Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шматлікія гандлёвыя цэнтры, якія зьявіліся за апошні час у вялікіх і малых гарадах Беларусі, паступова пусьцеюць — фінансавая нестабільнасьць ударыла па пакупніцкай здольнасьці насельніцтва, а арэндная плата робіцца непад’ёмнаю. Працаваць у такіх умовах прадпрымальнікам папросту нявыгадна.

Традыцыйна ажыўлены і папулярны ў пакупнікоў «Паркінг» сёньня зьдзіўляе сваёй пустэчай. Значная частка павільёнаў зачынена, на многіх вісяць аб’явы пра тэрміновы продаж ці здачу ў арэнду. Куды падзеліся гандляры? Тлумачыць індывідуальны прадпрымальнік Сяргей С.:

«Ды гэта матывуецца, перш за ўсё, станам эканомікі, а ня нейкімі аднамомантавымі працэсамі. Людзі неплатаздольныя, вось і ўсё. У нас тавар у два, а то і ў тры разы стаў таньнейшы, хоць арэнду калі і паніжаюць, то не настолькі, колькі мы скідваем. Мэта — не жыраваць, проста каб выжыць, каб зьвесьці канцы з канцамі. Адзінае, што ў нас яшчэ невялікія мэтражы, і, у прынцыпе, 1–2 тысячы даляраў — яшчэ цярпіма. Захочаш — неяк аддасі, назьбіраеш. А як у „Эўропе“ арэнда 4 тысячы эўра, дык я ня ведаю, як яны выціскаюць зь сябе».

Карэспандэнт: «У вас плошча не прыватызаваная, арэнда?».

«Не, не прыватызаваная, бо няма сэнсу, пэрспэктывы ніякія. Калі раней на „Паркінгу“ квадратны мэтар быў у раёне 7 тысяч даляраў і даходзіў нават да 10 тысяч, то дай мне зараз выкупіць за 1 тысячу — гэта будуць проста выкінутыя грошы. Мы ня ведаем, як ад сакавіка будзем існаваць увогуле. І сэнс закопваць грошы ў пясок досыць сумнеўны».

Згодна з прэзыдэнцкім указам № 222, ад 1 сакавіка індывідуальныя прадпрымальнікі ня змогуць працаваць без суправаджальных дакумэнтаў, іначай тавар будзе падлягаць канфіскацыі. Новая норма аўтаматычна ставіць па-за рамкі закону большую частку гандляроў.

Адна з гаспадынь павільёну ў гандлёвым цэнтры «Люстэрка» кажа, што пры такім раскладзе будзе вымушаная «самаліквідавацца»:

«Калі ад 1 сакавіка нам гэты 222-гі ўказ не адменяць, то асабіста я буду зачыняцца. І ня толькі я, тут усе зачыняцца. Куды падзену ўвесь гэты тавар — ня ведаю, але я не хачу падстаўляць сябе пад такія страшныя санкцыі, пад канфіскацыю і г.д. І так разважаюць вельмі многія. Можна канстатаваць, што гандлёвыя цэнтры паміраюць. Тут яшчэ такі момант, што ў людзей папросту няма грошай, таму наконт таго, каб сэртыфікаваць, гаворка не ідзе, няма за што нам сэртыфікаваць. Дайце час, паціху нешта будзем рабіць. А на рэшту тавару трэба ўвогуле ставіць бестэрміновую магчымасьць іх ліквідоўваць, а не канфіскоўваць. Тады паступова будзем думаць з дакумэнтамі, нешта вазіць, давозіць. Я так лічу. Але ня секчы з пляча».

Страты перасьледуюць прадпрымальнікаў ад пачатку году: зьнікненьне валюты паставіла крыж на новых пастаўках, яўна не да шопінгу было і пакупнікам. Крыху далі выручкі калядна-навагоднія сьвяты, але вось ужо месяц як на рынку зацішша. У іншых павільёнах «Люстэрка» апавядаюць, што пакуль ніякага прасьвету ня бачна:

«Так, усё як рухнула, так і ляжыць. Заробкі ў людзей не падымаюцца, даляр расьце. Тое, што раней было 400 даляраў, цяпер гэта 250. Натуральна, пакупніцкая здольнасьць зьнізілася калясальна, на 50% як мінімум. Магу сказаць, што нават вясной мінулага году, калі звычайна не сэзон, у мяне ніколі не было такіх правальных месяцаў, як у гэтым годзе ў пік сэзону. Гэта проста жахліва! Прычым набудавалі гандлёвых цэнтраў: выйшаў з пад’езду, завярнуў за рог — і ты ўжо пасярод крамы. У кожным мікрараёне іх ужо дзясяткі. Але ж у нас ужо няма такога пакупніцкага попыту, у нас людзі не купляюць столькі ўсяго. І навошта будуюць — незразумела. А колькі яшчэ ў стане будаўніцтва! Канкурэнцыя проста шалёная, як тут выжыць? Для дробных прадпрымальнікаў гэта ўвогуле дарога ў нікуды. Я не магу сабе дазволіць наняць у гандлёвым цэнтры „Замак“ краму ў 40 квадратных мэтраў, каб плаціць 4 тысячы эўра, у мяне няма такіх грошай. Хоць я і там была, там такая ж цішыня, пустэча...»

Гандлёвы цэнтар «Атлянтык» — акурат паміж «Люстэркам» і «Паркінгам». Гандляр аднаго з павільёнаў расказвае, што на пачатку году прадпрымальнікі «сталі ў позу» і выбілі ў гаспадара комплексу 35-працэнтную зьніжку на арэнду да канца зімы. Але на падыходзе вясна, а прыходу як не было, так і няма:

«Арэнда зьядае літаральна ўсё — і прыбытак, і запасы, якія былі на чорны дзень. Усё ідзе на неадэкватную арэнду, прычым у валюце. Мы як у Амэрыцы, бо нас прывязалі да амэрыканскай нацыянальнай валюты. У выніку што атрымліваецца: даляр расьце, людзі зьбяднелі, бо атрымліваюць заробак у рублях, мы прадаём рэчы па старых коштах, арэнду плацім па новых тарыфах. Форменны бардак, пры якім таньней проста не працаваць, а адседзецца некаторы час у хаце, пакуль усё не ўстаканіцца. Вось у нас сусед сышоў, ён спакойна праз пару месяцаў вернецца, заашчадзіць і на арэндзе, і на падатках, і тавар захавае. А так мы проста раздаём тавар налева і направа: прадалі — заплацілі арэнду, прадалі — заплацілі падатак. Такое вось замкнёнае кола».

Адзін з кіраўнікоў аб’яднаньня індывідуальных прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Вячаслаў Піліпук выказвае сваю думку, адкуль бяруцца праблемы, якія выштурхоўваюць людзей з «наседжаных месцаў»:

«Гэтая сытуацыя адбылася менавіта таму, што за апошнія гады чыноўнікі, якія знаходзяцца каля руля кіраваньня эканомікай, так і ня здолелі знайсьці шлях разьвіцьця краіны, пры якім дабрабыт грамадзянаў расьце. Чаму сёньня прадпрымальнікі сыходзяць са сваіх наседжаных арандаваных месцаў, зачыняюць свой бізнэс, які прыносіў ім прыбытак? Элемэнтарна: таму што ў прадпрымальніка на сёньняшні дзень няма прыбытку. А няма прыбытку таму, што адсутнічае пакупніцкая здольнасьць у грамадзянаў. Чалавек з ахвотай разьвітваецца са сваімі грашыма і робіць пакупкі толькі тады, калі ў яго ёсьць упэўненасьць у заўтрашнім дні, што ён заўтра заробіць і папоўніць свае ашчаджэньні. Сёньняшняя сытуацыя ў краіне, у эканоміцы такая, што ў насельніцтва няма грошай — адпаведна, людзі купляюць ня тое, што хочацца, а толькі тое, што неабходна. Найперш, гэта прадукты харчаваньня».

На 16 лютага «Пэрспэктыва» плянуе форум з удзелам прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі, дзе будуць узьнятыя самыя вострыя праблемы прадпрымальніцкай супольнасьці. Да дыялёгу запрошаныя і чыноўнікі зацікаўленых дзяржаўных ведамстваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG