Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Золата, зброя і кабеты Піта Паўлава: збор грошай на рок-опэру, здымкі фільму і штраф басісту


Піт Паўлаў
Піт Паўлаў

Піт Паўлаў, музыка гуртоў N.R.M. і «Гарадзкія», задумаў трылер-эпапэю пра жыцьцё Беларусі на мяжы СССР і Польшчы ў 1920-х.

Першы этап — запіс музычнага альбому, наступны — паўнавартасны фільм «Зброя. Золата. Кабеты». На музычны альбом цяпер зьбіраюць сродкі на Ulej.by, прэзэнтаваны першы кліп.

У залежнасьці ад сабраных сродкаў у альбом увойдуць 12–15 песень, кажа Свабодзе Паўлаў:

«Песень напісана шмат, але мы сутыкнуліся з тым, што фізычна ня можам іх запісаць. Песьні не абʼяднаныя ў нейкую адну гісторыю, гэта хутчэй як рок-опэра ці саўндтрэк да фільму. Яны вакол адной гісторыі, некаторыя падпарадкоўваюцца літаратурнай канве „Золата. Зброя. Кабеты“, а некаторыя проста адпавядаюць тэме. Гэта нават не гісторыя памежжа, а гісторыя цэлай нашай краіны, падзеленай па жывому».

Як кажа музыка, альбом складаецца з «аўтарскай» і «кантрабанднай» частак: у другой — народныя песьні і песьні іншых аўтараў, якія «ідэальна пасуюць да альбома». Песьні з альбома фактычна былі прэзэнтаваныя 31 сакавіка ў Горадні — «гнязьдзе сучаснага кантрабандызму», як кажа Паўлаў, а напрыканцы лета плянуецца канцэрт у Ракаве — «сталіцы тагачаснай кантрабанды».

Пакуль на альбом сабрана толькі пятая частка зь неабходных 4500 рублёў:

«Я прызвычаіўся даводзіць усё да канца, але калі цяпер ня будзе сродкаў, нешта наагул ня зможам у альбом уключыць, бо ня зможам запісаць. І тады ўсё будзе адкладацца на нейкі час, на пэрспэктыву. Таму можна казаць і так, што запіс альбома залежыць ад збору сродкаў», — кажа Паўлаў.

Калі кампанія будзе пасьпяховая, 13 красавіка плянуецца кватэрнік, 5 траўня — выпуск альбома на CD, 11 траўня — закрытая прэзэнтацыя для фундатараў, а 18 траўня — вялікі канцэрт-прэзэнтацыя.

Наступны этап — здымкі фільму — ужо пачаўся, у кліп «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» ўвайшлі яго фрагмэнты. Стужку здымаюць уласнымі сіламі, «значна большымі за Беларусьфільм», як кажа Паўлаў. Рэжысэр фільму — яго сын, гітарыст Ян-Вінцэнт Луцэвіч (у кліпе — у ролі польскага жаўнера), а Паўлаў выступае сурэжысэрам, прадусарам і аўтарам літаратурнай асновы, а таксама выканаўцам адной з роляў.

Альбом жа пішацца пры ўдзеле таксама бубнача Аляксандра Валошчыка, цымбалісткі Алесі Шагун, дудара Яраша Малішэўскага і бас-гітарыста Глеба Галушкі. На апошняга нядаўна давялося ладзіць асобны збор сродкаў: яго затрымалі на менскім мітынгу 25 сакавіка, за «дробнае хуліганства» прысудзілі штраф у 460 рублёў — амаль дзясятую частку сумы, неабходнай на альбом.

«На дадзены момант на Глеба мы сабралі сродкі па знаёмых, сума значна перавысіла неабходную. Але каб мы не „засталіся ў плюсе“, было прынятае рашэньне раздаць рэшту выпадковым людзям, аштрафаваным за тую акцыю. З Глебам быў чалавек са Сьветлагорску, альпініст і мастак, яму прысудзілі 30 базавых. Яшчэ ёсьць некалькі чалавек, не сябры, а проста выпадковыя пацярпелыя.

Як мы гэта патасна назвалі, „Фонд Глеба Галушкі“ яшчэ зьбірае сродкі, некаторыя людзі ўсё яшчэ дасылаюць грошы! Глеба ўсе ведаюць у нашай тусоўцы. Напрыклад, нейкую суму нядаўна прыслаў чалавек, які цяпер знаходзіцца ў Понта-Дэлгада — гэта на невялічкай высьпе ў Атлянтычным акіяне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG