Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы грузаперавозчыкаў ведамствы сьпіхваюць адно на адно


Грузаперавозчыкі ня трацяць спадзяваньняў дамовіцца з чыноўнікамі наконт амністыі штрафаў, выпісаных за першыя тры месяцы карыстаньня платнымі дарогамі сыстэмы BelToll у тэставым рэжыме. За дзень да заплянаванай на 4 лютага акцыі пратэсту быў затрыманы і асуджаны яе ініцыятар Сяргей Штода, сёньня на прыём у Савет міністраў пайшоў ягоны калега Алег Новікаў. Прадпрымальнікі лічаць вялізныя спагнаньні незаслужанымі — па выніках «экспэрымэнту» некалькім тысячам грузаперавозчыкаў прыйшлі рахункі на сумы да 100 тысяч эўра.

Алега Новікава, прадстаўніка грузаперавозчыкаў, якія пратэстуюць супраць неадэкватных штрафаў за карыстаньне платнымі дарогамі ў першыя месяцы эксплюатацыі сыстэмы BelToll, сёньня прыняў намесьнік міністра фінансаў Дзьмітры Кійко. Хоць адпачатку абяцалі аўдыенцыю ў міністра Ўладзімера Амарына, высьветлілася, што той адляцеў у Маскву. Па выніках размовы з чыноўнікам Алег Новікаў расказаў Радыё Свабода наступнае:

«Намесьнік міністра паінфармаваў, што ў іх цяпер на абмеркаваньні, якія ёсьць дакумэнты зь Міністэрства транспарту. Калі рэзюмаваць пачутае? „Так, мы бачым, так, мы разумеем“. Але! Якасьць дакумэнтаў, юрыдычная граматнасьць, тэхнічная кампэтэнцыя экспэртызаў зь Мінтрансу не дазваляюць фінансаваму ведамству іх падпісаць і ініцыяваць разгляд у Савеце міністраў. То бок паўтара года, прабачце, займаліся нейкай лухтой, бо расьпісаліся ў няздольнасьці скласьці элемэнтарны дакумэнт.

Пазыцыя дзяржавы, груба кажучы, такая: а навошта гэта ўсё нам патрэбна

У першапачатковым дакумэнце, які быў адпраўлены летась у Мінфін, Мінтранс даў сваё заключэньне — уносіліся папраўкі, якімі „амніставаліся“ парушальнікі ў першы час працы сыстэмы. З чым, у сваю чаргу, не пагадзіўся Мінфін, хоць у Мінтранса ёсьць нармальная магчымасьць ідэнтыфікаваць тыпы парушэньняў. Асноўнымі прэтэнзіямі былі недаплаты, тэхнічныя збоі і г.д. У прынцыпе, гэтага было дастаткова, каб Мінфін усё зацьвердзіў. Адправілі на дапрацоўку ў Мінтранс, адзначыўшы гэты аспэкт. Тыя ўзялі яго, прыбралі — і цяпер на абмеркаваньні нейкі ўрэзаны „кастрат“, які не дазваляе нам вырашыць асноўныя праблемы, а менавіта зьніжэньне вось гэтых штрафаў на момант пачатку функцыянаваньня сыстэмы. Пазыцыя дзяржавы, груба кажучы, такая: а навошта гэта ўсё нам патрэбна?»

Прадпрымальнікаў абурае, што звышпрыбытковы праект спаганяньня платы за праезд па стратэгічных аўтатрасах, які прыносіць у дзяржаўную казну сотні тысяч эўра штодзень, не вырашае элемэнтарных задачаў. У той жа час справаздачы пра «ўпарадкаваньне сыстэмы кантролю» вартыя калі ня сьмеху, то жалю, мяркуе спадар Новікаў:

«Тое, што ў праекце пастановы зьменшыўся тэрмін афармленьня акту транспартнай інспэкцыяй — ад 30 да 15 дзён — дык гэта першы кляс, другая чвэрць. Накуплялі аднадаляравых бартавых прыстасаваньняў, якія потым прадаюць па 50 эўра пад заклад, і ня могуць арганізаваць смс-апавяшчэньне, то пра што гаворка? На самай таннай інтэрнэт-краме пакідаеш заяўку — і табе прыходзіць эсэмэска: дарагі сябра, вы пакінулі замову, з вамі зьвяжацца мэнэджэр. А сыстэма, якая ў дзень зарабляе да 200 тысяч эўра, будзе праз 15 дзён дасылаць акт! Каб ты за два тыдні яшчэ на 5 тысяч эўра наезьдзіў, разумееце? Вось гэта ўсё, дзеля чаго мы паўтара года зь Сяргеем Штодам хадзілі, грушы акалочвалі ў міністэрствах. Гэта проста дзіцячы садок. Ты выедзеш на дарогу, там гэтыя новыя мікрааўтобусы, у якіх сядзяць транспартнікі, на кожным участку платных дарогаў абавязкова стаяць, альбо на пачатку, альбо ў канцы. Ну чаму нельга нармальныя тэхналёгіі прыкруціць да ўсяго гэтага? Ды хапае ўжо грошай, за паўтара года назьбіралі. Гэта ня бог ведае якая праблема. Гэта задача праграмная, каб арганізаваць смс-апавяшчэньне».

Алег Новікаў расказаў, што падчас сёньняшняй сустрэчы з намесьнікам міністра фінансаў Дзьмітрыем Кійко ўзьняў пытаньне арышту свайго калегі Сяргея Штоды. Ён заклікаў спыніць рэпрэсіі супраць актыўных прадпрымальнікаў, пакуль дзяржаўныя ведамствы самі не паразумеюцца, якім чынам «прыручыць» новую справу як для сябе, так і для тысяч удзельнікаў рынку перавозак:

Адкуль у чалавека будзе спакой, калі ў яго з рук вырываюць ягоны бізнэс, ягоную ўласнасьць, якія ён зарабіў сваёй працай?

«Я разумеў, што гэта збольшага бессэнсоўна, але ўсё ж агучыў просьбу ў гутарцы з намесьнікам міністра — ён яе, дарэчы, па-мойму, нават не запісаў, так падалося. У прыватнасьці, каб была прыпыненая працэдура закрыцьця рахункаў, зьмяшчэньня транспартных сродкаў на штрафстаянкі, іншымі словамі, амністыя ўсіх нібыта даўжнікоў па запазычанасьцях пачатку пэрыяду дзеяньня сыстэмы BelToll. Таму што калі насамрэч ідзе абмеркаваньне — а ён ня раз падкрэсьліваў, што на дадзены момант вядзецца сур’ёзная праца паміж міністэрствамі і ведамствамі, што гэта атрымала вялікі грамадзкі рэзананс, адміністрацыя прэзыдэнта ў курсе, ва ўсіх рукі на пульсе — прыпыніце імпэт.

Я так і сказаў: пачакайце, калі на пульсе, то чаму Штоду забралі? Напэўна, таму, што ў чалавека нэрвы ня вытрымалі, мабыць, ня з бухты-барахты ён там, нават калі і пачаў лаяцца. Адкуль у чалавека будзе спакой, калі ў яго з рук вырываюць ягоны бізнэс, ягоную ўласнасьць, якія ён зарабіў сваёй працай? Гэта трэба быць абсалютным флегматыкам, каб пры ўсім гэтым заставацца з халодным розумам і сэрцам. Кажу — дык давайце, можа, пакуль спынім гэтыя рэпрэсіі? Натуральна, атрыманы адказ, што гэта не ў ягонай кампэтэнцыі. І я цудоўна яго разумею».

У 2013 годзе ў Беларусі была ўведзена сыстэма платных дарог. На этапе рэалізацыі праекту Міністэрства транспарту прапанавала аўстрыйскаму інвэстару пачаць выкарыстоўваць сыстэму ў тэставым рэжыме: перавозчыкаў абавязалі ўсталяваць бартавыя прыстасаваньні, але не паклапаціліся, каб навучыць кіроўцаў імі карыстацца, арганізаваць пункты папаўненьня рахункаў і г.д. У выніку грузаперавозчыкі выходзілі на маршруты, не падазраючы, што нешта парушаюць. Пачаўшы атрымліваць штрафы, прадпрымальнікі прапанавалі профільным ведамствам амніставаць спагнаньні за тэставы пэрыяд. Зацікаўленьня з боку чыноўнікаў пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG