Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сікорскі пра Лукашэнку: «З драпежніка цяжка зрабіць вэгетарыянца»


«Далейшы лёс дыялёгу паміж Менскам і Захадам будзе залежыць ад зьяўленьня новых палітвязьняў у Беларусі» — сказаў у інтэрвію Свабодзе былы міністар замежных справаў Польшчы, аналітык Цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў у Гарвардзе Радослаў Сікорскі.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году Сікорскі разам з тагачасным міністрам замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле сустрэўся ў Менску з Аляксандрам Лукашэнкам і паабяцаў фінансавую дапамогу Беларусі за правядзеньне сумленных выбараў. Выбары 19 сьнежня скончыліся жорсткім разгонам дэманстрацыі ў Менску і арыштам сотняў удзельнікаў.

Гурневіч: Спадар Сікорскі, ці сочыце вы за тым, што адбываецца ў Беларусі, і што, у прыватнасьці, у суботу і нядзелю адбывалася ў Менску, і іншых гарадах?

Сікорскі: Так. Учора, у 60-ую гадавіну падпісаньня рымскіх дамоўленасьцяў, якія аформілі сёньняшні Эўразьвяз, у мяне былі сумныя думкі. Дзякуючы таму, што Польшча далучылася да Эўразьвязу, у нас пратэсты супраць сваёй улады адбываюцца мірна. А ў Менску, на жаль, патрэбная большая ахвярнасьць, каб засьведчыць, што гэта таксама эўрапейская краіна.

Гурневіч: Апошнія два гады працэсы ў Беларусі многія называлі лібэралізацыяй. Польскія палітыкі, і брусэльскія чыноўнікі, аднаўлялі кантакты з афіцыйным Менскам. Многія лічылі, што адбываецца павольны паварот Беларусі да Эўропы? Сёньня тыя ж палітыкі, у Варшаве і Брусэлі, кажуць зусім іншыя словы. Што пайшло ня так?

Сікорскі: Спробам цывілізаваць дыктатара Беларусі ўжо 20 гадоў. З драпежніка цяжка зрабіць вэгетарыянца. Вельмі шкада, што Беларусь можа страціць шанец на нармальныя адносіны з Эўразьвязам. Іх гарантыяй да ўчорашняга дня быў факт, што ў Беларусі няма палітычных вязьняў. Я спадзяюся, што іх і ня будзе, і што Лукашэнка, прынамсі, зможа лявіраваць паміж Расеяй і Эўразьвязам. Асабіста я прыхільнік больш адважнай праэўрапейскай палітыкі Беларусі і ўсё яшчэ на гэта спадзяюся.

Гурневіч: Год таму польскі міністар замежных справаў Вітальд Вашчыкоўскі наведаў Менск і сустрэўся з Лукашэнкам. Многія назвалі гэта заўчасным візытам. Гэта была памылковая паездка?

Сікорскі: Гэта ўжо ня першы польскі ўрад, які спрабуе даць Лукашэнку цікавыя прапановы. Я падтрымліваю такую палітыку, я і сам спрабаваў так рабіць. Але трэба заўсёды разумець з кім мы маем справу. Празьмерная цеплыня выказваньняў пра чалавека, гісторыю каторага ўсе ведаюць, заўсёды вельмі рызыкоўная.

Гурневіч: У вас няма дэжа вю, што паўтараецца 2010 год і наступствы вашага візыту ў Менск?

Сікорскі: Тады стаўка была значна вышэйшая. У Беларусі быў шанец атрымаць вельмі вялікую дапамогу. Мы тады называлі лічбу — гэта 3 мільярды эўра. Калі казаць з жорсткай шчырасьцю, то ўзамен мы хацелі атрымаць менш нахабную фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў. Але выбары былі сфальсыфікаваныя яшчэ больш нахабна, а ўсе канкурэнты Лукашэнкі апынуліся за кратамі. Гэта быў адказ кіраўніка Беларусі на нашу прапанову. Сёньня сытуацыя трошкі іншая. Цэны на нафту мізэрныя, у Масквы скончыліся грошы і падтрымка Беларусі з усходу яшчэ меншая.

Гурневіч: Тым ня менш, Лукашэнка і пасьля жорсткіх арыштаў, ня робіць крытычных заяваў у бок Захаду, ня кажа пра канец збліжэньня з ЭЗ. Ёсьць шанец, што дыялёг будзе працягвацца?

Сікорскі: Шмат што залежыць ад далейшых крокаў Лукашэнкі. Разгон дэманстрацыі яшчэ не сапсуе адносін з Эўразьвязам. А вось калі ў Беларусі зьявяцца палітычныя вязьні, то дыялёг можа спыніцца.

Гурневіч: Эўрапейскія палітыкі часта апраўдвалі збліжэньне зь Менскам новай геапалітычнай рэальнасьцю: вайной ва Ўкраіне, анэксіяй Крыму. Ці дастатковы гэта аргумэнт, ці ўсё ж варта вяртацца да абмежавальных мераў супраць Менску?

Сікорскі: Вынікам эўрапейскай гульні з Лукашэнкам стала вызваленьне палітвязьняў. Гэта пэўная форму ціску на ўладу і абароны беларускай апазыцыі. Трэба мець вельмі абмежаваныя і сьціплыя чаканьні адносна эфэктаў такой палітыкі, але на пэўную рызыку варта ўсё ж ісьці.

Гурневіч: Вы ня толькі палітык, але і былы антыкамуністычны дзеяч у ПНР. Вы бачыце нейкае падабенства ў мэтадах дзеяньня тагачаснай улады ў Польшчы і сёньняшняй у Менску?

Сікорскі: Найперш гэта розныя прапорцыі грамадзкай падтрымкі. Польская апазыцыя ў 70-ыя гады, а асабліва ў 80-ыя, адчувала вялізарную падтрымку грамадзтва. Я думаю, што ў Беларусі гэтыя прапорцыі ўсё яшчэ меншыя.

Гурневіч: У Польшчы зьмена сыстэмы адбылася мірным шляхам. Як, на вашую думку, могуць адбыцца перамены ў Беларусі?

Сікорскі: Самы вялікі ўплыў на Беларусь​, праз кантроль над узброенымі сіламі Беларусі і шырокія эканамічныя ўплывы, агентуру, мае Расея. На маю думку, у Беларусь дэмакратыя прыйдзе ў выніку перамен у Маскве, а не ў самой Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG