Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Раша тудей» будзе піярыць Беларусь


Чаму Дзьмітрыю Кісялёву захацелася «папіярыць» Беларусь? Якія карысьці ад такога піяру атрымае Расея?

Грузьдзіловіч: «На Захадзе вобраз Беларусі складаецца са штампаў, гэта прымітыўны вобраз», — перакананы Кісялёў. А інтэрнэт-плятформа «Спутнік», якая належыць дзяржаўнай агенцыі «Россия сегодня», паводле Кісялёва, мусіць прасоўваць пазытыўны вобраз Беларусі і пазбаўляцца штампаў. Што мае на ўвазе крамлёўскі прапагандыст Дзьмітры Кісялёў? Якія штампы, паводле яго, замінаюць сапраўднаму вобразу Беларусі?

Спачатку прапаную скласьці лінейку штампаў, якія адносна Беларусі існуюць на Захадзе і пры гэтым яны не задавальняюць расейскае і беларускае кіраўніцтва?

Па-першае, як мне бачыцца, гаворка пра такі штамп, як «апошняя дыктатура ў Эўропе», і пра Лукашэнку як апошняга дыктатара. Канешне, пасьля імклівага спаўзаньня Расеі ў шэраг таталітарных краін, пасьля агрэсіі ва Ўкраіне так бы мовіць, лаўры «апошняга дыктатара» з Лукашэнкі нібыта і зьнятыя, ён сам неаднаразова на гэты конт нават жартаваў, што ён ўжо не апошні дыктатар. Гэтаму безумоўна дапамагла пасярэдніцкая місія Беларусі ў канфлікце Расея-Украіна. Але што да непасрэдна прэтэнзій Захаду да стану дэмакратыі ў Беларусі, ня бачна, каб яны істотна зьмяніліся. Гаворка і пра сапраўдныя выбары, і пра падзел уладаў, пра залежнасьць судовай сыстэмы ад выканаўчай улады, шматлікія парушэньні правоў чалавека. На маю думку, чакаць рэальных зьменаў да лепшага ў гэтым накірунку не даводзіцца, экспэрты не прадбачаць нават малой саступкі — дапушчэньня ў парлямэнт хоць некалькіх апазыцыянэраў. І вось на гэтым напрамку намаганьні расейскіх, так бы мовіць, піяршчыкаў беларускага рэжыму могуць прыдацца.

Што яшчэ са штампаў? Прыкладам, ёсьць такое агульнае меркаваньне на Захадзе, што Беларусь — цалкам несамастойная краіна, Лукашэнка ёсьць марыянэткай Пуціна, усяляк яго падтрымлівае і абараняе. На маю думку, гэта так і ёсьць, але ясна, што беларускі МЗС з гэтым не пагодзіцца, ён выконвае задачу даказаць калі не адваротнае, дык тое, што зьнешнепалітычныя рашэньні Менску прымаюцца выключна ў Менску, іншая рэч, што па узгадненьні з Масквой. Зноў жа расейская структура «Россия сегодня» тут можа дапамагчы, калі будзе рознымі спосабамі дэманстраваць нібыта самастойнасьць Менску.

Але ёсьць, мяркую, штампы, ад якіх «Спутнік» ніяк ня будзе дапамагаць пазбаўляцца, а хутчэй наадварот. Вось, прыкладам, даўно і старанна расейскія мэдыі ўсталёваюць штамп пра тое, што Беларусь цалкам залежыць ад Расеі, ад яе энэрганосьбітаў, ад яе зброі, што культурна і гістарычна мы гэтак зьвязаны, што фактычна ёсьць адной дзяржавай. У гэтым расейскім мэдыям дапамагаюць і дзяржаўныя беларускія, прычым тут дасягнуты значна посьпех, і мяркую, чакаць, што ад гэтага штампу адмовяцца, не даводзіцца.

Tут нічога ня будзе задарма. Кісялёву парупіла паправіць вобраз Беларусі ў сьвеце — з чаго б раптам? Хай бы рупіўся тым, чым займаўся да гэтай пары.

Ці яшчэ ёсьць штамп расейскай прапаганды, што нібыта Захад, НАТО, ЗША сьпяць і бачаць, каб захапіць «сінявокую Беларусь» і прасунуць бліжэй на 600 км мяжу да Расеі. Мяркую, гэтая гістэрыя будзе працягвацца, прычым супольнымі намаганьнямі. І канешне, будуць усяляк разьдзімацца нібыта посьпехі інтэграцыі краін, хаця рэальна стан справаў кажа пра адваротнае: што арыентаваная выключна на Расею эканоміка Беларусі на вачах развальваецца, палітычны сувэрэнітэт Беларусі стаў слабейшым, ды проста чалавечыя сувязі двух народаў насамрэч паступова таксама слабеюць.

Глод: Я хацеў бы зазначыць тры рэчы. Алег слушна назваў гэтую арганізацыю прапагандысцкай, не журналісцкай. Дакладна акрэсьліў задачы, якія будзе вырашаць гэтая міжнародная агенцыя ў Беларусі. Мяне ў візыце Кісялёва найбольш цікавіла адна рэч — сустрэнецца ён з Лукашэнкам ці не? Нават больш дакладна, ці возьме маскоўскі госьць інтэрвію ў кіраўніка беларускай дзяржавы? Зразумела, што запісаць тэлеразмову з Лукашэнкам — вялікая ўдача для любога журналіста. Але гэтым разам магчымая сустрэча Кісялёва і Лукашэнкі мела падвойны інтарэс. З аднаго боку, самы яскравы прапагандыст так званага «рускага сьвету», з другога, чалавек, які назваў гэты «рускі сьвет» «хімэрай».

Ніякіх паведамленьняў аб сустрэчы Кісялёва і Лукашэнкі не было. Але ўчора на брыфінгу ў Міністэрстве замежных спраў я пачуў з вуснаў прэсавага сакратара зьнешнепалітычнага ведамства Мірончыка, што 8 красавіка міністар Макей адкажа на пытаньні расейскіх журналістаў. І гэтая размова адбудзецца менавіта на пляцоўцы міжнароднага інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня», якое і ачольвае Дзьмітры Кісялёў. Сустрэча праходзіць у Маскве, куды Макей паехаў на саміт міністраў замежных спраў краін СНД.

То бок, на мой погляд, Лукашэнка ў гэтай сытуацыі зрабіў выгадны для сябе ход. Ён разумеў, што Кісялёў зь ягонай настойлівасьцю мог бы, як кажуць, прыціснуць яго нязручнымі пытаньнямі. Нязручнымі таму, што на тле істотнага паляпшэньня дачыненьняў з Брусэлем патрэбна было б хваліць Крэмль і ганьбіць Захад. А гэта зараз Лукашэнку зусім не з рукі. І кіраўнік дзяржавы ў гэтай сытуацыі перавёў стрэлку на Макея. І ягоная лёгіка зразумелая. Па-першае, хто там са звычайных расейцаў ведае Макея, для іх Беларусь гэта выключна Лукашэнка. А па-другое, калі Макей і скажа нешта нібыта ня тое, дык гэта ж казаў Макей, а не Лукашэнка. Карацей, беларускі кіраўнік выкруціўся з гэтай няпростай сытуацыі, калі трэба ўхваляць расейскую зьнешнюю палітыку, якая робіцца ўсё больш агрэсіўнай і нахабнай.

Максімюк: Калі я пачуў абяцаньні Дзьмітрыя Кісялёва, што ягоная кампанія будзе ствараць новы вобраз Беларусі, мая першая думка была такая: Божа, пры такіх памочніках Беларусі і ворагаў ня трэба. Але потым я сабе падумаў і такое. Я, натуральна, пагаджаюся, што «Раша тудэй» гэта перш за ўсё прапагандысцкі рупар расейскага ўраду. Але гэта ня значыць, што яго робяць нявартыя журналісты. І сам Дзьмітрый Кісялёў, і журналісты, якія там працуюць, здольныя людзі. Каб весьці добрую прапаганду, трэба быць добрым журналістам. Толькі пытаньне, якія шаблёны яны будуць зьмяняць, а якія ўмацоўваць.

Мне здаецца, тут нічога ня будзе задарма. Кісялёву парупіла паправіць вобраз Беларусі ў сьвеце — з чаго б раптам? Хай бы рупіўся тым, чым займаўся да гэтай пары. Гэта значыць, паляпшэньнем вобразу самой Расеі, які цяпер ня надта прывабны ва ўсім сьвеце. Але, натуральна, тут ёсьць і расейскі інтарэс. Расея будзе пры гэтай нагодзе прасоўваць такі прапагандысцкі шаблён — у Беларусі большасьць насельніцтва, калі ня ўсе, падтрымліваюць Расею і яе ўнутраную і зьнешнюю палітыку. Такі вобраз Беларусі як вернай сяброўкі Расеі, якая яе зусім не крытыкуе, а падтрымлівае ўсе ейныя дзеяньні, напэўна, у «Рашы тудэй» зьявіцца. Ці будзе гэта карысна для Беларусі? Хутчэй за ўсё не.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG