Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнік, які вырабіў гадзіньнікі з «Пагоняй»: Бізнэс павінен быць сьмялейшы


У інтэрнэт-краме timeto.by зьявіўся гадзіньнік з гербам «Пагоня», якая разьмешчаная ў цэнтры Юр’ева крыжа. Такі сымбаль можна было бачыць на харугвах Вялікага Княства Літоўскага падчас бітвы пад Воршай.

Індывідуальны прадпрымальнік Іван Тышчанка кажа, што ўжо даўно мае ідэю прапанаваць сваім пакупнікам тавар з нацыянальнай тэматыкай.

«Зьявілася ідэя зрабіць нешта ў нацыянальным стылі. У выніку вырабілі гадзіньнік, замаўлялі наклад на заводзе «Луч». Гадзіньнік добрай якасьці атрымаўся. У ім стаіць японскі мэханізм Miyota. Корпус выраблены зь лятуні з тытанавым пакрыцьцём, а раменьчык — з натуральнай скуры. Я ведаю, што на заводзе выпускаюць ужо гадзіньнікі з вышыванкай, таму мы вырашылі вырабіць гадзіньнік з «Пагоняй», — апавёў Іван Тышчанка Свабодзе.

Прадпрымальнік кажа, што сам распрацаваў дызайн, але канчаткова гадзіньнік з «Пагоняй» аформілі ўжо на заводзе:

«Там асабліва і не было працы па дызайне, бо герб распрацавалі яшчэ ў 1991 годзе, а мы яго проста выкарысталі ў афармленьні гадзіньніка».

Да магчымай рызыкі для бізнэсу праз выраб гадзіньнікаў зь незарэгістраванай сымболікай Іван Тышчанка ставіцца спакойна. Кажа, што калі ёсьць цікавасьць да нейкай тэмы, то прадпрымальнікі павінны яе задавальняць:

«Магчыма, у гэтым ёсьць пэўная рызыка для мяне як для бізнэсоўца. Але тут не ўгадаеш. Нехта баіцца, нехта дзейнічае сьмялей. Я лічу: баючыся ваўка, у лес не ісьці. Але нешта трэба мяняць, калі людзям гэта цікава. А людзі ў нас цікавяцца сваёй гісторыяй, бізнэс павінен гэта падтрымліваць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG