Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка, Мэркель і Алянд: ня можа быць папярэдніх умоў для пасяджэньня кантактнай групы


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка правёў тэлефонную размову з фэдэральным канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам.

У часе гутаркі было ўзгоднена, што ня можа быць ніякіх папярэдніх умоў для правядзеньня пасяджэньня Трохбаковай кантактнай групы. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта Парашэнкі.

Парашэнка, Мэркель і Алянд настойваюць на безумоўным і неадкладным спыненьні агню, паколькі працягваецца эскаляцыя канфлікту і расьце колькасьць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва.

Суразмоўцы выступаюць за вяртаньне да ўсіх без выключэньня пунктаў Менскіх дамоўленасьцей, бо толькі яны зьяўляюцца асновай для мірнага ўрэгуляваньня сытуацыі на Данбасе.

Парашэнка, Мэркель і Алянд выказалі расчараваньне з нагоды таго, што Трохбаковая кантактная група не дамаглася прагрэсу на апошнім пасяджэньні ў Менску.

У той жа час прэзыдэнт Парашэнка адзначыў неабходнасьць афіцыйнай рэакцыі ад Расеі як боку Менскіх дамоўленасьцей, на зрыў працы Трохбаковай кантактнай групы.

Раней удзельнікі Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны канстатавалі зрыў перамоваў з-за пазыцыі груповак «ДНР» і «ЛНР». Прадстаўнікі так званых «ЛНР» і «ДНР», якія прысутнічалі падчас сустрэчы, «не былі здольныя абмяркоўваць прапановы, прапанаваныя групай».

У рэчаіснасьці, яны не былі нават гатовыя абмяркоўваць выкананьне рэжыму спыненьня агню і адводу цяжкага ўзбраеньня.

"У рэчаіснасьці, яны не былі нават гатовыя абмяркоўваць выкананьне рэжыму спыненьня агню і адводу цяжкага ўзбраеньня. Замест гэтага яны заклікалі перагледзець пратакол і мэмарандум. Сустрэча была адкладзеная«,— адзначылі ў АБСЭ.

31 студзеня сустрэча ў Менску трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны праходзіла ў суботу больш за 4 гадзіны. Удзел у пасяджэньні прынялі спэцпрадстаўнік старшыні АБСЭ Хайдзі Тальявіні, экс-прэзыдэнт Украіны Леанід Кучма, амбасадар Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў, лідэр руху «Ўкраінскі выбар» Віктар Медзьвядчук, а таксама прадстаўнікі ўзброеных груповак «ДНР» Дзяніс Пушылін і «ЛНР» — Уладзіслаў Дэйнэга. Ні пра якія дамоўленасьці па завяршэньні паседжаньня прэсе не было абвешчана.

Акрамя таго, паводле ўдзельніка перамоў Леаніда Кучмы, кансультацыі ў Менску па мірным урэгуляваньні сытуацыі на Данбасе сарвалі сваёй няяўкай лідэры груповак «ДНР» і «ЛНР» Аляксандр Захарчанка і Ігар Платніцкі, на прысутнасьці якіх настойваў украінскі бок.

У апошнія дні асабліва інтэнсіўныя ўзброеныя сутыкненьні адбываліся ў раёне Дэбальцава, дзе сэпаратысты і расейскія вайскоўцы спрабуюць атачыць украінскія войскі.

Паводле зьвестак украінскага камандаваньня, апублікаваных 1 лютага, за папярэднія 24 гадзіны ў баях ля Дэбальцава і ў прылеглых раёнах былі забітыя 13 і параненыя 20 украінскіх салдат. За той жа пэрыяд ахвярамі баявых дзеяньняў сталі не менш як 17-ці мірных жыхароў. Усяго з красавіка мінулага года ахвярамі канфлікту сталі больш за 5 тысяч 100 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG