Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як назваць дачку?


Уладзімер Арлоў
Уладзімер Арлоў

Больш як тысячу сустрэчаў у Беларусі і за мяжой правёў Уладзімер Арлоў за апошнія дзесяць гадоў. Цыдулкі ад чытачоў запоўнілі некалькі шуфлядаў. Зараз вечныя і надзённыя, наіўныя і падступныя, прыватныя і філязофскія пытаньні да пісьменьніка — у эфіры і на сайце "Свабоды" ў перадачы "Пакуль ляціць страла".

Дарагі спадар Уладзімер! Да Вас зьвяртаецца маладая беларуская сям’я. Хутка ў нас народзіцца дзяўчынка, і мы пачалі ўжо выбіраць ёй імя. Скажыце, калі ласка, якія ў Вас улюбёныя жаночыя імёны?

Сьвятлана й Ігар

Каб мне давялося выбіраць імёны для сваёй дачкі (імя было б падвойнае), я, напэўна, як каштоўныя каменьчыкі, перабіраў бы вось гэтыя:

Адэля, Акуліна (у якога геніяльнага паэта так звалі маму?), Ала, Алаіза (мо стане літаратаркай — імя ж нярэдка прагназуе лёс), Алена, Алеся, Аліна, Альбіна, Альжбэта, Альдона (так клікалі дачку вялікага князя Гедзіміна), Аляксандра, Амелія, Анжэла, Антаніна, Анэля, Апалёнія, Апалінарыя, Арына, Аўгусьціна, Аўрэлія...

Багдана, Багуміла, Багуслава, Бажэна, Барбара, Берагіня, Браніслава...

Валерыя, Вальжына, Валянціна, Васіліна, Вера (гэта ж будзе і Верка, і Верачка, і Верунка, і Варуся, і Верця, а калі спатрэбіцца, дык і Верціхвостка...), Вераніка, Вікторыя, Віта, Віялета, Вольга, Воля, Вэнэра, Вяргіня...

Габрыэля, Галіна, Ганна ("Як яе клікалі? Аня, Ганулечка, Ганна..." — нясьціпла цытую ўласны верш), Гражына (ёй будуць прысьвячаць паэмы), Граніслава, Гэля...

Дабрадзея (легендарная дачка князя Ўсяслава Брачыславіча), Дабрыяна, Дамініка, Данута (сама будзе аўтаркаю паэмаў), Дарота...

Ева, Еўфрасіньня...

Зарына, Зора (Зора Кіпель была адной з самых знаных у заходнім сьвеце беларусістак), Зося, Зьвеніслава (стрыечная сястра нашай нябеснай заступніцы Еўфрасіньні )...

Івонка (магчыма, стане прэзыдэнтам), Ірэна...

Каміла (каб была талентамі падобная да дачкі Дуніна-Марцінкевіча), Караліна, Кася (паслухайце спачатку, які ў малой галасок), Кацярына, Кветка, Кірыяна (была такая князёўна ў дынастыі Рагвалодавічаў), Клава (можа, так назваў бы сваю дачушку Максім Багдановіч?), Ксенія, Купаліна...

Ларыса, Лёля, Лілея, Людвіка, Людміла, Люцына, Люцыя ...

Магдалена, Маргарыта (гэтае імя мела, між іншым, спадарожніца жыцьця нашага Майстра — Скарыны), Мальва, Марта, Марцэля, Марыя (так звалі маю маму, а яшчэ — Маня, Манечка, Манька, Марыйка, Маруся...), Мар’яна, Меліта, Міласлава, Міхаліна...

Надзея, Настасься, Натальля...

Палута (калі ўжо нехта напіша пра Палуту Бадунову раман?), Паўліна...

Рагнеда, Рада, Радаслава, Раіна, Расьціслава, Ружана, Рута, Рыта, Рэгіна…

Сабіна, Саламея (вырасьце вандроўніцай ды авантурніцай, як Русецкая-Пільштынова), Сафія (гэтае імя мелі маці сьвятой Еўфрасіньні і полацкая князёўна, а потым дацкая каралева Сафія Валадараўна), Славаміра, Станіслава, Стафанія (ці любіце вы тэатар?), Сьвятаслава...

Тадзіяна, Талія, Тамара, Таміла (жыла кабета з такім чароўным імем у XVI стагодзьдзі ў Наваградзкім павеце), Тацяна...

Уладзіслава (магчыма, стане жонкаю народнага паэта), Уршуля (будзе пісаць п’есы, як аднайменьніца зь сям’і Радзівілаў), Усяслава...

Флярыяна, Францішка, Фэліцыя...

Хрысьціна...

Чарадзея (сустракаўся зь ёю ў старадаўніх дакумэнтах)…

Эвэліна, Эліна, Эмілія (праўда, ня хочацца, каб нашыя жанчыны зноў бралі ў рукі зброю, як Эмілія Плятэр)...

Юлія, Юльляна, Юнэля, Юстына...

Яварына, Ядзьвіга, Яна, Яніна, Яраслава...

А таксама многія іншыя...

Атрымліваецца сапраўдная паэма. У кожнага — свая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG