Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На папулярным польскім партале «Polak potrafi» зьбіраюць грошы на пераклад кнігі пра Алеся Бяляцкага


Публікацыя кнігі па-польску мае стаць нагодай для польскіх чытачоў пазнаёміцца з драмай няскоранага чалавека і даведацца пра лёс выключнага праваабаронцы

На інтэрнэт-рэсурсе Polak potrafi распачаты збор сродкаў на пераклад на польскую мову і выданьне ў Польшчы кнігі Валера Каліноўскага пра Алеся Бяляцкага «Справа Бяляцкага», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».

Акцыю ініцыяваў «Інстытут свабоды» — польска-беларуская няўрадавая арганізацыя, мэтай якой зьяўляецца распаўсюд інфармацыі пра правы чалавека і падтрымка працэсаў дэмакратызацыі на постсавецкай прасторы.

Пад канец чэрвеня на свабоду выйшаў кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, які правёў у няволі больш за 1000 дзён.

«Нельга забывацца, што напаткала Алеся Бяляцкага і праз што праходзяць штодня палітвязьні ў Беларусі», — адзначаюць ініцыятары акцыі.

Паводле іх словаў, публікацыя кнігі па-польску будзе нагодай для польскіх чытачоў пазнаёміцца з драмай няскоранага чалавека і даведацца пра лёс выключнага праваабаронцы, жыцьцё якога бесьперапынна ўвасабляе словы Паўла Сьцігая пра тое, што заўжды «належыць стаяць на варце праўды, змагацца за справядлівасьць, дамагацца свабоды і падтрымліваць салідарнасьць».

«Варта, каб і палякі даведаліся гісторыю Алеся Бяляцкага — гісторыю гераічнага супраціву і нязломнасьці», — гаворыцца ў звароце.

Падтрымаць праект можна тут: http://polakpotrafi.pl/projekt/ales-bialacki-po-polsku

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG