Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь нядаўняга часу ў беларускіх грамадзянаў зьявілася магчымасьць для дадатковага заробку. Пэўную суму можна атрымаць, дапамагаючы ўладзе выкрываць хабарнікаў. Прынамсі, такі спосаб прадугледжвае ўрадавая пастанова № 101 ад 5 лютага. Каб прэтэндаваць на грашовае ўзнагароджаньне, грамадзянін павінен прадставіць інфармацыю, якая дапаможа ў выяўленьні карупцыйнага злачынства. Таксама трэба распавесьці пра месцазнаходжаньне грошай або маёмасьці карупцыянера. Вядомыя і расцэнкі: ад шасьці з паловай да васьмі з паловай мільёнаў рублёў.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Ігар Канановіч зь Менску піша:

«Ох, прадчуваю: дадасьць гэтая пастанова некаму сівых валасоў! І калі да гэтага часу, мяркуючы па навінах, адмысловыя камітэты па выяўленьні карупцыйных схемаў даходзілі пераважна да ўзроўню старшыні райвыканкаму, то цяпер пад прыцэлам апынецца і кіроўны „плянктон“. А ягоныя махлярствы простыя людзі ведаюць вельмі добра!

Дробны начальнік, разумеючы, што ў вачах вышэйшага кіраўніцтва ён выглядае „ідэалягічна ўстойлівым“ і „адданым“, заграбае пад сябе, ня надта і хаваючыся...

Нельга таксама ня ўлічваць, што падобныя „самадзержцы“ з падначаленымі абыходзяцца, як правіла, з хамскай фанабэрыяй. А тут пакрыўджанаму даецца такая магчымасьць для доўгачаканай справядлівай адплаты — хоць танцуй! Дый калі цэлы год вымушаны жыць на сьціплыя 3 мільёны ў месяц, дык шанец атрымаць адразу 2–3 свае зарплаты за дапамогу дзяржаве ў барацьбе з карупцыяй (!) робіць спакусу невыноснай...

Наступствы дзеяньня гэтага дакумэнта пралічаны нашмат лепей, чым некаторых папярэдніх. А нумар пастановы — сымбалічны. І ці ня ён гэта — фатальны сто першы раз для таго, хто дагэтуль сто разоў выйшаў сухім з вады?».

Ня думаю, спадар Ігар, што спакусьлівая прапанова адразу выкліча вялікі наплыў ахвотных зарабіць такім спосабам. 300–400 даляраў ва ўмовах сёньняшняй Беларусі — сума, вядома, немалая, але ці настолькі яна значная, каб рызыкаваць уласнай бясьпекай і будучыняй? Асабліва ўлічваючы той факт, што імёны добраахвотных змагароў з карупцыяй наўрад ці застануцца ў сакрэце. Да таго ж хабарнікі ў Беларусі надоўга ў турме не затрымліваюцца. Сёньня ён карупцыянэр, а заўтра, глядзіш — дырэктар саўгаса.

Аўтар наступнага ліста Анатоль Чачотка зь Менску распавядае пра свае пэнсіянэрскія праблемы. Ён піша:

«На пачатку гэтага году міністар працы і сацыяльнай абароны Мар’яна Шчоткіна парадавала: са студзеня пачынае дзейнічаць указ, згодна зь якім пэнсіянэрам зь вялікім працоўным стажам (больш за 40 гадоў у мужчын і больш за 35 — у жанчын) падвысяць пэнсіі. Я ўзрадаваўся: у мяне ж 44 гады стажу. А пэнсіі катастрафічна не хапае на набыцьцё якасных лекаў.

І вось атрымліваю так званую падвышаную пэнсію — і ня веру ўласным вачам: той разрэклямаванай надбаўкі хопіць толькі на невялічкі флякон карвалолу ці валакардзіну. Нават самы геніяльны махляр ня змог бы дадумацца да такога падвышэньня пэнсіяў заслужаным вэтэранам працы.

Мне ў сувязі з гэтым успомніўся сьвяточны тэлерэпартаж пра тое, як Лукашэнка нядаўна ўручаў спадарыні Шчоткінай нейкі ордэн. Як жа зьзяў ейны твар ад задаволенай усьмешкі! Радаваўся ў той дзень узнагародзе і міністар аховы здароўя Васіль Жарко. Менавіта пры ім амаль усе вартыя лекі падаражэлі ў пяць, а то і ў дзесяць разоў.

Напрошваецца выснова: узнагароды ў нашай дзяржаве атрымліваюць тыя, хто робіць жыцьцё шараговага грамадзяніна проста невыносным.

Гляджу навіны з Эўропы. Краіны Эўразьвязу плацяць мігрантам па 500 эўра на месяц у якасьці дапамогі — хоць мігранты тыя не працавалі на гэтую краіну ніводнага дня. А наш вэтэран працы павінен радавацца таму, што ягонай пэнсіі яшчэ хапае на чарку ды скварку. Вось вынік той эканамічнай палітыкі, якая ажыцьцяўлялася ў Беларусі на працягу апошніх 22 гадоў», —

напісаў у сваім лісьце на Свабоду Анатоль Чачотка зь Менску. Свайму допісу ён даў красамоўную назву: «Узнагарода за галечу».

У Беларусі ніводзін высокапастаўлены чыноўнік фактычна ніяк не залежыць ад людзей, якімі кіруе — ад іхных сымпатыяў і антыпатыяў, прэтэнзіяў і пажаданьняў, падзяк і абвінавачаньняў. Грамадзяне не выбіраюць кіраўнікоў гарадоў і раёнаў і ня маюць ніякага ўплыву на тое, каго ўлада прызначае кіраваць міністэрствамі і ведамствамі. Дык навошта ўсім гэтым чыноўнікам азірацца на тых, ад каго яны ніяк не залежаць? Вось і атрымліваецца, што ў выніку міністру сацыяльнай абароны даюць ордэн не за тое, што яна дамаглася росту пэнсіяў, а за тое, што прыдумала спосаб, як скараціць шэрагі прэтэндэнтаў на пэнсію і актыўна думае пра мэтады падвышэньня пэнсійнага ўзросту.

Я ў гэтай сувязі згадваю сумна памятны рэфэрэндум 20-гадовай даўнасьці. Тады сярод пытаньняў, ініцыяваных Вярхоўным Саветам, былі і такія: «Ці выступаеце вы за тое, каб кіраўнікі мясцовай выканаўчай улады абіраліся непасрэдна жыхарамі?», і яшчэ адно: «Ці пагаджаецеся, што фінансаваньне ўсіх галін улады павінна ажыцьцяўляцца галосна і толькі зь дзяржбюджэту?». Калі верыць афіцыйным вынікам, абедзьве прапановы былі дружна адрынуты беларускім грамадзтвам.

Вядома, многія тут нагадаюць пра шматлікія фальшаваньні і парушэньні, пра тое, што рэфэрэндум ня быў прызнаны на Захадзе. Тым ня менш факт застаецца фактам: большасьць грамадзтва моўчкі пагадзілася на фармаваньне аўтарытарнай сыстэмы ўлады з усімі ейнымі атрыбутамі. І цяпер пачынае плаціць за тыя свае маўчаньне, абыякавасьць і згоду самую высокую цану.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG