Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прафэсар Марзалюк ня будзе прымушаць дэпутатаў Палаты размаўляць па-беларуску


Ігар Марзалюк

Ігар Марзалюк

Новы старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк у інтэрвію Свабодзе распавёў пра тое, чым будзе займацца камісія, пра новую рэдакцыю Кодэксу аб адукацыі, аптымізацыю колькасьці ВНУ, камэрцыялізацыю навукі.

Прафэсар Марзалюк тлумачыць, чаму ён не ўхваляе прысуджэньне Нобэля па літаратуры Сьвятлане Алексіевіч і Бобу Дылану, чаму ня будзе прымушаць дэпутатаў размаўляць па-беларуску. Ён выступае за сьмяротнае пакараньне, супраць абортаў, ненавідзець слова «гендэр».

Прафэсар-гісторык, загадчык катэдры археалёгіі і спэцыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова Ігар Марзалюк абраны старшынём камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы. Выбары адбыліся на безальтэрнатыўнай аснове, за яго прагаласавалі 102 дэпутаты, супраць — 6. На грунтоўнае інтэрвію спадар Марзалюк не пагадзіўся — маўляў, «я тры месяцы не даю інтэрвію, не гавару з журналістамі, трэба ўвайсьці ў курс справы, я чалавек адказны». Але асобнымі думкамі падзяліўся.

Пра беларускую мову ў парлямэнце

«Сам я думаю па-беларуску. Вось такі я „выкапень“ у чацьвёртым пакаленьні. Што да беларускай мовы ў парлямэнце, пакуль няма пра што гаварыць. Дайце хаця б тры месяцы папрацаваць. Але я ня буду нікога прымушаць размаўляць па-беларуску. Свабода выбару — фундамэнтальны прынцып усіх грамадзян. А дэпутаты ведаюць ня горш за мяне і адну, і другую дзяржаўныя мовы. Як яны хораша размаўляюць па-беларуску — вы нават не ўяўляеце сабе!»

А ці будуць цяпер у Палаце прадстаўнікоў законапраекты і законы па-беларуску?

«Запытайце ў прадстаўніка апазыцыі, чалавека зь бел-чырвона-белым сьцяжком, чаму яна двух слоў ня можа зьвязаць? Чаму яна «говорит только по-русски»? (Дэпутат меў на ўвазе прадстаўніцу АГП Ганну Канапацкую. — РС.) Вось вы спачатку са сваімі апазыцыянэрамі разьбярыцеся: калі яны пачнуць агітаваць па-беларуску, размаўляць у жыцьці.

На сустрэчнае пытаньне Свабоды — а як жа Алена Анісім? — спадар Марзалюк адказаў:

«Анісім — яна наша, яна ТБМаўка».

Пра сваю мару пра незалежнасьць

«Вось я думаю, што было б зь беларусамі, калі б Яўхім Карскі ў свой час не займаўся б карʼерай, не станавіўся рэктарам Варшаўскага ўнівэрсытэту, не пісаў свой шматтомнік „Беларусы“. Ён жа ня бегаў і не крычаў пра мову. Проста ён даў падставу ўсім тым, хто потым прыйшоў у палітыку. Тое самае — Мітрафан Доўнар-Запольскі. Ёсьць такое паняцьце ў польскай традыцыі: арганічная праца. Самае важнае, што адбылося за апошнія 20 год — гэта тое, што ў нас сёньня 90% насельніцтва, незалежна ад палітычнай арыентацыі, ад мовы — выступае за сувэрэнітэт Беларусі. Гэта мая была запаветная мара ўзору 1989 году — калі я быў маладым і смаркатым і ў 21 год вярнуўся пасьля службы ў войску — пасьля спэцназу ва Ўруччы...»

Чым будзе займацца камісія па адукацыі?

«У бліжэйшых плянах — прыняцьце новай рэдакцыі Кодэксу аб адукацыі. Мы абавязкова будзем прагаворваць „балючыя пункты“ ў сыстэме адукацыі, праблемы з прафэсіяналамі. Я буду ініцыяваць, каб да нашай працы далучаліся прафэсіяналы, якія маюць досьвед, шмат ведаюць, працуюць па 40 год у сыстэме адукацыі. Трэба не шарахацца з крайнасьці ў крайнасьць, а прадумана, адэкватна думаць, каб ня выплеснуць дзіця з начовак.

Я лічу, што нам патрэбна якасная сыстэма адукацыі. У нас была вельмі вялікая пагоня за колькаснымі паказчыкамі: дагнаць і перагнаць Фінляндыю па колькасьці дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі. Вось у ФРГ 25% выпускнікоў паступае ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, а ў нас —90%. Вы хочаце сказаць, што ў Фэдэратыўнай Рэспубліцы Германіі менш якасная адукацыя? Тады паглядзіце на іхнія прарывы!

Мы павінны перастаць размазваць масла па вялікім кавалку хлеба

Мы павінны перастаць размазваць масла па вялікім кавалку хлеба. У нас вельмі шмат вышэйшых навучальных устаноў, вельмі шмат студэнтаў. Калі б гэтая колькасьць пераходзіла ў якасьць, я б нічога ня меў супраць. Але тут ёсьць што аптымізаваць. Каб дыплём стаў важкім, патрэбна, каб людзі, якія ствараюць навуковыя школы, самі зьяўляюцца вучонымі, у якіх індэксы цытаванасьці нармальныя — каб яны вучылі. А калі паўтара дацэнта на факультэт — гэта праблема. То бок ёсьць праблема забесьпячэньня кадрамі вышэйшай кваліфікацыі. Не з пачатковай школы і не зь дзіцячага садку растуць праблемы на самой справе, а з сыстэмы вышэйшай адукацыі. То бок нам патрэбна ў першую чаргу вельмі ўмяняльна, адэкватна разабрацца з сыстэмай вышэйшай адукацыі.

Мы павінны акумуляваць грошы, бо мы ня самая багатая краіна ў сьвеце. Дзяржава многае робіць, але ад нас, прафэсіяналаў, залежыць, каб гэтыя грошы траціліся эфэктыўна. І мы павінны ў Кодэкс аб адукацыі ўнесьці ўсё тое, што будзе дапамагаць калегам і зарабляць, і павышаць якасьць. Павінны быць зацікаўленыя грамадзкія слуханьні, і ў першую чаргу з прыцягненьнем прафэсіяналаў».

«Калі вучоны не зарабляе навукай — гэта не зусім вучоны»

«Адукацыя — гэта сфэра дастаткова кансэрватыўная. Я і сам дастаткова кансэрватыўна разглядаю гэтую сыстэму. Але ўсё сваё сьвядомае жыцьцё, ад пачатку навуковай дзейнасьці, я ніколі ня жыў на адну зарплату. Я заўсёды шукаў дадатковае фінансаваньне. Калі мае калегі ў 1990-х гадах стагналі, як ім дрэнна жыць, я шукаў гранты — міжнародныя, рэспубліканскія, саўмінаўскія. У мяне і сёньня некалькі незавершаных вялікіх міжнародных праектаў, у тым ліку і беларуска-расейскі праект. Я лічу, што вучоны, калі ён не займаецца навукай, не практыкуе навуку, не зарабляе навукай — гэта не зусім вучоны. Тым больш калі ўнівэрсытэцкі прафэсар плача пра гэта... Можа, я зараз выклічу мора гневу ў асобных калегаў, але...

Іншая справа, што дзяржава, мы, заканадаўцы, павінны працаваць над тым, каб гэтыя рэчы, пра якія я кажу, зьвязаныя з актуалізацыяй навуковых здабыткаў, дасягненьняў, былі максымальна прыцягнутыя ў эканамічную сфэру.

Ведаеце, у нас ня самая дрэнная сыстэма адукацыі і ня самыя дрэнныя вучоныя, і вялікая колькасьць дасягненьняў. Але праблема ў тым, каб гэта зрабіць камэрцыйным прадуктам і каб гэта было запатрабавана ў жыцьці.

Мы павінны зразумець адну бясспрэчную ісьціну. Без фундамэнтальнай навукі не бывае навукі прыкладной. Для таго каб у кожнага з вас і ў мяне быў мабільны тэлефон, неабходна было, каб наш зямляк Жарэс Алфёраў прыдумаў тое, што ён прыдумаў. Бяз гэтага б не было мабільнай сувязі. А ў нас хочуць, каб адразу «на-гара». Калі будзем фінансаваць прыярытэтныя навукі, адукацыю, і калі будзем улічваць напрацоўкі нашых бліжэйшых і далейшых суседзяў, то ўсё будзе нармальна.

Многае, пра што я пакуль сумбурна кажу, будзе ў Кодэксе аб адукацыі. У гэтага шматпакутнага кодэксу ўжо новая рэдакцыя. Вось што абражае калегаў? Калі многія лёсавызначальныя рашэньні прымаюць некалькі чалавек на ўзроўні міністэрства.

Хачу нагадаць, што ў Савецкім Саюзе, адразу пасьля таго як завяршылася Другая ўсясьветная вайна, нягледзячы на страшную галечу, цяжкую эканамічную сытуацыю, навука і адукацыя былі прыярытэтам фінансаваньня. Бяз гэтага не было б абарончага комплексу, не было б нічога. Бяз гэтага не было б прарыву.

Я да чаго? Калі мы хочам прарыву, то мы павінны зрабіць стымулюючыя для навукоўцаў і для выкладчыкаў праграмы, мы павінны зрабіць нармальнае заканадаўства, мы павінны даць магчымасьць і зарабляць самастойна, і раскрыць творчую ініцыятыву.

Пра каштоўнасьці

«Я выступаю за сьмяротнае пакараньне.

Я выступаю катэгарычна супраць абортаў.

Я катэгарычна супраць прапаганды гомасэксуалізму.

Я не лічу, што пэрвэрсія і дэвіяцыя павінны лічыцца нормай. Я хрысьціянін, я за традыцыйную, нармальную сыстэму каштоўнасьцяў. Я хачу, каб Беларусь заставалася цэнтрам нармальнай хрысьціянскай ідэнтычнасьці. І самае парадаксальнае, што мы са сваёй постсавецкай спадчынай і нэасавецкай спадчынай — захоўваем традыцыйнае праваслаўе, традыцыйны каталіцызм, традыцыйны пратэстантызм.

Мяне ванітуе ад слова «гендэр», «гендэрны балянс». Фэміністкі — гэта жанчыны, у якіх ня склалася асабістае жыцьцё. Альбо гэта лятэнтныя лесьбіянкі, альбо гэта людзі, якія не рэалізавалі сябе ў жыцьці. Няма фэмінізму і гендэру. Ёсьць полавая ідэнтычнасьць.

«Алексіевіч ж нічога не напісала нармальнага за апошнія 20 год. Публіцыстыка, і ня самая пераканаўчая»

У дзень, калі Ігара Марзалюка абралі старшынём парлямэнцкай камісіі, стала вядома імя новага ляўрэата Нобэлеўскай прэміі па літаратуры — ім стаў Боб Дылан. Натуральна, Радыё Свабода запыталася, як суразмоўца ацэньвае выбар Нобэлеўскага камітэту. Ігар Марзалюк адрэагаваў так:

«А можна задаць адно правакацыйнае пытаньне? Непатрыятычнае... Вось Сьвятлане Алексіевіч, ляўрэату прэміі Ленінскага камсамолу, далі Нобэля. А майму ўлюбёнаму пісьменьніку Ўмбэрта Эка не далі. А ён — геній! І Харукі Муракамі не далі. Дык Алексіевіч жа нічога не напісала нармальнага за апошнія 20 год. Публіцыстыка, і ня самая пераканаўчая. А Васілю Быкаву ў свой час таксама не далі Нобэля».

Ігару Марзалюку 48 гадоў. Прафэсар, доктар гістарычных навук, загадчык катэдры археалёгіі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. Адзін з ініцыятараў і распрацоўшчыкаў указу прэзыдэнта № 485, які ўпарадкоўвае дзейнасьць у археалягічнай галіне і ўдасканальвае мэтады аховы гістарычных абʼектаў і артэфактаў. Кажа, што прынцыпова размаўляе выключна па-беларуску і што беларушчына — неадʼемны складнік яго культурнай ідэнтычнасьці.

У 2012 годзе быў прызначаны чальцом Савету Рэспублікі — верхняй палаты парлямэнту. У 2016 годзе стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG