Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пра што казала Алексіевіч на прэзэнтацыі ў Менску. Сьцісла


Сьвятлана Алексіевіч і вядоўца імпрэзы Аляксандар Лукашук

Сьвятлана Алексіевіч і вядоўца імпрэзы Аляксандар Лукашук

На першым выступе на радзіме пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі пісьменьніца казала пра жаданьне пісаць далей, пра зло ўсярэдзіне кожнага з нас, пра Чарнобыль і пра Саўчанку... Сустрэча доўжылася каля трох гадзін.

14 красавіка Сьвятлана Алексіевіч упершыню публічна выступіла на радзіме пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі. Выступ і адказы на пытаньні чытачоў адбыліся падчас прэзэнтацыі кнігі «Алексіевіч на Свабодзе» ў менскім Палацы Рэспублікі. Заля стоячы вітала пісьменьніцу, выстройвалася ў доўгую чаргу па аўтографы пасьля імпрэзы.

Пра што казала Алексіевіч?

• Пісаць заўсёды цяжка, Нобэлеўская прэмія ня зробіць гэта прасьцей ці цяжэй. «Нобэль асобна, я асобна». Ня лічыць сябе выбітнай. Пасьля прэміі ўсё яшчэ цікава пісаць. Працы хопіць яшчэ на год 20. Ад «маленькага чалавека» не адступіцца.

• Зло — гэта ня толькі ўмоўны Лаўрэнці Берыя, але і простая цётка Воля, якая даносіць на свайго брата. Чалавек зьверху акумулюе тое, што схаванае ў душы масаў. З народу можна зрабіць і дубіну, і абраз.

• Улада нечым падобная да Міжгорʼя, былой рэзыдэнцыі Януковіча, дзе звонку веліч, а ўсярэдзіне залаты батон і прасьціны з уласным партрэтам. Магчыма, беларусы таксама змогуць пабачыць сваё Міжгорʼе са сваімі залатымі батонамі.

• У нас культ пакутаў у рэлігіі, у літаратуры, ва ўсіх сфэрах. А пакуты разбэшчваюць і ката, і ахвяру.

• У 90-я гады бегалі па плошчах і крычалі пра свабоду, думалі, што ад гэтага яна народзіцца. Але яна аказалася больш жорсткай рэччу, больш прагматычнай і матэрыяльнай, чым чакалі. Мы яшчэ ня ведаем, што гэта такое.

• Беларусаў абʼяднае Чарнобыль (на жаль), мова і культура, каб мы заявілі пра сябе як пра нацыю.

• «Чарнобыльскі шлях» — тое малое, што засталося з супраціву таму, каб забыцца пра Чарнобыль, каб збудаваць АЭС, нібы ў нас не было яго. Мы яшчэ не зразумелі Чарнобылю, гэта праблема на некалькі пакаленьняў.

• Галоўная небясьпека дыктатуры — яна прымітыўная. Для яе няма праблемаў Чарнобылю, культуры... А калі і ёсьць, то ў спрошчаных варыянтах.

• Тое, што расейская тэлевізія робіць у сытуацыі з Украінай, — гэта злачынства. Украінцы не пагаджаюцца, што ў іх грамадзянская вайна, кажуць, без Расеі даўно б з усім разабраліся. Алексіевіч сама магла б пайсьці на Майдан, але пазваць іншых наўрад ці змагла б, бо ня лічыць, што мае права на чужое жыцьцё.

• Ня думала, што сустрэне яшчэ калі-небудзь героя кнігі «Ў вайны не жаночае аблічча». Але Саўчанка — якраз такі герой.

• Мо, людзі і чыталі ўсё меней, але цяпер надыходзіць час кнігі, чытаюць усё болей. Гэта адчуваюць і выдаўцы, і пісьменьнікі. Але цэны на кнігі загадкавыя: прадаваць дазволілі, але купляць складана. Але некаторыя купляюць, бо лічаць, што мусяць. Гэта галоўны камплімэнт.

• Як можна сурʼёзна ўспрымаць Ананіч, калі яна кажа, нібы ўсе правы на кнігі Алексіевіч у расейскага выдаўца, таму іх няма па-беларуску? У расейскага выдаўца правы на расейскамоўныя выданьні. Галоўнага рэдактара «Мастацкай літаратуры» спыталі, чаму няма кніг Алексіевіч. Сказаў, бо не прынесла рукапіс. А калі прынясе? «У нас яшчэ 500 рукапісаў на 5 год...». [Пасьля параўнаньня беларускай улады з папуасамі і слоў пра Ананіч вядоўца АНТ Вадзім Гігін выйшаў з залі].

• Каханьне — гэта суцяшэньне, каб ня страшна было памерці.

• Жыцьцё адзінае, у нашыя смутныя часы важна захаваць у сабе чалавека. Будзе новы час — і яму будуць патрэбныя новыя людзі.

Глядзіце поўнае відэа прэзэнтацыі кнігі «Алексіевіч на Свабодзе» на Youtube, слухайце аўдыё на Soundcloud, пампуйце гэтую кнігу і іншыя бясплатна зь «Бібліятэкі Свабоды»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG