Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На першы погляд здаецца нелягічным загад Лукашэнкі стварыць прафсаюзныя арганізацыі на прыватных прадпрыемствах — маўляў, дзеля абароны працоўных. Бо на дзяржаўных прадпрыемствах структуры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) рэдка выконваюць функцыю абароны найманых работнікаў.

Дарэчы, выступаючы на зьезьдзе ФПБ 22 траўня, кіраўнік дзяржавы якраз перасьцярог прафсаюзныя арганізацыі ад рэальнай абароны працоўных:

«Давайце дамовімся: ваш галоўны арыенцір, каб вы не змагаліся з кіраўнікамі на месцах, прафсаюзныя актывісты, каб вы не былі галаслоўнымі абаронцамі інтарэсаў працоўных, галоўным сыгналам для прафсаюзаў, арыенцірам галоўным пры заключэньні калектыўнай дамовы павінна стаць Генэральнае пагадненьне. Лідэры наверсе дамовіліся з наймальнікамі і ўрадам, вам трэба трымацца ў гэтым рэчышчы».

Зразумела? Займацца абаронай працоўных — гэта ня ваша справа, пра гэта паклапоціцца ўрад, які дамовіцца зь лідэрамі ФПБ!

Хоць Лукашэнка і назваў прафсаюзы адной з асноўных апораў грамадзянскай супольнасьці, але ён не хаваў, што ФПБ у рэальнасьці выконвае функцыю дзяржаўнага інстытута. «Вы зьяўляецеся асноўным правадніком дзяржаўных ідэй», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. І патлумачыў, што прафсаюзы павінны займацца разгрузкай складоў, пошукам новых рынкаў збыту, падвышэньнем прадукцыйнасьці працы, кантраляваць якасьць вытворчасьці, змагацца з п’янствам, разгільдзяйствам, неарганізаванасьцю на прадпрыемствах. То бок вырашаць задачы органаў дзяржаўнай улады і адміністрацыі суб’ектаў гаспадараньня і ўстановаў.

Дарэчы, у выступе Лукашэнкі на зьезьдзе ФПБ быў цікавы сюжэт, дзе кіраўнік дзяржавы патлумачыў, чаму ў Беларусі няма і ня будзе інстытута амбудсмэна. «Нас часта папракаюць, і мяне: у нас няма змагара галоўнага за правы чалавека. Амбудсмэн, ці як яго там называюць... Я ім заўсёды казаў: галоўны амбудсмэн у Беларусі, змагар за правы чалавека павінен быць прэзыдэнт. Ніякія іншыя кіраўнікі нейкіх структураў ніколі ня вырашаць гэтую праблему».

Для тых, хто яшчэ не зразумеў: галоўны абаронца правоў беларусаў, у тым ліку працоўных, — гэта прэзыдэнт. Усе астатнія структуры, у тым ліку ФПБ, — бутафорыя.

Тады навошта спатрэбілася тэрмінова паўтвараць прафсаюзныя арганізацыі на прыватных прадпрыемствах? Зразумела, чаму ў гэтым зацікаўленае кіраўніцтва ФПБ. Бо чым больш арганізацыяў, тым больш прафсаюзных складак пацячэ на рахункі Фэдэрацыі. З улікам долі прыватнага сэктару ў Беларусі — грошы немалыя. А Лукашэнку навошта?

Па-першае, дзеля перадвыбарчага папулізму. Маўляў, я клапачуся пра правы і гэтых выбаршчыкаў.

Па-другое, спадзеў на тое, што структуры ФПБ зробяць немагчымымі ці хоць бы мінімізуюць выплаты заробкаў у канвэртах. І дзякуючы гэтаму будзе рэгулярна папаўняцца Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Нагадаю, што паводле заканадаўства наймальнікі павінны плаціць у фонд 35% з заробку кожнага работніка. Практыка выплаты заробкаў у канвэртах — імкненьне ўхіліцца ад гэтага плацяжу.

Трэцяе і галоўнае. Кіраўнік дзяржавы невыпадкова назваў у сваім выступе апорамі грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі ФПБ, БРСМ, вэтэранскія і жаночыя арганізацыі. Паняцьце «грамадзянская супольнасьць» у інтэрпрэтацыі Лукашэнкі мае зусім іншы сэнс, чым прынята ва ўсім сьвеце. У дэмакратычных краінах пад гэтым тэрмінам разумеюць сыстэму добраахвотна створаных грамадзянамі арганізацыяў і ініцыятываў, якія выступаюць партнэрам і апанэнтам дзяржавы. Беларускі лідэр гэтым словам называе інстытуты, створаныя ўладай. То бок функцыя грамадзкіх арганізацыяў, у разуменьні прэзыдэнта, — быць інструмэнтам у руках дзяржавы для рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, найперш дзеля кантролю над пэўнымі сэгмэнтамі грамадзтва. Гэта мадэль своеасаблівага аўтарытарнага карпаратывізму. Карпаратыўныя саюзы, кшталту ФПБ, — частка дзяржаўнай машыны. Яны працуюць ня зьнізу ўверх, як у дэмакратычных краінах, а зьверху ўніз. Гэтыя структуры не прадстаўляюць інтарэсы адпаведных сэгмэнтаў грамадзтва ў адносінах зь дзяржавай, а наадварот, праводзяць дзяржаўную палітыку ў гэтых сэгмэнтах. То бок стварэньне арганізацыяў ФПБ на прыватных прадпрыемствах — гэта ўвядзеньне дадатковага кантролю рэжыму над грамадзтвам. Перад выбарамі гэта важна.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG