Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэкорд лоеўскіх міліцыянтаў — шэсьць пратаколаў за адно затрыманьне журналістаў-фрылансэраў


Гомельскі журналіст-фрылянсэр Кастусь Жукоўскі. Гомель, 30 студзеня 2016 году
Гомельскі журналіст-фрылянсэр Кастусь Жукоўскі. Гомель, 30 студзеня 2016 году

Гомельскі журналіст-фрылансэр Кастусь Жукоўскі атрымаў з Лоева адразу чатыры адміністрацыйныя пратаколы — пасьля зьняцьця сюжэту аб мясцовым камбінаце будаўнічых матэрыялаў і затрыманьня міліцыяй.

Усе пратаколы склаў старшы ўчастковы інспэктар маёр міліцыі Андрэй Хічоў.

Два зь іх — нібыта за абразу кіраўніцы спраў Лоеўскага райвыканкаму Ірыны Пастуховай і намесьніцы старшыні райвыканкаму па ідэалёгіі Натальлі Кауравай, а таксама першага намесьніка начальніка РАУС Генадзя Маджары.

Трэці пратакол — за нібыта непадпарадкаваньне таму ж Маджары, чацьвёрты — за дробнае хуліганства. Як пазначана ў пратаколе, які чытаць амаль немагчыма з прычыны неразборлівага почырку, Жукоўскі «парушыў дзейнасьць арганізацыі РАУС», «моцна крычаў», «выклікаў праклёны» і «сваімі дзеяньнямі выражаў яўную непавагу грамадзтву».

«Зьдзіўляюся, чаму толькі чатыры — маглі б і больш пратаколаў скласьці. Узяў Кодэкс — там абраза, тут хуліганка, непадпарадкаваньне. У пратаколах жа ані слова ня сказана, што за абраза, у чым яна выявілася. Міліцыянты самі складаюць пратаколы, самі сьведчаць. Калі мяне душылі ў міліцыі, ціснулі галаву каленам да падлогі, я сапраўды крычаў, каб „здохлі тыя ажно да пятага калена, хто парушае заканадаўства“. Усё астатняе — вымысел, перакручваньне фактаў», — кажа Кастусь Жукоўскі.

Фрылансэр прыгадвае, што 21 чэрвеня разам з Аляксеем Атрошчанкам яны здымалі ў Лоеве відэасюжэт пра гаротны стан мясцовых прадпрыемстваў. На відэа ёсьць і размова з чыноўніцамі райвыканкаму, якія, з усяго відаць, і выклікалі міліцыянтаў, каб спыніць відэаздымкі.

«Разьбірацца з фрылансэрамі» спачатку прыехалі двое супрацоўнікаў ДАІ, неўзабаве — яшчэ трое, уключна з начальнікам РАУС Уладзімерам Бухаўцовым.

«У міліцыі нас трымалі амаль шэсьць гадзінаў, — дадае Кастусь Жукоўскі. — Але ніякіх пратаколаў не складалі. Асабіста зь мяне зьдзекаваліся, ужывалі сілу. Я нават напісаў заяву ў раённы аддзел Сьледчага камітэту, пабоі зафіксавалі ў раённым шпіталі, а па прыезьдзе ў Гомель я напісаў таксама скаргу начальніку абласнога УУС на дзеяньні лоеўскіх міліцыянтаў. Мне вядома, што й міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч публічна паабяцаў „не пакінуць без увагі“ інцыдэнт у Лоеве.

Выглядае, што пасьля чатырох адміністрацыйных пратаколаў супраць мяне і двух у дачыненьні да Аляксея Атрошчанкі лоеўскай міліцыі будзе прасьцей апраўдвацца за тое, што беспадстаўна перашкаджалі відэаздымкам камбінату будматэрыялаў, які апынуўся ў крызысным стане».

Напарнік Жукоўскага Аляксей Атрошчанка паведаміў, што і супраць яго той жа старшы ўчастковы інспэктар Андрэй Хічоў склаў два пратаколы.

Аляксей Атрошчанка
Аляксей Атрошчанка

«Наколькі можна было разабрацца ў мудрагелістым почырку ўчастковага, ён і мяне вінаваціць у „выказваньні абразы службовых асоб дзяржаўнага органу пры выкананьні імі службовых абавязкаў, паўнамоцтваў (...), здымаючы ўсё на відэаздымкі“. Так даслоўна. Я нібыта таксама абражаў абедзьвюх чыноўніц, хаця, паводле пратаколу, пацярпелай запісана толькі Пастухова, а Натальля Каурава — сьведка. Калі так, значыць, не было на яе адрас абразы».

Па словах Атрошчанкі, другі пратакол, складзены ўчастковым інспэктарам Хічовым, датычны нібыта «непадпарадкаваньня законным патрабаваньням начальніка міліцыі Ўладзімера Бухаўцова».

«Быццам я адмаўляўся садзіцца ў службовы аўтамабіль, каб мяне везьлі ў РАУС дзеля складаньня пратаколу за абразу чыноўніц». Насамрэч, мне толькі заявілі: «Вы парушаеце відэаздымку. Паехалі!» Ну, і павялі», — паведаміў Аляксей Атрошчанка.

Ехаць у раённы аддзел міліцыі супрацоўнікі ДАІ загадалі і Жукоўскаму — ён быў за рулём уласнай машыны. З Жукоўскім асобна гутарыў намесьнік начальніка міліцыі Генадзь Маджара. Затрымалі, завезьлі, і як вынік — шэсьць адміністрацыйных пратаколаў на дваіх фрылансэраў, ды яшчэ пашкоджаная відэакамэра.

«Мы цяпер з Жукоўскім і Атрошчанкам абскарджваем гэтыя пратаколы ў абласной міліцыі, — кажа гомельскі праваабаронца, юрыст Леанід Судаленка. — Відавочная перадузятасьць. Зьвярну ўвагу і яшчэ на адну акалічнасьць. Позвы ў міліцыю дзеля складаньня пратаколаў гомельскія фрылансэры атрымалі 1 ліпеня, а пратаколы былі складзены 28 чэрвеня, праз тыдзень пасьля інцыдэнту і публічнай заявы міністра ўнутраных спраў „не пакінуць без увагі“ інцыдэнт у Лоеве».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG