Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індывідуальным прадпрымальнікам, у якіх засталіся несэртыфікаваныя тавары і якія павінны згодна з прэзыдэнцкім указам № 222 распрадаць усю гэту прадукцыю да 1 сакавіка 2015 году, могуць зрабіць палёгку.

Пра гэта заявіла сёньня на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік міністра гандлю Ірына Наркевіч. Яна сказала, што Міністэрства эканомікі зьвярнулася да Міністэрства гандлю і яшчэ некаторых дзяржаўных структураў з прапановай працягнуць тэрмін рэалізацыі тавараў індывідуальным прадпрымальнікам.

Міністэрства эканомікі прапануе тры варыянты: першы — зрабіць апошняй датай распродажу 31 сьнежня 2015 году, другі — 1 красавіка 2016 году, трэці варыянт — да поўнага распродажу. Паводле намесьніцы міністра гандлю, пэрспэктывы зьменаў цяпер абмяркоўваюцца ва ўрадзе.

Многія спэцыялісты лічаць, што тэрмін да 1 сакавіка 2015 году зьяўляецца нерэальным, таму што ў студзені і лютым насельніцтва традыцыйна купляе мала. «Гэтае пытаньне прапрацоўваецца, — сказала намесьніца міністра гандлю, — і, мабыць, хутка па ім будзе прынятае рашэньне».

Што тычыцца далейшага лёсу індывідуальных прадпрымальнікаў, якія сутыкаюцца з праблемай сэртыфікацыі набытых тавараў, то, на думку Ірыны Наркевіч, ім трэба атрымліваць такія сэртыфікаты ў буйных прадаўцоў з аптовых фірмаў.

Намесьніца міністра сказала таксама, што, акрамя тэрмінаў, зараз прапрацоўваецца і старая праблема гандлю ў неўстаноўленых месцах. Некалькі міністэрстваў цяпер выказваюць свае меркаваньні наконт таго, што зьяўляецца неўстаноўленым месцам для продажу. Сярод іх могуць быць, напрыклад, стадыёны, паркі, вуліцы, іншыя грамадзкія месцы. Звычайна, як сказала Ірына Наркевіч, людзі, якія гандлююць па-за межамі рынку, ня плацяць падаткі са сваіх продажаў, ад чаго цярпіць бюджэт краіны.

Намесьніца міністра гандлю сказала, што ў міністэрства існуе свой крытэр разуменьня дабрабыту беларусаў. Чым больш беларусы купляюць нехарчовых тавараў, тым больш высокі ў іх дабрабыт. Дык вось, па выніках 2014 году, калі ўсе тавары браць за 100%, — на прадуктовыя тавары беларусы патрацілі 50,6%, а непрадуктовыя — 49,4%. Прыкладна такія ж паказьнікі былі і ў 2013 годзе.

XS
SM
MD
LG