Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здымкі Плютону з касьмічнага апарата New Horizons ашаламілі навукоўцаў ФОТА


Дадзеныя з касьмічнага апарата New Horizons, якія працягваюць паступаць на Зямлю, ашаламілі навукоўцаў, паведамляе сайт NASA.

Велізарны сюрпрыз прынесьлі здымкі з ўчастку паверхні Плютону, разьмешчанага паблізу экватара.

На іх бачныя маладыя горы, якія ўзьнімаюцца на вышыню каля 3500 мэтраў над абледзянелай паверхняй. Верагодна, яны ўтварыліся ня больш за 100 млн гадоў таму — гэта дзіцячы ўзрост у параўнаньні з узростам Сонечнай сыстэмай, які налічвае 4.5 мільярды гадоў.

Цалкам верагодна, што гэтыя горы толькі працягваюць фармавацца, заявіў адзін з кіраўнікоў даследаваньняў Джэф Мур. Такім чынам, на Плютоне і ў цяперашні час можа ісьці геалягічная актыўнасьць.

У ацэнцы ўзросту гораў Мур і яго калегі зыходзяць з адсутнасьці кратэраў на гэтым участку. Ён, як і астатняя паверхня карлікавай плянэты, мільярды гадоў бамбардаваўся касьмічным сьмецьцем, што прыводзіць да ўтварэньня кратэраў. Аднак нядаўняя геалягічная актыўнасьць магла сьцерці старыя раны.

«Гэта адна з самых маладых паверхняў, якую мы калі-небудзь бачылі ў Сонечнай сыстэме», — сказаў Мур.

Пры гэтым, у адрозьненьне ад ледзяных спадарожнікаў плянэт-гігантаў, на Плютоне ня дзейнічаюць гравітацыйныя сілы значна больш буйнога суседа, такім чынам, гораўтварэньне павінна быць абумоўленае нейкімі іншымі працэсамі.

Ня меншае зьдзіўленьне навукоўцаў выклікалі і здымкі найбуйнейшага спадарожніка Плютона — Харона. На яго паверхні выявілася паласа з скалаў і западзінаў працягласьцю каля тысячы кілямэтраў. Пры гэтым глыбіня аднаго з каньёнаў складае ад сямі да дзевяці кілямэтраў, а кратэры на паверхні адсутнічаюць.

Харон

Харон

Цёмны полюс Харона аказаўся пакрыты тонкім пластом чорнага пылу, які таксама можа сьведчыць аб геалягічнай актыўнасьці спадарожніка. Гэта цёмная пляма атрымала сярод навукоўцаў нефармальную назву «Мордара» — у гонар толкінаўскага «Валадара пярсьцёнкаў».

«Мы даволі доўга лічылі, што Харон зьяўляецца тыповым Месяцам, з адносна мёртвай і старажытнай паверхняй, пакрытай кратэрамі. Рэальнасьць проста сарвала нам дах» — сказала Кэці Олкінскан з навуковай каманды New Horizons.

Зонд таксама перадаў на Зямлю першыя здымкі яшчэ аднаго спадарожніка Плютона — Гідры. Яна аказалася нябесным целам у форме бульбіны памерамі 43 км на 33 км. Як і паверхня Харона, паверхня Гідры пакрытая вадзяным лёдам. У бліжэйшай будучыні навукоўцы чакаюць больш падрабязныя здымкі гэтага спадарожніка.

New Horizons ужо перадае неверагодную інфармацыю, — распавёў ўдзельнік місіі Алан Стэрн. — Пышныя дадзеныя, а Плютон і Харон проста ўзрываюць мозг!"

14 ліпеня касьмічны апарат NASA New Horizons прайшоў на мінімальнай адлегласьці ад Плютону — 12,5 тысяч кілямэтраў.

Апарат New Horizons быў запушчаны 19 студзеня 2006 году і з таго часу пераадолеў каля 5 млрд кілямэтраў. За гэты час яго курс карэктаваўся дзевяць разоў. Яго асноўная мэта — дасьледаваньне Плютону і яго спадарожнікаў — Харона, Нікты і Гідры. Пасьля гэтага New Horizons працягне сваю місію і накіруецца да іншых аб’ектах у поясе Койпэра.

У гэтай вобласьці, якая знаходзіцца за арбітай Нэптуна, разьмешчаныя дзясяткі тысяч невялікіх нябесных целаў, у асноўным камэтаў і карлікавых плянэтаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG