Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Позьні СССР быў тыграм без зубоў, чаго ня скажаш пра цяперашнія беларускія ўлады, — Ярашук


Аляксандар Ярашук

Аляксандар Ярашук

«Калі беларускі рэжым каго і баіцца, то выключна рабочых», — кажа лідэр незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук у інтэрвію з нагоды 25-годзьдзя менскіх страйкаў.

Калі хто выведзе беларускіх рабочых на масавыя акцыі пратэсту, то гэта будуць ня лідэры прафсаюзнага руху і не апазыцыйныя палітыкі, а самі беларускія ўлады.

Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

Гэтымі днямі спаўняецца 25 год страйку рабочых у Менску ды іншых беларускіх гарадах, які нанёс моцны ўдар па камуністычнай сыстэме. Свабода спыталася ў старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука: ці могуць паўтарыцца масавыя выступы рабочых у сёньняшняй Беларусі?

Ярашук кажа, што сытуацыя ў 1991 годзе значна адрозьніваецца ад таго, што адбываецца ў Беларусі цяпер.

«Зьнешне сытуацыя падобная, бо і тады мы бачылі сур’ёзнае становішча ў эканоміцы, вялізарныя праблемы з заробкамі. Тады гэта трансфармавалася ў акцыі пратэсту. Цяпер гэтага быццам бы таксама можна чакаць, але, з другога боку, напэўна, ня вельмі, бо людзі баяцца. Галоўнае адрозьненьне ў тым, што тады людзі не баяліся. Мы ведаем, што позьні Савецкі Саюз уяўляў сабой тыгра без зубоў. Сёньняшняя ўлада значна больш жорсткая», — кажа ён.

Ярашук зьвяртае ўвагу на тое, што 25 год таму ў Савецкім Саюзе адбывалася шмат бурных падзей, масавыя дэманстрацыі не былі нечым выключным, таму да тых пратэстаў рабочых улады ставілася ня так нэрвова. Сёньняшнія беларускія ўлады вельмі пільна сочаць за настроямі рабочых і баяцца, каб аналягічныя пратэсты не адбыліся.

«Гэтая жорсткая аўтарытарная ўлада ў стане кантраляваць сытуацыю, і яна яе кантралюе. У тым ліку — што тычыцца заробкаў. Так, яны значна ніжэйшыя, чым былі некалькі гадоў таму, але яны выплочваюцца.
На прадпрыемствах скарочаны працоўны графік, бывае, што людзі проста прыходзяць на працу і нічога ня робяць, але, тым ня менш, яны сваю пайку атрымліваюць.
Мне падаецца, што менавіта два гэтыя чыньнікі (страх і заробкі. — РС) стрымліваюць незадаволенасьць, рост сацыяльнай напружанасьці, хоць ён, безумоўна, адбываецца», — кажа кіраўнік БКДП.

Ярашук не гатовы рабіць прагноз, як доўга ўлада будзе здольная кантраляваць сытуацыю. Ён лічыць, што сацыяльна-эканамічнае становішча будзе толькі пагаршацца, тым больш што ўлада, відаць, так і не наважыцца на паўнавартасныя рэформы.

«Сытуацыя аднойчы можа выйсьці з-пад кантролю. Але ці адбудзецца гэта і калі адбудзецца, цяпер цяжка прагназаваць. Сытуацыя пакуль не зьяўляецца для беларускага рэжыму крытычнай», — падкрэсьліў лідэр незалежных прафсаюзаў.

Ярашук кажа, што беларускія ўлады і далей будуць «працягваць палітыку заігрываньня з рабочымі, асабліва што тычыцца буйных сталічных прадпрыемстваў». Улады бачаць у пратэстах рабочых галоўную для сябе пагрозу, упэўнены лідэр незалежных прафсаюзаў.

«Калі беларускі рэжым каго і баіцца ў сваёй краіне, то выключна сваіх уласных рабочых.

Менавіта ў рабочым клясе ён бачыць галоўную небясьпеку і пагрозу. Але насамрэч у беларускага рэжыму найбольшы вораг — не ў асобе рабочага клясу, а ў яго ўласнай асобе, уласнай палітыцы.

Менавіта гэтая сацыяльна-эканамічная палітыка, шмат у чым цемрашальская і дзікунская, падштурхоўвае рабочых да таго, каб рана ці позна выйсьці на вуліцу. Таму што, з аднаго боку, падаюць заробкі і ўсё цяжэй становіцца жыць, а з другога боку — закручваюцца шрубы, мы бачым прыняцьце гэтых абсалютна недарэчных дэкрэтаў і ўказаў. Усё гэта ў сукупнасьці і стварае галоўную пагрозу для рэжыму.

Калі хто выведзе рабочых Менску на вуліцы, то гэта будуць ня лідэры прафсаюзнага руху (якія, дарэчы, і 25 гадоў таму не выводзілі) і не палітыкі — гэта будзе выключна заслуга беларускага рэжыму. І, як мне падаецца, ён цяпер і займаецца заўзята тым, каб гэта ўрэшце адбылося. Магільшчыкам гэтай сыстэмы ўлады ў канчатковым выпадку будзе рабочы кляс, але яго да гэтага падводзяць самі ўлады», — упэўнены Ярашук.

XS
SM
MD
LG