Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік з Горадні: «Гандаль можа легчы на лапаткі»


На рынку «Карона» ў Горадн і

На рынку «Карона» ў Горадн і

Дэвальвацыя рубля і ўвядзеньне мараторыю на рост цэнаў прыводзяць да таго, што з паліцаў зьнікаюць замежныя тавары, некаторыя крамы наагул не працуюць, а прадпрымальнікі на рынках кажуць, што могуць не дацягнуць да вясны.

З 19 сьнежня мінулага году пастановай Саўміну № 1207 «Аб некаторых пытаньнях спажывецкага рынку» забаронена падвышаць цэны. Шмат якія гандлёвыя арганізацыя мелі спадзеў, што пасьля навагодніх сьвятаў урад адменіць пастанову і цэны можна будзе падняць, бо з ростам даляра цяжэй стала купляць тавар за валюту.

Некаторыя крамы — да прыкладу, восем крамаў будаўнічых матэрыялаў і інструмэнтаў «Ома» па ўсёй Беларусі, у тым ліку адна ў Горадні, — пасьля чарговай праверкі былі зачыненыя на 10 дзён. Мінгандлю, у сваю чаргу, патлумачыў зацікаўленым бакам, што «Тэрмін дзеяньня пастановы № 1207 не абмежаваны часавымі межамі».

Я хаджу па краме «Белмаркет» у Горадні з дырэктаркай спадарыняй Лідзіяй. Яна паказвае пустыя паліцы і кажа, што сытуацыя даволі складаная, бо даляр вырас, мараторый так і не зьнялі, і пастаўшчыкі ня могуць завезьці новы тавар. Не хапае ў краме, паводле яе, тавараў, якія закупляліся за валюту. Беларускіх жа ў дастатку.

Спадарыня: «Я сама не магу глядзець на гэтыя пустыя паліцы. І акцыяў у нас няма. Хоць яшчэ нядаўна ўсё было, усё стаяла на паддонах, людзі прыходзілі, спэцыяльна да нас прыяжджалі. Няма рыбнай прадукцыі, нестае сьвежай садавіны і гародніны. Сёньня людзі ўжо хочуць бачыць кожны дзень сьвежы банан, апэльсын, іншае, ня хочуць толькі адну капусту есьці».

Крама «Ома» з будаўнічымі матэрыяламі і інструмэнтамі наагул зачыненая. Супрацоўніцы, якія сядзяць побач з уваходам, непрыветліва адказваюць, што ня маюць часу на размовы з журналістамі — маўляў, не працуем, і ўсё тут. А ў галаўным офісе ў Менску сакратарка кажа, што начальства занятае на нарадзе, а пасьля абеду начальства не здымае слухаўкі.

Негаваркія і гандляры з крамы «5 элемэнт», у якой прадаюць бытавую тэхніку. Адзінае, што мне сказаў загадчык — цэнаў ні на што не падымалі і нічога не парушалі. Але ў іхных крамах таксама відаць пустыя паліцы, бо новы тавар пакуль не завозяць.

Сумна выглядае і гандаль прадпрымальнікаў на рынку «Карона». Адзін зь іх тлумачыць мне: нягледзячы на тое, што пастанова Саўміну наўпрост іх не закранае, але дэвальвацыя рубля прывяла да таго, што пакупніцкая здольнасьць заўважна зьнізілася. Амаль ніхто ў іх нічога не купляе, і закупіць новы тавар яны таксама ня маюць за што.

Спадар: «Людзі, як ні круці, атрымліваюць заробкі ў беларускіх рублях і цяпер сталі атрымліваць менш у даляравым эквіваленце, а таму і цэны падняць мы ня можам. Мы разьлічвалі прадаваць тавар па адной цане, а цяпер даводзіцца прадаваць яго таньней. Рэальна мы вымушаныя несьці страты».

Яшчэ адзін прадпрымальнік, які гандлюе электратаварамі, кажа, што калі такая сытуацыя з далярам працягнецца яшчэ месяц, то гандаль папросту ляжа на лапаткі:

«Цярпяць ад гэтага ўсе: нам давядзецца зьменшыць аб’ём тавару які мы прадаем, бо ўсё вырасьце ў цане. А гэта адаб’ецца як на прадпрымальніках, так і на пакупніках».

Магчыма, і закрывацца будзем, бо ўжо ня можам плаціць падаткі, за арэнду

Спадар Уладзімер, які гандлюе адзеньнем, кажа, што нягледзячы на рост даляра, цэны ніхто не падымае, а нават ставяць зьніжкі, каб хоць нешта прадаць, бо пакупнікоў на рынку амаль няма:

«Вельмі цяжка нам цяпер. Працуем са стратамі для сябе, новага тавару не прывозім, распрадаем тое, што ёсьць. Магчыма, і закрывацца будзем, бо ўжо ня можам плаціць падаткі, за арэнду...»

У суседнім шапіку, дзе спадарыня Валянціна гандлюе жаночым адзеньнем, пакупнікоў таксама няма. Яна з горыччу кажа, што іх бізнэс відавочна сканчаецца:

«Мы нават ня ведаем, ці будзем падатак на наступны месяц аплочваць, бо ўжо бессэнсоўна. Мы тут папросту сядзім, аплочваем падаткі, арэнду, а гандлю няма. Пакупнік не ідзе, бо ім няма за што купляць, а мы не гандлюем, бо нават ня ведаем, якія цэньнікі выстаўляць. Пакуль усё стаіць па старых цэнах».

XS
SM
MD
LG