Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Піянткоўскі: Зьнешняя палітыка Крамля — як у Гітлера, унутраная — як у Мусаліні


Андрэй Піянткоўскі

Андрэй Піянткоўскі

Канцэпцыя «русского мира» пацярпела поўную паразу, і цяпер Уладзімер Пуцін зьбіраецца разыграць «сырыйскі гамбіт», перакананы вядомы расейскі экспэрт.

Маскоўскі палітоляг і публіцыст Андрэй Піянткоўскі прачытаў у Менску лекцыю «„Русский мир“: урокі для Расеі і яе суседзяў», якая была арганізаваная ў рамках праекту «Эўрапейскае кафэ — адкрытая прастора Эўропы».

Расея — краіна агрэсіўнай клептакратыі

З пункту гледжаньня Піянткоўскага, паводзіны Расеі на постсавецкай прасторы вызначаюцца двума матывамі: прагматычным і псыхалягічным (ідэалягічным). Прагматычны — гэта матыў захаваньня ўлады Пуціным і ягоным атачэньнем. Другі — гэта імпэрская настальгія расейскага грамадзтва.

Паводле слоў Піянткоўскага, сёньняшняя пуцінская Расея — гэта нават не карупцыйны рэжым, а клептакратычны.

«Карупцыя — гэта калі бізнэсмэн дае хабар чыноўніку. Гэта значыць, для карупцыі трэба два суб’екты. А ў Расеі гэтыя два суб’екты даўно зьліліся ў адно цэлае: усе расейскія кіраўнікі — гэта найбуйнейшыя „бізнэсмэны“ і мільярдэры, а бізнесмэны-алігархі — гэта тыя ж чыноўнікі, якім даручана кантраляваць нейкую частку „абшчаку“. Гэта клептакратыя, якая заточаная на ўзбагачэньне вярхушкі. Асноўная мэта гэтай сыстэмы — яе выжываньне, а што тычыцца першай асобы ў дзяржаве — пажыцьцёвае захаваньне ім палітычнай улады. І таму найважнейшая зьнешнепалітычная задача такога рэжыму — ні ў якім разе не дапусьціць на сумежных тэрыторыях прыкладу посьпеху іншай мадэлі, мадэлі эўрапейскага разьвіцьця. Таму і вайна з Грузіяй, таму і вайна з Украінай. Ніводнай з рэспублік не дазваляецца вырвацца з гэтай сям’і постсавецкіх клептакратыяў», — заявіў палітоляг.

«Рэвалюцыя годнасьці» ва Ўкраіне ператварыла тэарэтычную пагрозу, што Ўкраіна рушыць у эўрапейскім кірунку, у пагрозу непасрэдную. З тых часоў, на думку Піянткоўскага, мэтай Пуціна стала проста «зьнішчэньне Ўкраіны, зьнішчэньне гэтага выбару любымі сродкамі». Менавіта з-за гэтага, а ня дзеля насычэньня імпэрскіх амбіцыяў, была зьдзейсьненая анэксія Крыму, лічыць ён.

Пуцін паміж Гітлерам і Мусаліні

Аднак лёгкасьць, зь якой Расея анэксавала Крым, спарадзіла ў Пуціна эўфарыю, якая разбудзіла ў ім імпэрца і ідэоляга. Так зьявілася канцэпцыя «русского мира», днём нараджэньня якой Піянткоўскі лічыць 18 сакавіка — у гэты дзень, з нагоды анэксіі Крыму, Пуцін выступіў з праграмнай прамовай.

«Была маса навацыяў у гэтым выступе для расейскага палітычнага дыскурсу.

Перш за ўсё — словы пра „разьяднаны народ“. А што такое ў вуснах Пуціна „разьяднаны народ“? Гэта ж ня проста расейцы ў Крыме. Ён жа ня лічыць, што ёсьць такі народ, як украінскі, і, запэўніваю вас, хоць ён і не выказваўся з гэтай нагоды ў апошні час, для яго няма такога народа, як беларускі. Ён неаднаразова казаў разам са сваім галоўным папом Гундзяевым, што гэта адзіная руская нацыя.

Крымская прамова Пуціна — гэта проста вучнёўскі рэмэйк прамовы Гітлера ў рэйхстагу пасьля далучэньня Судэтаў

Далей у прамове гучаў тэрмін „зьбіраньне гістарычных расейскіх земляў“ і шмат што іншае. Крымская прамова Пуціна — гэта проста вучнёўскі рэмэйк прамовы Гітлера ў рэйхстагу пасьля далучэньня Судэтаў. У мяне нават ёсьць падазрэньні, што нейкі лянівы сьпічрайтэр адкапаў гэты выступ Гітлера і выкарыстаў яго для Пуціна. Таму што разрыў з папярэднімі канцэпцыямі зьнешняй палітыкі быў проста надзвычайны», — адзначыў палітоляг.

З пункту гледжаньня Піянткоўскага, у «русский мир» Крэмль уключае Ўкраіну, Беларусь, Паўночны Казахстан, а таксама Прыбалтыку.

«Зьнешняя палітыка Пуціна — гэта поўны зьлепак зьнешняй палітыкі Гітлера, — падкрэсьлівае аналітык. — А вось унутраная палітыка, як эканамічная, так і ўся іншая, вельмі нагадвае палітыку Мусаліні. Хоць калі глядзець па статыстыцы на ўзровень палітычных рэпрэсіяў, уключаючы забойствы і пазасудовыя расправы (самае апошняе — гэта забойства Нямцова), то колькасьць загінулых ужо большая, чым за ўсю гісторыю параўнальна мяккага італьянскага фашысцкага рэжыму».

А вы гатовыя памерці за Нарву?

Адносна Ўкраіны канцэпцыю «русского мира» меркавалася рэалізаваць праз анэксію шэрагу абласьцей (так званай «Навароссіі»). Але, з пункту гледжаньня Піянткоўскага, у Крамля існаваў канкрэтны сцэнар і агрэсіі ў Прыбалтыцы.

Пуцін разьлічваў з дапамогай ядзернага шантажу прымусіць Захад адмовіцца ад падтрымкі Эстоніі, Латвіі і Літвы ў выпадку расейскай агрэсіі. Расейскі прэзыдэнт зыходзіў з таго, што заходняе грамадзтва не захоча праліваць кроў за Прыбалтыку:

«Гэта таксама паўтор гітлераўскай палітыкі. Якое было клясычнае пытаньне 30-х гадоў, зьвернутае нацысцкай прапагандай да Англіі і Францыі: а вы гатовыя памерці за Данцыг?

А Пуцін у 2014 годзе зьвяртаў да Захаду іншае пытаньне: а вы гатовыя памерці за Нарву? Ён быў перакананы, што можна запалохаць Захад, і ён адступіць.

Яму ня столькі былі патрэбныя шматкі тэрыторыі Прыбалтыкі. Справа ў тым, што адмова НАТО абараняць Эстонію была б канцом НАТО, канцом ЗША як гаранта бясьпекі. Гэта быў бы велічэзны прыз для Пуціна, дзякуючы чаму ён вырашыў бы ўсе свае праблемы», — кажа палітоляг.

Патройная параза «русского мира»

Аднак Захад не паддаўся на шантаж: 4–5 верасьня 2014 году ў Уэльсе адбыўся саміт НАТО, на якім пастанавілі разьмясьціць на тэрыторыі Прыбалтыкі сталы кантынгент, які ўключае амэрыканскіх вайскоўцаў. У псыхалягічным і палітычным пляне гэтае рашэньне мела вялізарнае значэньне: яно азначала, што ў выпадку, калі Расея пачне агрэсію ў Прыбалтыцы, яна аўтаматычна будзе ўцягнутая ў вайну з ЗША. А да гэтага Крэмль не гатовы.

Такім чынам, кажа Піянткоўскі, жыцьцё канцэпцыі «русского мира» было нядоўгае: нарадзіўшыся 18 сакавіка, яна сканала 5 верасьня. Акрамя таго, да гэтага моманту канцэпцыя «русского мира» ўжо пацярпела дзьве паразы: канцэпцыя не атрымала неабходнай падтрымкі сярод насельніцтва ні ва Ўкраіне, ні нават у самой Расеі. Па словах Піянткоўскага, большасьць расейцаў сапраўды падтрымала анэксію Крыму, аднак «гэта не азначала ліцэнзіі на вайну». Вайна на Данбасе не карыстаецца папулярнасьцю нават паводле афіцыйных апытаньняў, адзначае экспэрт. Дый у 86-працэнтную падтрымку палітыкі Пуціна палітоляг ня верыць.

„Русский мир“ пацярпеў патройную паразу

«„Русский мир“ пацярпеў патройную паразу. Пуцін недаацаніў ступень супраціву Ўкраіны і расейскамоўнага насельніцтва Ўкраіны, ён недаацаніў магчымую рэакцыю Захаду на ягоны шантаж, і ён пераацаніў імпэрскасьць сьвядомасьці расейскага народа», — упэўнены Піянткоўскі.

Параза «русского мира», зрэшты, не азначае, што Пуцін больш ня будзе чапаць Украіну.

«Калі я кажу, што „русский мир“ прайграў, гэта ня значыць, што наступіў мір і турбавацца няма чаго. Таму што да канца, да апошняга свайго дня ва ўладзе Пуцін ніколі не пакіне ў спакоі Ўкраіну і будзе спрабаваць любымі сродкамі дэстабілізаваць сытуацыю», — падкрэсьліў палітоляг.

«Сырыйскі гамбіт» Пуціна

Цяпер Пуцін разыгрывае «сырыйскую карту»: ён хоча, каб Захад за Сырыю дараваў яму Ўкраіну.

«Сырыйская гульня Пуціна — гэта поўная зьмена парадку дня. Ён хоча адсунуць Украіну, дзе ён у стане цугцвангу, і пераканаць Захад, што ён яму вельмі патрэбны. Цяпер Пуцін абяцае даць сілы для наземнай апэрацыі супраць „Ісламскай дзяржавы“. „Сырыйскі гамбіт“ — гэта адчайная спроба Пуціна ўратаваць твар. І нават не перад расейскім грамадзтвам, а перад сваім атачэньнем. Бо калі атачэньне бачыць, што першая асоба прамахнулася, то ў гэтай асобы могуць узьнікнуць праблемы. Ён хоча зьмяніць парадак дня, вярнуцца ў клюб вялікіх дзяржаў, ды ня проста вярнуцца, а паклаўшы ногі на стол — вы, маўляў, безь мяне не дасьцё рады „Ісламскай дзяржаве“. Вось гэтаму будзе прысьвечана выступленьне Пуціна ў Генасамблеі ААН 28 верасьня», — лічыць расейскі палітоляг.

Атачэньне Пуціна не дапусьціць ядзернай вайны

Разважаючы пра тое, ці можа Пуцін сапраўды ўжыць ядзерную зброю ў канфлікце з Захадам, Піянткоўскі ўзгадаў словы Ангелы Мэркель пра тое, што Пуцін «жыве ў іншай рэальнасьці». Аднак, на думку Піянткоўскага, нават калі Пуцін сапраўды зьедзе з глузду, яго атачэньне не дапусьціць, каб ён пачаў ядзерную вайну:

«Вядома, заклапочанасьць яго здароўем выкліканая тым, што гэты чалавек, як гаворыцца ў масавай культуры, трымае палец на ядзернай кнопцы. Аднак тэхналягічна гэта не зусім так, і я гэта кажу як чалавек, які займаўся ядзернымі стратэгіямі. Гэта складаны працэс. Я скажу так: вакол яго, можа, за выключэньнем Патрушава, які часта кажа цалкам вар’яцкія рэчы, няма людзей, гатовых ператварыцца ў радыеактыўны попел. Пуцін і ягонае асяродзьдзе — гэта вельмі багатыя людзі, жыцьцялюбцы. Гэта не фанатыкі і не шахіды. Гэта людзі, якія строяць зь сябе вар’ятаў. Таму яны гэтага не дапусьцяць. Гэта толькі шантаж», — упэўнены экспэрт.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG