Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня – 210 гадоў Эміліі Плятэр


Эмілія Плятэр, фрагмэнт карціны Яна Богуміла Розэна «Эмілія Плятэр на чале касінераў у 1831»

Эмілія Плятэр, фрагмэнт карціны Яна Богуміла Розэна «Эмілія Плятэр на чале касінераў у 1831»

13 лістапада 1806 года ў Вільні нарадзілася Эмілія Плятэр, беларуская фальклярыстка, удзельніца паўстаньня 1830-1831 гадоў.

Прадстаўніца графскага роду Плятэраў, якія ў ХV стагодзьдзі перабраліся ў Вялікае Княства Літоўскае з Вэстфаліі. Дзяцінства Эміліі прайшло на Віцебшчыне, дзе яна атрымала добрую хатнюю адукацыю.

Яна зьбірала і апрацоўвала беларускія народныя песьні, віртуозна валодала жанрам галашэньняў, выконвала на фартэпіяна народныя мэлёдыі, захаплялася беларускай харэаграфіяй, сама танцавала народныя танцы. Спрабавала пісаць беларускія вершы, у тым ліку стылізаваныя пад народныя галашэньні.

У 1829 разам з маці выправілася ў падарожжа ў Варшаву і Кракаў.
У часе вызвольнага паўстаньня 29 сакавіка 1831 разам са сваяком арганізавала ў мястэчку Дусяты партызанскі атрад з 280 стралкоў, 60 коньнікаў ды некалькіх соцень касінераў і павяла яго на Дзьвінск. Сярод паўстанцаў было нямала дзяўчат.

За сьмеласьць і рашучасьць камандаваньне паўстанцкімі сіламі прызначыла Эмілію Плятэр ганаровым камандзірам роты ў пяхотным палку і прысвоіла ёй званьне капітана. Пры адыходзе паўстанцаў у Прусію Эмілія захварэла і памерла 23 сьнежня 1831 года ва ўзросьце 25 гадоў.

У 1832 годзе Адам Міцкевіч, які ведаў Эмілію, прысьвяціў ёй верш «Сьмерць палкоўніка».

Пісьменьнік і гісторык Ўладзімер Арлоў прысьвяціў Эміліі Плятэр эсэ ў «Імёнах Свабоды».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG