Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дзень да забойства Шарамет не выказваў занепакоенасьці сваёй бясьпекай, — ягоны калега з Кіева


Андрэй Кулікоў, архіўнае фота

Андрэй Кулікоў, архіўнае фота

Украінскі журналіст Андрэй Кулікоў за дзень да забойства Паўла Шарамета размаўляў зь ім у эфіры «Грамадзкага радыё».

Гэта было апошняе інтэрвію беларускага журналіста. На наступны дзень раніцай ён загінуў пры выбуху ў аўтамабілі, у якім ехаў на працу. Свабода пагутарыла з Андрэем Куліковым пра апошняе інтэрвію Паўла Шарамета.

— Андрэй, ці было ў вас адчуваньне, што гэта ваша апошняя размова і апошняя сустрэча з Паўлам? Можа, нейкія моманты ці выказваньні Паўла ў часе інтэрвію вас насьцярожылі?

— Адчуваньня такога не было. Не было і насьцярожанасьці. Пасьля інтэрвію мы яшчэ гутарылі, ён быў такі, які ён быў зазвычай: жартаваў, усьміхаўся. На разьвітаньне Павал сказаў: «Будзем на сувязі!». І гэта спраўдзілася, таму што сувязь з Паўлам Шараметам не прыпыняецца, ён жыве ў нашай памяці. У нас была размова ўжо пасьля інтэрвію, хвілін пяць мы стаялі на ганку, і ён гаварыў пра тое, што яго турбуе ў сучаснай Украіне. Але я не заўважыў ніякай занепакоенасьці ўласнаю бясьпекаю. Мне здаецца, што Павал быў такі чалавек, які не хацеў бы іншых абцяжарваць сваімі праблемамі, ён іх сам пераадольваў. Ён не адмаўляўся ад дапамогі, калі яна была своечасовая, але прасіць пра дапамогу ці казаць камусьці, як яму кепска — не, гэта было зусім не ягонае.

— Павал вам скардзіўся на тое, што за ім сачылі?

— Гэтую тэму мы зь ім не абмяркоўвалі. Але я ведаў, што такое было яшчэ з таго часу, калі пра гэта гаварыла Алена Прытула.

— Заўтра ў Кіеве адбудзецца цырымонія разьвітаньня з Паўлам. На вашу думку, ці патрэбныя на гэты час дадатковыя захады бясьпекі?

— Я не магу адказаць на гэтае пытаньне, бо яно ў кампэтэнцыі праваахоўных органаў. Ад учорашняга дня ў “Медыя-прастору”, у будынак, дзе знаходзіцца «Ўкраінская праўда» прыходзяць усе, хто хоча аддаць пашану гэтаму выдатнаму чалавеку.

— Учора на акцыі памяці Паўла Шарамета вы гаварылі на беларускай мове. Адкуль вы ведаеце беларускую мову і ці былі ў вас «моўныя дыскусіі» з Паўлам?

— На тэму беларускай мовы мы размаўлялі кожны раз, калі сустракаліся. Адкуль я ведаю беларускую мову? Калі мне было каля 13 гадоў, мая бабуля, якая працавала дыктарам Украінскага радыё, сказала: «А зараз я табе дам паслухаць цудоўную мову» і ўключыла стары радыёпрымач. Так я ўпершыню ў жыцьці пачуў праграму зь Менску.

Адразу захапіўся гэтай цудоўнай мовай, у якой столькі падобнага і ў той жа час столькі адметнага ад украінскай мовы. Мне здаецца, што чалавек, які ведае ўкраінскую мову, ня можа не разумець беларускую, і наадварот. Трэба як мага больш слухаць адзін аднаго, таму што, хоць размаўляем мы па-рознаму, але ў гэтым мы знаходзім і тое, што нас аб’ядноўвае, і тое, што нас адрозьнівае. Часам, вядома, бывае нязгода, што і казаць, нават у нашай гісторыі былі такія моманты.

З Паўлам мы размаўлялі на гэтую тэму, і ў апошнім інтэрвію ён сказаў, што зьмяніў сваё стаўленьне да беларускай мовы, пачаў яе шанаваць і разумець тых людзей, якія баранілі і бароняць беларускую мову.

— На якой мове вы часьцей размаўлялі з Паўлам?

— Пераважна мы размаўлялі на расейскай мове, але часта я намагаўся размаўляць па-беларуску, бо я намагаюся выкарыстаць кожную такую магчымасьць. Часта размаўляў зь ім і па-ўкраінску.

XS
SM
MD
LG