Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 сакавіка ў чатырох гарадах запрацуюць польскія візавыя цэнтры, сэрвісны збор — 15 эўра


©Shutterstock
©Shutterstock

1 сакавіка ў Менску і шэрагу абласных цэнтраў пачнуць працаваць візавыя цэнтры Рэспублікі Польшча. Спачатку прыём заяваў ад грамадзянаў Беларусі, апроч сталіцы, будзе наладжаны ў Берасьці, Горадні і Гомелі, яшчэ празь месяц кампанію ім складуць Баранавічы, Ліда, Магілёў і Пінск.

Часовы павераны ў справах Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Міхал Хабрас адзначыў, што новы фармат не паўплывае на дзейнасьць консульскіх установаў у Менску, Берасьці і Горадні, якія сканцэнтруюцца на абслугоўваньні пэўных групаў — найперш у рамках культурніцкіх, моладзевых, духоўных абменаў, канцэртных выступаў, спартовых спаборніцтваў і г.д. Але галоўная нагрузка ўсё ж будзе перакладзена на візавыя цэнтры:

«1 сакавіка, то бок ужо ад наступнага тыдня, пачнуць функцыянаваць першыя пункты прыёму візавых заяваў. Спачатку іх будзе чатыры, прычым у Менску пакуль па часовым адрасе. Іншыя таксама запрацуюць бліжэйшым часам. Па выніках тэндэру, які праводзіў МЗС Польшчы, апэратарам візавых цэнтраў стала кампанія VFS Global. Яна валодае вялізным досьведам працы ў гэтай галіне і працуе з намі ва Ўкраіне, Расеі, Турэччыне, а 11 лістапада ў Менску была падпісаная дамова на аказаньне паслугаў на прыём візавых зяваў у Беларусі. Разьлічваем, што ўвядзеньне візавага аўтсорсінгу будзе спрыяць таму, што якасьць абслугоўваньня грамадзянаў Беларусі, якія жадаюць атрымаць візы, будзе падвышацца».

Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі: кіраўнік консульскага аддзелу польскага пасольства Марэк Пэндзіх, Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас, рэгіянальны кіраўнік VFS.Global па Расеі і СНД Прабуда Сэн
Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі: кіраўнік консульскага аддзелу польскага пасольства Марэк Пэндзіх, Часовы павераны ў справах Польшчы ў Беларусі Міхал Хабрас, рэгіянальны кіраўнік VFS.Global па Расеі і СНД Прабуда Сэн

За абслугоўваньне з заяўнікаў будзе спаганяцца дадатковы сэрвісны збор — 15 эўра ў пераліку на беларускія рублі. Іншымі словамі, да 60 эўра консульскага збору трэба будзе прыплюсаваць яшчэ гэтую суму. Пытаньне зьніжэньня коштаў візаў, як удакладніў Міхал Хабрас, па-ранейшаму абмяркоўваецца ў структурах Эўразьвязу, але салідарнае рашэньне зьнізіць цэны да 35 эўра пакуль так і не прынятае.

Кіраўнік консульскага аддзелу амбасады Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Марэк Пэндзіх дадае, што ў 2015 годзе польскія кансуляты агулам выдалі грамадзянам Беларусі больш за 400 тысяч нацыянальных і шэнгенскіх візаў. А таму насьпела неабходнасьць стварыць умовы, якія адпавядалі б задавальненьню попыту:

«Галоўная мэта ўвядзеньня сыстэмы аўтсорсінгу — задаволіць той вялізны попыт на польскія візы, які існуе з боку беларускіх грамадзянаў. Найперш праз тое, каб аблегчыць працэдуру візавых заяваў, каб палепшыць умовы для наведнікаў. І мы робім усё дзеля таго, каб адчыніць усе восем візавых цэнтраў як мага хутчэй. Хачу адзначыць, што летась у чэрвені мы ўвялі візавую сыстэму, ухваленую ў рамках Эўразьвязу — з адначасовай здачай біямэтрычных дадзеных. Тым ня меней, нягледзячы на новаўводзіны, нам удалося захаваць узровень колькасьці аформленых дакумэнтаў».

Падпісаньне двухбаковага пагадненьня. Менск, лістапад-2015
Падпісаньне двухбаковага пагадненьня. Менск, лістапад-2015

Як зазначыў спадар Пэндзіх, 25% ад агульнай колькасьці шэнгенскіх візаў, якія летась выдалі беларусам консульскія службы — бясплатныя. У сваю чаргу, нацыянальныя візы на распараджэньне кіраўніцтва МЗС Польшчы выдаюцца на бяскоштавай аснове. Апроч таго, на 70% вырас лік шматгадовых візаў — на тэрмін 2-3 гады і нават больш. Большая частка візаў — шматразовыя турыстычныя, 270 тысяч са згаданых 400 тысяч. Пры гэтым колькасьць адмоваў заяўнікам склала ня болей за 1%.

Як кажа кіраўнік консульскага аддзелу польскай амбасады, сёлета тэндэнцыя на максымальны ахоп усіх пластоў насельніцтва будзе захоўвацца. Пры гэтым зазначыў, што ў немалой ступені прысьпешыць адкрыцьцё візавых цэнтраў прымусіла вялікая колькасьць падзеяў, якія на гэты год плянуюцца ў Польшчы. Найперш гэта тычыцца Ўсясьветных дзён каталіцкай моладзі — на сустрэчу з удзелам папам Рымскім Францішкам у Кракаве мяркуюць прыехаць больш за 2,5 мільёны вернікаў. У гэтай масе немалую долю маюць скласьці і беларусы.

Прабуда Сэн і Міхал Хабрас
Прабуда Сэн і Міхал Хабрас

Тэхнічнае забесьпячэньне функцыянаваньня візавых цэнтраў, як ужо згадвалі польскія дыпляматы, будзе ажыцьцяўляць кампанія VFS Global. Яе рэгіянальны ўпраўляючы па Расеі і СНД Прабуда Сэн адзначае, што фірма працуе ў 123 краінах на пяці кантынэнтах, апрацаваўшы, па дадзеных на канец студзеня 2016-га, ужо больш за 110 мільёнаў заяваў. Міжнародны досьвед дазваляе глядзець з аптымізмам і на Беларусь — тым больш, амаль тры гады VFS Global ужо аказвае паслугі па выдачы дакумэнтаў на візы ў Літву, Гішпанію, Грэцыю, Данію і некаторыя іншыя краіны:

«Магу запэўніць і польскую амбасаду, і беларускіх грамадзянаў, што якасьць паслугаў будзе на найвышэйшым узроўні. Наша фірма зьяўляецца лідэрам у візавым аўтсорсінгу, пачынаючы ад 2001 году. Мы на працягу паўтара дзясятка гадоў супрацоўнічаем з амаль паўсотняй урадаў і больш чым сотняй краінаў. У рэгіёне мы прадстаўлены ад 2007 году, калі пачалі супрацоўніцтва з Расеяй, а ў Беларусі прысутнічаем ад траўня 2013-га, калі пачалі абслугоўваць іншыя візавыя цэнтры. Такім чынам, у супрацы з польскай амбасадай ад 1 сакавіка мы пачынаем абслугоўваньне, пачынаючы з Менска, Берасьця, Горадні, Гомелю, а неўзабаве распаўсюдзім уплыў і на іншыя чатыры гарады».

25 лютага: старт для дзейнасьці польскіх візавых цэнтраў
25 лютага: старт для дзейнасьці польскіх візавых цэнтраў

Ад сярэдзіны сакавіка польскі візавы цэнтар у Менску пераедзе з часовай пляцоўкі ў бізнэс-цэнтры «SV Plaza» на сталае месца — у гандлёвы цэнтар «Galileo» у раёне цэнтральнага аўтавакзалу. Заявы, выдача пашпартоў і біямэтрычныя дадзеныя будуць забясьпечваць 50 акенцаў, якія мусяць ліквідаваць чэргі як зьяву. Тут жа будуць прадстаўленыя паслугі страхаваньня, фатографа і капіяваньня дакумэнтаў, а таксама аказаная дапамога пры запаўненьні анкеты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG