Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадай бараду! Канцэнтрат беларускага трэшу ад Андруся Такінданга


Радыё Свабода прэзэнтуе новую праграму — «Прадай бараду». Кожны тыдзень на нашым сайце Вас чакае новая гісторыя з жыцьця беларусаў у форме кароткі анімаваных баек.

Сьпявак і мастак Андрусь Такінданг, які жыве ў Беларусі, але мае карані ў далёкім афрыканскім Чадзе, старанна занатоўвае гісторыі, робіць малюнкі, а Дзяніс Мяжуй — стварае на падставе гэтага анімацыю. Як кажа сам Такінданг, перадачу «Прадай бараду» робяць два чалавекі, але ўдзельнічае ў ёй уся Беларусь.

«Гісторыі адбываюцца розныя і з рознымі людзьмі. Напрыклад, будзе аповед пра роварнага барацьбіта ці гісторыі, якія я пачуў ад сваёй бабулі, як яны рабілі дыскатэкі ў 1939 годзе. Усё тое, што чапляе мяне», — распавядае Андрусь Такінданг.

Чаму «Прадай бараду»?

Мы акурат былі ў Радашкавічах і наведалі касьцёл, дзе прыняў хрост Янка Купала. Выйшлі з касьцёла, селі на ровары — такая модная барадатая кампанія — і паехалі пад гару. І раптам праносіцца яшчэ адзін раварыст! Ровар у яго зусім не прыстасаваны да такіх хуткасьцяў, да таго ж, на раме ён вёз яшчэ аднаго пасажыра. Высьветлілася, яны проста сьпяшаліся ў краму перад закрыцьцём. Пад’ехалі мы да той крамы. Сярод нас быў хлопец з такой цудоўнай барадой, дызайнэр. Як раптам падыходзіць да нас мясцовы жыхар і кажа яму: «Слухай, прадай бараду!». Столькі ў яго голасе было надзеі і веры, але і суму, што вось калі б у яго была гэтая барада, то зажыў бы ён цудоўна, здымаўся б у кіно з такой барадой. Быццам бы барада — гэта нейкая лямпа Алядына. Вядома, іранізаваў ён і зь сябе, і з нас. Для мяне гэта і ёсьць канцэнтрат нашага трэшу.

Мудрыя філёзафы, якія жабруюць, касьцёл, дзе хрысьціўся Янка Купала, гоншчык на ровары, які пад гару пераганяе нават машыны, везучы не раме сабутыльніка, каб пасьпець узяць віна. Калі пра гэта ніхто не напіша, гэта застанецца незаўважаным. І ў мяне зьявілася вострая неабходнасьць усё гэта занатоўваць, анімаваць. І перадаваць, як умею.

«Я іранізую з самога сябе»

Варта адзначыць, што гэта менавіта беларускі трэш. Ён не расейскі ці нейкі яшчэ. Гэта тыя мілыя драбніцы, якія ня ўкладваюцца ў галаве. У народзе кажуць: і сьмех, і грэх. Больш сучасна кажуць: трэш. Калі я кажу пра трэш, я не баюся нікога пакрыўдзіць, таму што ў першую чаргу я іранізую з самога сябе, са сваіх хібаў, дзівосаў характару. І таксама бачу нешта супольнае ў нашых беларускіх дзіваках. Я стоадсоткава, як цьвік убіты, сяджу ў гэтай зямлі.

«У Чадзе жывуць беларусы»

Я ведаю, што ў мяне ёсьць чадзійская кроў. І там ёсьць сваякі. На жаль, там ведаюць няшмат пра Беларусь. Але ў Чадзе таксама жывуць беларусы. Яны цалкам асыміляваліся і лічаць сябе чадзійцамі, хоць маюць белую скуру і сваякоў на Гомельшчыне ці Віцебшчыне. Чад — гэта ўвогуле ўрадлівая краіна для такой рубрыкі, як «Прадай бараду». Магчыма, яна там зьявіцца калі-небудзь, хоць, напэўна, яе аўтарам буду ня я.

«Замежнікі не зразумеюць»

«Прадай бараду» — гэта найперш прадукт унутранага карыстаньня. Замежныя госьці не зразумеюць і ня мусяць разумець усяе глыбіні жартаў, якія ёсьць паміж намі. Для іх хай будзе Эўфрасіньня Полацкая, менская ратуша, Усяслаў Чарадзей, Альгерд. Тое, чым мы можам прадстаўляць сябе за мяжою.

«Я не хачу паказваць Беларусь пляскатую»

Магчыма, спытаюць, што гэта за дыскрэдытацыя. У мяне розныя героі. Ёсьць героі і са знакам мінус, прынамсі адзін — я. Ёсьць і станоўчыя пэрсанажы. Я не хачу сьпяваць дыфірамбаў, паказваць Беларусь пляскатую, як блін, аднолькавую, як на захадзе, гэтак і на ўсходзе. Я не кампазытар, які сеў і напісаў арыю беларускаму трэшу. Не, я сам зьяўляюся ўдзельнікам гэтых падзеяў.

«Беларусь — гэта радасьць ад тутэйшага жыцьця»

Для мяне Беларусь — гэта радасьць ад існаваньня тут, тутэйшага жыцьця. Ты адчуваеш адказнасьць за тое, дзе ты жывеш. Таму калі нешта здараецца, добрае ці дрэннае, яно міжволі адбіваецца на тваіх блізкіх і на табе. Ты суперажываеш гэтаму краю. Гэтаму люду, таму што гэта твой дом, месца твайго жыхарства, гэта твая Радзіма. Таму што гэта ты сам, частка цябе самога.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG