Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спэцыяльны збор за экспарт за межы краіны сырой нафты айчыннай вытворчасьці ўведзены ў Беларусі. За кожную прададзеную тону неабходна перавесьці грошы ў рэспубліканскі бюджэт. І пры гэтым выканаць дзьве абавязковыя ўмовы. Пералічваць грошы можна толькі ў далярах альбо эўра. І рабіць гэта патрэбна, не адкладваючы «на потым», штомесяц.

— Улады робяць гэта таму, што ў нашай краіне катастрафічна не хапае валюты, — тлумачыць сытуацыю Свабодзе экспэрт у галіне энэрганосьбітаў Тацяна Манёнак. — Апошнія афіцыйныя дадзеныя сьведчаць — у лістападзе валютная выручка Беларусі параўнальна з кастрычнікам зьнізілася на 20%. І ўрад цяпер шукае любыя магчымасьці (найперш валютныя) для папаўненьня бюджэту. Так, адначасова з нафтавікамі «паскубуць» і калійшчыкаў, бо там таксама ўводзіцца экспартнае мыта. А паколькі «Беларуснафта» і «Беларускалій» — адзіныя ў нашай краіне пастаўшчыкі, адпаведна, сырой нафты і калійных угнаеньняў за мяжу, то і ім давядзецца найболей пацярпець.

— Але чаму для «Беларускалія» ўводзіцца фіксаваная стаўка — 45 эўра за тону, а для «Беларуснафты» велічыня стаўкі будзе разьлічвацца штомесяц паводле спэцыяльнай формулы?

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

— Цана на ўгнаеньні на ўсясьветным рынку параўнальна з нафтай стабільная. А цэны на нафту скачуць амаль штодня. Таму і зроблена для нафтавікоў такая дэфініцыя. Беларускі бюджэт, дарэчы, зьвярстаны з разьліку, што адзін барэль нафты цягам году ў сярэднім будзе каштаваць 83 даляры. Падобна, што так не атрымаецца, бо цяпер ён каштуе ўжо меней за 50 даляраў. Таму сёньня ніхто ня возьмецца назваць, нават прыблізна, колькі валюты атрымае Беларусь ад нафтавага збору.

Апошнія тры гады Беларусь стабільна пастаўляе штогод на экспарт 1 мільён 645 тысяч тон уласнай сырой нафты. Абсалютная бальшыня яе накіроўваецца ў Нямеччыну.

Гэтую нафту можна было б перапрацоўваць на нашых заводах і пасьля прадаваць за мяжу. І хоць усім вядома, што нафтапрадуктамі гандляваць выгадней, чым сыравінай, але беларуская сытуацыя ня ўпісваецца ў гэтае агульнае правіла. І вось чаму. Беларусь і Расея маюць дамовы пра нафтавае супрацоўніцтва. Таму, калі б мы прадалі за мяжу, напрыклад, бэнзін альбо дызэльнае паліва з уласнай нафты, то ўсё роўна павінны былі б перавесьці мыта ў расейскі бюджэт. А разьлікі паказваюць — для Беларусі больш выгадна прадаць сырую нафту ў Нямеччыну і не выплачваць мыта расейцам, чым перапрацоўваць у сябе і адсылаць частку грошай у расейскую казну.

— А ці можна нам прадаць на Захад частку расейскай сырой нафты пад выглядам беларускай, каб атрымаць больш навару?

— Ня думаю, што беларускі бок на гэта пойдзе. Нафтавая статыстыка вядзецца вельмі спраўна. Тая ж расейская кампанія «Транснефть», якая экспартуе да нас нафту, вельмі пільна адсочвае сытуацыю. Яна дакладна ведае, якія аб’ёмы сыравіны ўвайшлі ў Беларусь і якія выйшлі. А нам нельга псаваць адносіны з Расеяй, якая сёлета абяцала паставіць у Беларусь аж 23 мільёны тон сырой нафты.

XS
SM
MD
LG