Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская ўрадавая дэлегацыя ўшанавала ахвяраў таталітарызму ў Курапатах


11 красавіка ўрочышча Курапаты наведала польская ўрадавая дэлегацыя — міністар Адміністрацыі прэзыдэнта Мацей Клімчак, намеснік міністра замежных спраў Конрад Паўлік, а таксама Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка, супрацоўнікі польскай дыпляматычнай місіі. У Курапаты таксама прыйшлі прадстаўнікі Саюзу палякаў Беларусі, этнічныя палякі, сябры КХП-БНФ, грамадзкасьць — усяго каля 80 чалавек. Малебен адслужыў ксёндз-дэкан Раман Факсінскі.

Прысутныя прасьпявалі гімн Польшчы, памаліліся за ахвяраў таталітарнага рэжыму, усклалі кветкі і да памятнага знаку загінулым польскім афіцэрам, і да Крыжа пакутаў, запалілі зьнічы. Кошыкі і вянкі былі зь белых і чырвоных кветак — колераў нацыянальнага сьцяга Польшчы.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка апавёў, што ёсьць чатыры вялікія пахаваньні палякаў — ахвяраў таталітарных рэпрэсій: два ў Расеі (у Катыні Смаленскай вобласьці і Медным Калінінскай) і два ва Ўкраіне — гэта Быкоўля пад Кіевам і Пяціхаткі ў Харкаўскай вобласьці:

«Самыя галоўныя жалобныя мерапрыемствы былі сёлета ў Быкоўні пад Кіевам, 3 дні таму прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі наведаў Нацыянальны гісторыка-мэмарыяльны запаведнік „Быкаўнянскія могілкі“.

У пятніцу адбыліся жалобныя мерапрыемствы ў Катыні, у Мэмарыяльным комплексе памяці ахвяраў таталітарызму і сталінскіх рэпрэсій. Так супала, што менавіта 10 красавіка 5 гадоў таму ў Смаленскай вобласьці адбылася яшчэ адна трагедыя — разьбіўся самалёт з прэзыдэнтам Польшчы Лехам Качынскім і ўрадавай дэлегацыяй, таму мы наведалі і аэрапорт, і Катынскі мэмарыял.

І вось сёньня — мы ў Курапатах, узгадваем сваіх суайчыньнікаў, ахвяраў таталітарызму, якія могуць ляжаць тут, у беларускай зямлі. Для польскага народа гэта вялікая трагедыя і вялікія страты — было зьнішчана больш за 20 тысяч прадстаўнікоў нацыянальнай эліты».

Паводле дадзеных беларускага гісторыка Ігара Кузьняцова, так званы «беларускі катынскі сьпіс» — дакумэнт, які ўтрымлівае імёны ня менш як 3870 палякаў, забітых на тэрыторыі Беларусі ў 1940 годзе. Польшча беспасьпяхова дабіваецца ад Расеі, каб гэты сьпіс быў знойдзены. Незалежныя беларускія і польскія гісторыкі мяркуюць, што расстраляныя ў 1940 годзе афіцэры польскага войска могуць быць пахаваныя ў Курапатах.

Раней беларускія афіцыйныя асобы (у прыватнасьці, дырэктар дэпартамэнту па архівах і справаводзтве Міністэртсва юстыцыі Беларусі Ўладзміер Адамушка) ды іншыя заяўлялі, што ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі расстраляна не было, — маўляў, польскія афіцэры праходзілі празь Беларусь транзытам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG