь пяць гадоў гэты спэктакль ладзіць. А гэта адцягвае ўвагу, народныя грошы ўрэшце. І дзеля чаго і каго? Яму ж на так званыя дэбаты зь імі несалідна. Чалавек кіруе і нікуды не зьбіраецца. Было сказана раз і назаўсёды: прыйшоў усур’ёз і надоўга? А яны хто такія? Хто? Улады прагнуць?! Улады!

Хаця я не зьдзіўлюся, калі нас чакае насамрэч не сямі-, а прэзыдэнцкая дзесяцігодка. Народ жа ня супраць сямі? А чаму яму быць супраць дзесяці?

Урэшце важна быць заканадаўцам мод. У такіх справах у тым ліку. Хто першы зрабіў сем гадоў? На жаль, Назарбаеў. Але затое падаў прыклад. А калі зрабіць, напрыклад, адразу дзесяць, іншым давядзецца ў хвасьце быць, пераймаць.

А ў Назарбаева, канечне, усё на вышэйшым узроўні. 1991, прэзыдэнт. Праз чатыры гады — рэфэрэндум, тэрмін працягнуты ажно да 1999-га. (Баюся памыліцца, але выглядае не на сем, а на цэлых восем гадоў). Зноў перамога. Наступная — празь сямігодку.

З Назарбаевым спаборнічаць сёньня справа няўдзячная. Яшчэ дзесяць гадоў таму атрымаў, можна сказаць, пажыцьцёвы тэрмін. У выглядзе выключэньня. Парлямэнт абмежаваў прэзыдэнцкія паўнамоцтвы двума тэрмінамі. Запар. Але што датычыць Нурсултана Абішавіча, то — колькі захоча.

Прайшоў час, «ініцыятыва зьнізу»: ня трэба больш выбараў, няхай кіруе наш елбасы адразу да 2020-га! Вельмі просім! Пяць мільёнаў подпісаў. Але чалавек праяўляе сьціпласьць і ня хоча, каб гэта зацьвердзіў рэфэрэндум. Аднак, што вы думаеце, парлямэнт сьмела адхіліў прэзыдэнцкае вета!..

Ну якія бесталковыя: навошта яму гэта было? У чалавека «бестэрміноўка» па-першае. Па-другое, чалавек зрабіў крок назад, можна сказаць да дэмакратыі: сямігадовы тэрмін зноў скараціў да пяцігадовага… Баюся тут у чымсьці памыліцца, бо казахстанская навука аб прэзыдэнцкіх тэрмінах выглядае ў нас у Эўропе занадта мудрагелістай, міжволі ўсплывае ў галаве зацёртая фраза з папулярнага савецкага фільма — «восток — дело тонкое».

Але калі ў нас будзе прынятае рашэньне: рэфэрэндум за сем гадоў, то ўсё будзе ў ажуры, сумнявацца няма падстаў.

І калі шчыра, нашых людзей няцяжка зразумець: навошта дурыць сабе галаву шапкай Манамаха, калі ты разьлічваць можаш толькі на аблавушку? Няважна, што па канстытуцыі кожны мае права, калі ўзрост дазваляе. У жыцьці ня мае ніхто, і гэта ў галовах замацавана жалезабэтонна. А пяць гадоў, сем ці яшчэ колькі — якая ж там розьніца?

Вось раней задавалі пытаньне: чым манархія адрозьніваецца ад сацыялізму? І адказвалі: у манархіі ўлада перадаецца ад бацькі сыну, пры сацыялізьме — ад дзеда да дзеда. Але калі той сацыялізм быў, дзе дзяды з Палітбюро? Бываюць і іншыя выпадкі, калі яна не перадаецца. І народ не хвалюе, што яму? Яму як за пазухай у Бога. Навошта чужая шапка Манамаха? Ну яе! Аблавушка таксама нядрэнна.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG