Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам


Злыдні
Злыдні

«Беларусы ў паўсядзённай гаворцы часта ўжываюць імёны мітычных пэрсанажаў, але не разумеюць гэтага», — так лічаць рупліўцы беларускай даўніны, якія ўзяліся вярнуць зь нябыту герояў беларускага фальклёру. І хочуць на гэтым зарабіць.

Група маладых людзей аб’яднаналася ў праекце «LIPA. СLUB». Днямі ў Магілёўскім краязнаўчым музэі яны адкрылі выставу пра герояў беларускай міталёгіі. У экспазыцыі больш за дзясятак вобразаў нячысьцікаў, таямнічых апекуноў дому, маёмасьці ды дабрабыту, а таксама выявы пэрсанажаў.

Жэўжык зь Зюзем — лідэры гіт-параду беларускай міталёгіі

«На сёньня апісана 500 пэрсанажаў беларускага мітычнага сьвету, але ён застаецца для большасьці беларусаў невядомым», — кажа адзін з удзельнікаў праекту Павал Арлоў.

«Мы ўздымаем артэфакты беларускай культуры, фальклёру, якія застаюцца незапатрабаванымі. Імкнёмся папулярызаваць той элемэнт культуры, якім мы, беларусы, адрозьніваемся ад іншых народаў», — кажа ён.

Паводле Паўла, беларусы ў сваёй гаворцы часта ўжываюць імёны постацяў зь беларускай міталёгіі, але не надаюць гэтаму вялікага значэньня.

Адзін з пэрсанажаў выставы ў магілёўскім музэі
Адзін з пэрсанажаў выставы ў магілёўскім музэі

«Калі мы займаліся гэтай справай, высьветлілася, што, напрыклад, мала хто ведае, хто такі Жэўжык. Між тым гэтае слова часта ўжываецца, калі гаворка ідзе пра малых дзяцей, — тлумачыць Павал. — І беларусы шмат чаго такога выкарыстоўваюць у паўсядзённай гаворцы, але ня ведаюць, што гэтыя словы азначаюць. У пэрсанажаў беларускай міталёгіі закладзены даволі лёгкі для ўспрыняцьця сэнс, і мы хочам сваімі выставамі яго раскрыць беларусам».

Жэўжык — вадзяны бажок, апякун рэк. Ніхто яго ня можа бачыць, бо плавае ён у нябачным чоўне і да таго ж затуляецца ад людзкіх вачэй. Жэўжыкам называюць маленькіх людзей, ці проста хлапчукоў.

«Першапачаткова мы імкнуліся нарабіць скульптур і засяліць імі сядзібу старажытнага роду Абуховічаў у Вялікай Ліпе, што пад Нясьвіжам», — працягвае ён. — Нарабілі іх нямала, нават не было куды складаваць, таму і вырашылі: нам патрэбныя выставы. Патроху нашы вырабы «разьехаліся». Вызвалілася прастора, і мы працуем далей«.

Зюзя — бог зімы і холаду. Ходзіць у белай цёплай вопратцы, але босы, у руцэ трымае жалезную булаву

У бліжэйшых плянах рупліўцаў вяртаньня зь нябыту фальклёрных пэрсанажаў — аднавіць вобраз беларускага бога зімы і холаду Зюзі. «Мы жартуем, што праз колькі часу пад ялінкамі беларусы будуць ставіць Зюзю. Гэты пэрсанаж беларусам свой», — кажа Павал Арлоў.

Шэсьць відаў русалак і Аржавень — змагар за здаровы лад жыцьця

Пад сотню пэрсанажаў зь беларускай міталёгіі, легендаў ды казак намаляваў для кнігі «Чароўны сьвет» графік Валеры Славук. Гэтую кнігу некалькі разоў перавыдавалі, але яна ўсё адно застаецца рарытэтам. Натрапіць на яе ў кнігарні — цуд.

Аржавень. Малюнак з выставы ў магілёўскім музэі
Аржавень. Малюнак з выставы ў магілёўскім музэі

Графічныя вобразы герояў міталёгіі, створаныя Валерыем Славуком, дапамагаюць ягоным маладым калегам рабіць скульптуры і ажыўляць іх у мультымэдыйных стужках. Сам Валеры Пятровіч ня ўдзельнічае ў праекце, але свае працы для яго перадаў моладзі.

Аржавень — мітычная істота, жыве ў багністых мясьцінах, пакрытых іржою. Аржавень — змагар за здаровы лад жыцьця. Ягонай здабычай можа стаць чалавек, які, падпіўшы, заблукаў у глушы.

«Працуючы над фальклёрнымі пэрсанажамі, я ўлічваў і тое, якімі іх мог бы бачыць народ. Зразумела, уласнае бачаньне таксама ў працы знайшло адбітак», — згадвае, як маляваліся героі беларускай міталёгіі, Валеры Славук.

Фантазіі беларусаў пра свой мітычны сьвет, пагадзіўся суразмоўца, не бяднейшыя, чым у іншых народаў.

Вужалкі. Ілюстрацыя з кнігі «Чароўны сьвет»
Вужалкі. Ілюстрацыя з кнігі «Чароўны сьвет»

«Калі браўся за працу, дык цікавіўся ангельскім фальклёрам, чытаў шатляндзкія казкі, і шмат якія нашы пэрсанажы адрозьніваюцца ад герояў фальклёру іншых народаў, хоць ёсьць і падобныя», — кажа ён.

«Напрыклад, у нас адных русалак — шэсьць відаў. І ёсьць нават такія, якія ўзімку белай поўсьцю абрастаюць. Трэба нямала думаць, каб такое выдумаць», — дзівіцца фантазіі беларусаў майстар. — Калі чытаеш пра пэрсанажаў, дык яны дужа пераканаўча апісаныя«.

Шатаны — назойлівыя і неадчэпныя нячысьцікі. Жывуць паасобку. Па сваёй натуры маўклівыя і панурыя. Нават са сваёй Шатаніхай Шатан рэдка стасуецца, таму яны ня маюць дзяцей.

«Я ня думаю, што беларусы забылі сваіх фальклёрных герояў. Яны жывуць на падсьвядомым узроўні, — працягвае Славук. — Цяпер час іншы, шмат што мяняецца. Моладзь сядзіць у інтэрнэце, а там пэрсанажы зусім іншыя. Але пры гэтым памяць пра сваіх герояў міталёгіі не памірае».

У Ёўніка — характар беларуса

Яшчэ адзін удзельнік праекту, малады скульптар Антон Шыпіца, лічыць сваім улюбёным мітычным героем Ёўніка. Майстар кажа, што характар гэтага пэрсанажа найбольш адпавядае беларусу. «Ён, як і беларус, — працаўнік», — тлумачыць Антон.

Ёўнік — сядзібны дух, які рупіцца, каб правільна палілася сушыльная печ, сохлі снапы і зерне, пасылае скразьняк веяць збожжа, дае спору ў працы

Суразмоўца кажа, што праца над фальклёрнымі пэрсанажамі, стварэньне іх вобразаў — занятак, які зацягвае. Тым часам і прафэсійныя навыкі ўдасканальваюцца. Ён перакананы, што беларускі пантэон мітычных герояў не бяднейшы за «раскручаны» грэцкі.

Ёўнік — скульптура з выставы ў магілёўскім музэі
Ёўнік — скульптура з выставы ў магілёўскім музэі

«Складанасьць у тым, што беларусу цяжка ўявіць сабе вобразы пэрсанажаў з нашых мітаў, легендаў ды казак. Калі распачыналі праект, то і для мяне гэта было няпроста», — кажа суразмоўца.

«Якім мае быць вобраз, напрыклад, Шатана ці Злыдня, Дамавіка, таго ж Ёўніка, які жыве ў ёўні — сховішчы для снапоў, ці Жыценя? Іх вобразы трэба так перадаць, каб яны не выглядалі фальшыва», — кажа Антон Шыпіца.

Чым беларусы горшыя за грэкаў зь іхнай міталёгіяй

Рупліўцы беларускай даўніны шукаюць адмыслоўца, які б узяўся напісаць сцэнар для паўнавартаснага мультфільма. Свае ролікі хлопцы паказваюць на выставах.

«Кампутарным спосабам мы ажывілі графічныя малюнкі Валерыя Славука. Зрабілі гэта, каб чалавеку, які прыходзіць на выставу, было зразумела, куды ён трапіў. Усе ж візуальную інфармацыю ўспрымаць лягчэй, бо пэрсанаж рухаецца, і пра яго невялікі аповед», — кажа Павал Арлоў. Ён адмысловец у сфэры IT-тэхналёгіяў і праграмаваньня.

Злыдні — нячысьцікі, варожыя духі, якія насылаюць на чалавека няшчасьці

Павал не хавае, што ўдзельнікі праекту імкнуцца, каб ён стаў камэрцыйным і прыносіў даход. Калі ўдасца стварыць вобразы 50–60 пэрсанажаў, кажа ён, то такая калекцыя будзе адной з найвялікшых у сьвеце.

Злыдні. Скульптура з выставы ў магілёўскім музэі
Злыдні. Скульптура з выставы ў магілёўскім музэі

«Грэкі зарабілі мільярды на сваіх героях міталёгіі, японцы таксама. Нашы айцішнікі на сваіх прадуктах нямала зарабілі. Дык варта паспрабаваць зарабляць і на нашых фальклёрных пэрсанажах», — лічыць Павал.

Працамі рупліўцаў беларускай даўніны цікавіліся расейскія турысты. На выставе ў Нясьвіжы яны настойвалі, што беларускія фальклёрныя пэрсанажы на шмат якіх скульптурах і малюнках — іхныя.

Дамавік, альбо хатнік — мітычны дух дома. Жыве ў хаце (пад печчу або за ёю). Вобраз Дамавіка спалучае добрае і ліхое. У яго ёсьць жонка Дамавуха (Дамавіха)

«Яны заяўлялі, паказваючы на нашага дамавіка, што гэта іхны «домовой». У нас прачыналася рэўнасьць, што нашу спадчыну імкнуцца прысабечыць замежнікі! Былі палкія спрэчкі, — кажа Павал Арлоў і тут жа дадае:

Беларускі дамавік, на якога прэтэндавалі расейскія турысты
Беларускі дамавік, на якога прэтэндавалі расейскія турысты

«Урэшце, у параўнаньні з працамі Валерыя Славука тое, што маюць расейцы, — дзіцячыя замалёўкі. Нас цешыць і падахвочвае, што мы не ў хвасьце ўсясьветнай культуры».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG