Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі «ДНР» і «ЛНР» зьяжджаюць зь Менску — перамоваў ня будзе


Уладзіслаў Дайнэга (ЛНР) і Дзяніс Пушылін (ДНР) у менскім аэрапорце

Уладзіслаў Дайнэга (ЛНР) і Дзяніс Пушылін (ДНР) у менскім аэрапорце

Прадстаўнікі так званых «ДНР» і «ЛНР», якія прыбылі ў Менск на перамовы трохбаковай кантактнай групы, заявілі, што атрымалі паведамленьне ад беларускага Міністэрства замежных спраў пра тое, што ўкраінскі бок не прыбудзе на меркаваную сустрэчу.

У сувязі з гэтым яны зрабілі для прэсы заяву.

Дзяніс Пушылін заявіў, што абвастрэньне ў студзені 2015 году зьвязанае зь недамоваздольнай пазыцыяй Украіны. І ў сувязі з гэтым «ДНР» і «ЛНР» былі вымушаныя перайсьці ў контранаступ, што зьяўляецца крокам у адказ на абстрэл гарадоў. У выніку дзеяньняў гэтых узброеных фармаваньняў лінія сутыкненьня істотна зьмянілася, і цяпер «ДНР» і «ЛНР» гатовыя размаўляць пра спыненьне агню толькі на фактычнай лініі сутыкненьня. Яны гатовыя гаварыць пра адвод цяжкай тэхнікі адпаведна зь Менскім пагадненьнем, але будуць абапірацца толькі на фактычную лінію.

Прыярытэтнаю на перамовах, як заявілі прадстаўнікі «ДНР» і «ЛНР», будзе менавіта лінія сутыкненьня бакоў. Больш за тое, гаварыць пра эканамічныя пытаньні і абмен палоннымі яны гатовыя толькі пасьля поўнага спыненьня агню і пасьля адводу цяжкага ўзбраеньня з калібрам вышэй за 100 мм.

На пытаньне, што цяпер уяўляе сабою гэта фактычная лінія сутыкненьня, Дзяніс Пушылін заявіў:

«Гэтая лінія можа мяняцца кожны дзень. І гэта залежыць ад украінскага боку. Калі перамоўны працэс будзе парушаны і будуць узноўленыя абстрэлы, кіраўніцтва „ДНР“ і „ЛНР“ гатовае выйсьці на рубяжы паўнавартасных Данецкай і Луганскай абласьцей».

Пасьля гэтага Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дайнега заявілі пра свой намер пакінуць Менск.

Дзьмітрый Мірончык, прэс-сакратар МЗС Беларусі заявіў Свабодзе, што яны не заяўлялі нічога аб адмене менскіх кансультацый трохбаковай групы па Данбасу.

«Пакуль нам няма нічога іншага сказаць для СМІ, але такой заявы з боку МЗС Беларусі не было».

XS
SM
MD
LG