Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Працавалі, як робаты» — што аўстрыйскія мастакі зразумелі пра беларускі калгас


Аляксандра і Ата сядзяць на дыване з махрамі і мэханічна складаюць адна на адну бэтонныя цагліны. Побач стаіць зялёны плястыкавы тазік з малаком. Калі чарговая канструкцыя падае, яны тут жа пачынаюць будаваць новую. У працэсе цагліны скрышваюцца з бакоў, празь нейкі час дыван засыпаны шэрымі дробкамі, а рукі і адзеньне маладых людзей пакрываюцца пылам.

Пэрформансам пад назвай «Новы стыль жыцьця» студэнты Ўнівэрсытэту мастацтва і дызайну Лінца Аляксандра Каль і Ата Пэнтынэн адлюстравалі свае ўражаньні ад наведваньня беларускіх «калгасаў». Так 12 лістапада ў Менску ў прасторы Цэх адкрылася выстава «Калгас Лактоза Осмас».

Ата Пэнтынэн і Аляксандра Каль
Ата Пэнтынэн і Аляксандра Каль

«Мы абодва вялікія фанаты савецкай архітэктуры, — тлумачыць Ата. — У яе аснове аднолькавыя бэтонныя элемэнты. Кожны будынак ёсьць паўтарэньнем папярэдняга, нібыта яны выйшлі з канвееру». Па словах мастака, падобны ж прынцып яны пабачылі ў тым, як існуюць беларускія калгасы:

«Там заўжды ёсьць плян, тая ж пяцігодка: вырашана вырабіць столькі-та збожжа, столькі-та малака. І гэта заўжды правал, бо адзін раз гэта атрымліваецца, а другі раз не, — распавядае ён пра тое, як можна патлумачыць іхны пэрформанс. — Мы будавалі гэтыя канструкцыі, і яны заўжды руйнаваліся. Але мы не рэагавалі і, незалежна ад выніку, проста працягвалі і працягвалі. Прадказаць гэта немагчыма, як ты ня можаш прадказаць, што будзе адбывацца ў прыродзе».

Ідэію мастацкага праекту па дасьледваньні «калгасаў» прыдумаў Сымон Мраз — дырэктар Аўстрыйскага культурнага форуму ў Маскве.

«Мы Беларусь не выбіралі, Беларусь выбрала нас, — кажа студэнт Штэфан Брандмайр. — „Калгас“ нам далі як тэму, і мы не абмяркоўвалі, добра гэта ці кепска. Нам было цікава, і мы ўзяліся».

У красавіку студэнты і выкладчыкі выправіліся на досьлед у беларускія вёскі, каб у лістападзе вярнуцца з ужо гатовай выставай і кожны са сваім праектам. Што такое «калгас», усе яны, апроч украінкі Марыі Жарый, ведаюць толькі з гісторыі. На спробу асьцярожна запярэчыць, што «калгасаў» у Беларусі ўжо няма, адказваюць: «Але ж усё засталося тое самае».

«Вашыя калгасы, канечне, не савецкія, але шмат чаго не зьмянілася, — кажа Штэфан, — І галоўнае, як арганізаванае жыцьцё людзей».

«Сама ідэя, калі людзі зьбіраюцца разам і працуюць на зямлі, падаецца мне добрай, — працягвае Леа Люнгер. — Але пасьля таго, што я пабачыў, я зразумеў, што гэта ня так проста. Бо людзей фактычна прымушаюць працаваць, працаваць на дзяржаву, у іх ёсьць гэтыя штогадовыя, пяцігадовыя пляны. І пры гэтым у іх няма ўласнасьці».

Жывапіс, відэаінсталяцыя, пэрформансы, скульптуры — выстава абʼяднала намаганьні студэнтаў-мастакоў і скульптараў. «Але мы тут не для таго, каб нешта ацэньваць і крытыкаваць, — папярэджваюць удзельнікі. — Мы проста выказваем свае ўласныя ўражаньні».

Фінансавую і тэхнічную падтрымку аказала амбасада Аўстрыі ў Беларусі. Яны ж прыцягнулі ў спонсары аўстрыйскія кампаніі, што працуюць у нас.

Амбасадар Бэрнд Аляксандр Байерль, які адкрываў выставу, кажа, што для дыпляматычнага прадстаўніцтва год выдаўся вельмі плённым, бо «супадае з Годам культуры ў Беларусі».

«Гэта выстава — адна з частак мазаікі вельмі шырокай ініцыятывы супрацоўніцтва», — распавядае амбасадар і зазначае, што яны падтрымліваюць ня толькі праекты ў галіне клясычнага мастацтва, але і сучаснага.

«Я лічу вельмі важным падтрымаць менавіта сучаснае мастцтва, — кажа спадар Байерль. — У вас выдатная адукаваныя моладзь. І гэта тое, што што яны насамрэч хочуць бачыць. У гэтым культурным сэзоне мы робім розныя рэчы — зьвяртаемся і да клясычнай музыкі, якую людзі асацыююць з Аўстрыяй, і з рэчамі, якіх ад нас не чакаюць. Гэта вельмі важны аспэкт. І я асабіста рады, бо гэта штосьці, што цяжка зразумець, але, у той жа час, гэта выклік для моладзі».

Мастачка Катарына Кафф кажа, што з пабачанага ў беларускай вёсцы «савецкасьць» яе ўразіла найбольш. У выніку ў 9 карцінах яна распрацавала сучасны вобраз «калгасьніцы», у бястварных выявах якога добра пазнаюцца савецкія плякаты.

«З аднаго боку, гэта быў моцны вобраз, з другога, ты разумееш, што гэта проста прапаганда. Калі мы былі ў вёсках, мы сустракалі шмат жанчынаў, і зразумелі, што шмат працы дагэтуль робіцца жанчынамі».

Катарына Кафф
Катарына Кафф

Свой праект Катарына назвала Marezi. «Гэта марка малочных прадуктаў у Аўстрыі, і яе сымбаль таксама жаночы, — кажа мастачка. — Я думаю, што паміж беларускімі і аўстрыйскімі сельскімі работніцамі няма вялікай розьніцы».

«Калгасныя» сельгаспабудовы па ўсёй Беларусі выглядаюць аднолькава і, бадай, яшчэ не натхнялі нікога зь беларускіх мастакоў. Але натхнілі студэнтку з Аўстрыі Вераніку Зенгзбратль. Яна пабачыла ў гэтых будынінах адмысловы стыль і перанесла яго на свае карціны:

«Я была ўражаная беласьцю будынкаў і палёў, — кажа мастачка. — Будынкі пафарбаваныя ў белае і звонку і знутры. Але таксама і форма гэтых будынкаў натхніла мяне, мне гэта было цікава».

Вераніка Зенгзбратль
Вераніка Зенгзбратль

Размаўляць з простымі «калгасьнікамі» студэнтам было цяжка — у групе па-расейску гаварыў толькі адзін чалавек. Затое глядзець амаль ніхто не забараняў, калі не лічыць таго, што ад пачатку студэнтаў хацелі абмежаваць наведваньнем гаспадаркі «Снов». Яе яны адразу распазналі як «выставачна-турыстычную» і папрасілі адвезьці іх у сапраўдныя «калгасы».

«Некаторыя зь іх выглядалі закінутымі, — распавядаюць яны. — Недзе не было вады, выгодаў». «Але я ня ведаю, ці адчувае сябе шчасьлівым чалавек, калі ў яго няма ўнітаза, — сьмяецца Штэфан. — Можа і адчувае».

«Чаму ў краіне, дзе няма прыватнай уласнасьці, столькі платоў?» — жартам пытаецца Фэлікс Пухакер. Разам са Штэфанам Брадмаерам яны зрабілі інсталяцыю «Усе жаўткі яйка», якая ўзнаўляе бэтонныя платы ў беларускай вёсцы. Усе ўдзельнікі выставы хорам распавядалі, як іх уразілі платы, яскрава пафарбаваны з боку вуліцы і шэрыя звонку.

Штэфан Брадмаер і Фэлікс Пухакер
Штэфан Брадмаер і Фэлікс Пухакер

«Мы ўзьнялі пытаньне пра індустрыялізацыю і індывідуалізм у мастацкім працэсе, — тлумачыць Штэфан. — У нас 70 такіх кавалкаў, бэтонных модуляў. У Беларусі гэта модулі заводзкай вытвочрасьці, яны ўсе аднолькавыя і лёгка замяняльныя. А ў нас яны ўсе розныя — па форме, па вышыні», — працягвае Штэфан. Бэтонныя модулі «упрыгожаныя» плошкамі, якія імітуюць часткі шкарлупы. «Яны ўсе зробленыя з аднолькавага матэрыялу, але кожны зь іх унікальны», — тлумачыць Штэфан, згадваючы намаганьні беларускіх вяскоўцаў упрыгожыць свае двары фігурамі жывёлаў з плястыкавых бутэлек.

Леа Люнгер у беларускай вёсцы знайшоў савецкі прапагандысцкі буклет. «Неўзабаве пасьля гэтага падарожжа я трапіў у Ню-Ёрк і там пабачыў рэклямнае выданьне, дзе выкарыстоўваліся вельмі падобныя сымбалі, — кажа ён, распавядаючы пра свой калаж «К для...»

Леа Люнгер
Леа Люнгер

«Я склаў сымбалі з абодвух буклетаў разам як пасьлядоўнасьць, як пэчварк, — кажа мастак. — Разам яны ствараюць новыя сэнсы, новы наратыў, новыя сымбалі, якія прыходзілі ў маю галаву, калі я думаў пра камунізм і капіталізм. Капіталізм — гэта пануючая сыстэма, якая цяпер паўсюль. Камунізм — гэта проста ідэя. І кожны з сымбаляў ты можаш праінтэрпрэтаваць па-свойму».

Мэлані Людзьвіг прадстаўляе на выставе абʼект «Целы, якія працуюць». Яна шмат займалася анімацыяй і за аснову для сваёй ідэі ўзяла выяву жанчыны з торбай для пакупак.

Мэлані Людзьвіг
Мэлані Людзьвіг

«Для гэтай выставы я зрабіла машыну, якая рухае целы, — распавядае Мэлані. — Мяне цікавяць стасункі паміж людзьмі і машынамі, як гэта працуе. Я думала пра розныя віды працы, што я магу паказаць. І я вырашыла паказаць жанчыну з пакетам для пакупак. Каб паказаць гэтае кола — вытворчасьці, каб зарабіць грошы, каб выдаткаваць грошы, каб набыць нешта, і пачаць ізноў. Гэта такая маленькая мадэль вавёрчынага кола. І ідэя кансʼюмэрызму — гэта частка агульнай ідэі выставы».

Яшчэ адна ўдзельніца выставы, украінка Марыя Жарый, жыве ў Аўстрыі ўжо восем год. Матэматык паводле адукацыі, цяпер яна вучыцца ва Ўнівэрсытэце мастацтваў і кажа, што гэта дапамагае ёй пераадолець шматлікія жыцьцёвыя абмежаваньні — ад паходжаньня да нацыянальнасьці. На выставе ў яе дзьве працы: скульптура «High waste» і відэаінсталяцыя «Шум розуму» — урокі ёгі, якія суправаджаюцца чытаньнем мануалаў для тэхнічных прыладаў:

«Мая асноўная тэматыка — жанчыны на Ўсходзе і на Захадзе, і тое, як заходняя культура цяпер распраўсюджваецца на Ўсходзе. Я стаўлю пад пытаньне заходні „лайфстайл“, які прыходзіць на „усход“. Мяне турбуе, што некаторыя рэчы не адпавядаюць культуры. Іх пераймаюць, не задумваючыся пра тое, што гэта азначае і што гэта прыносіць, як яно ўплывае на культуру, а ўплыў можа быць і пазытыўны, і нэгатыўны».

Марыя кажа, што ў яе ўяўленьні сёньняшні беларускі калгас — гэта бедныя людзі, якія пастаўляюць прадукцыю ў гарады. Паводле яе назіраньняў, горад нашмат больш разьвіты, чым вёска, а сама ідэя «калгасу» як гаспадаркі, дзе людзі падтрымліваюць адзін аднаго, дапамагаюць, страціла сваё значэньне.

15 лістапада Марыя разам зь іншымі ўдзельнікамі выставы выпраўляецца ў адну зь вёсак у Маладэчанскім раёне, каб заняцца ёгай разам зь мясцовымі жыхаркамі.

Выкладчыкі, якія прыехалі суправаджаць студэнтаў, кажуць, што адзнак за свае мастацкія працы яны не атрымаюць. «Ацэньваецца сам працэс, сама ідэя», — кажуць яны. Але выставай у Менску яны цалкам задаволеныя.

«А навошта вам малако?» — у пэрформансе Ата і Аляксандры тазік з малаком ніяк не задзейнічаны. — «Мы ўзялі малако проста, каб раздражняць людзей. Мы не хацелі яго кранаць. Просто працавалі як робаты».

Выстава «Калгас Лактоза Осмас» працягнецца ў прасторы «Цэх» да 16 лістапада.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG