Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма сілы волі падняцца і абараніць свае правы», — гарадзенскі прадпрымальнік


Гарадзенскія гандляры ў большасьці не выходзяць працаваць, рыхтуюцца да таго, што на вясну рынкі наагул могуць зьнікнуць.

Пераважная большасьць гандляроў на рынку «Цэнтральным» у Горадні не працуюць ужо больш як два тыдні. Сёньня тут спакойна, езьдзіць вялікі трактар і вывозіць сьнег. На ніжняй пляцоўцы, дзе традыцыйна гандлёвыя рады з таварамі лёгкай прамысловасьці, — каля дзясятка індывідуальных прадпрымальнікаў.

Пакупнікоў зусім няма, а таму гандляры ску́піліся і абмяркоўваюць, як жыць далей. Адзін з прадпрымальнікаў зьвяртае маю ўвагу на пустыя гандлёвыя рады і кажа, што рэальна болей людзей і ня прыйдзе гандляваць, бо ня маюць такой магчымасьці.

— Акрамя таго, што немагчыма зрабіць дакумэнты на тавар, які прывозіцца з Расеі, няма пакупніцкай здольнасьці ў насельніцтва: людзі ня ходзяць, рынкі вымерлі. Да ўсяго, працягваецца павальная дэвальвацыя грошай. А што тут выйшлі працаваць каля дзясятка чалавек, то насамрэч ніхто тут нічога не зарабляе, акрамя як на хлеб.

Яшчэ адзін гандляр кажа, што выйшаў на працу з надзеяй распрадаць тавар і вярнуць хоць якія грошы, але пэрспэктывы на будучыню ўжо ня бачыць. Ён перакананы, што да вясны ніхто, нават з дакумэнтамі на тавар, ня здолее працаваць на рынку.

— Калі не запрацуюць заводы, то ўжо вясной усе зразумеюць, што дарогі няма ні назад, ні наперад.

Як выправіць сытуацыю, ніхто з суразмоўцаў ня ведае. Адзін зь іх кажа, што раней зьбіраліся і абмяркоўвалі такія рэчы, пратэставалі, выходзілі на вуліцы, а цяпер, маўляў, нікому нічога як бы і не патрэбна.

— У гарадзенцаў і менчукоў, напэўна, вялікі запас, калі яны могуць сядзець па месяцу і болей, не пратэстуючы. Напэўна, у людзей ужо ёсьць што губляць. У Горадні і Менску, хіба што, самыя смачныя рынкі. А ў рэгіёнах — звычайны розьнічны гандаль, і там прадпрымальнікі жылі проста з таго, што кожны дзень прадавалі. Таму там ёсьць што губляць, і людзі пачынаюць зьбірацца і абмяркоўваць, што рабіць далей.

Яшчэ адзін прадпрымальнік дадае да гэтае думкі сваё бачаньне:

— У Горадні ў свой час вельмі моцна, вялікім катком прайшліся рэпрэсіі, і таму цяпер асяродзьдзе прадпрымальнікаў зашуганае, запалоханае і няма сілы волі падняцца і абараніць свае правы...

Сярод гандляроў жанчына перадпэнсійнага веку. Кажа, што на рынку 20 гадоў. Узгадвае, што былі складаныя часы, і на плошчу выходзілі, і страйкавалі, але неяк удавалася дамаўляцца. А цяпер, паводле яе, усе рухаюцца ў нейкі тупік.

— Напэўна, яшчэ месяц неяк пастаім, і ўсё — рынак зачыняць, бо ніхто арэнды выкупляць ня будзе. Пакупніцкая здольнасьць людзей скончылася, яе няма, людзі ледзь выжываюць. А яшчэ камунальныя падаражэлі, і харчы, і ўсё наагул. А прадпрымальнікі цяпер ня тыя, што былі 10–15 гадоў таму. Чуць што, мы выходзілі на плошчу, да гарвыканкаму. А цяпер маладыя баяцца, ці што. Карацей, ня тыя цяпер людзі...

Яшчэ адзін малады мужчына кажа, што ўжо хадзіў шукаць працы ў Цэнтар занятасьці, але пераканаўся, што з гэтым ня ўсё так проста.

— Нічога з гэтым не атрымліваецца, хадзіў я на біржу працы. Там шмат аб’яваў, выбар вялікі, а пачынаеш тэлефанаваць, то ўжо нікуды нікога ня трэба. Гэта проста шыльда. І дзеля чаго гэта робіцца? Ну вось стаю тут, у мяне дзіця малое, трэба неяк карміць, а дзе грошы браць — ня ведаю. Працы няма, і нават сам на сябе ўжо не заробіш.

А вось зьявіўся пакупнік, паглядзеў на нешматлікі тавар і зьбіраецца адыходзіць. Цікаўлюся ў маладога чалавека — што ён думае наконт таго, што на рынках практычна ніхто не працуе?

— Ды цяпер і дзяржпрадпрыемствы амаль усе стаяць, бо склады забітыя прадукцыяй — нічога добрага. І заробкі пападалі, цэны растуць, валюта даражэе, нам заробкаў чатыры гады ўжо ніхто не падымае. Вядома, было добра, калі рынкі працавалі, бо і выбар быў, і таньней можна было купіць розныя рэчы. Цяжкі час настаў. Але нічога ня зробіш, будзем чакаць. А можа, у лепшы бок будуць зьмены...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG