Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завяршыўся першы дзень абвяшчэньня прысуду па справе Саўчанкі


Адвакаты Саўчанкі заяўляюць, што іх падабаронная ня мае намеру прызнаваць прысуд.

У Данецкам гарадзкім судзе Растоўскай вобласьці завяршыўся першы дзень абвяшчэньня прысуду ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанцы, якая абвінавачваецца ў датычнасьці да забойства двух расейскіх журналістаў летам 2014 г. пад Луганскам.

У панядзелак судзьдзя зачытаў частку матэрыялаў крымінальнай справы, у прыватнасьці, паказаньні сьведак і вынікі судовых экспэртыз.

У ходзе абвяшчэньня прысуду суд пагадзіўся з асноўнай часткай абвінавачваньняў, заявіўшы, што Саўчанка зьдзейсьніла забойства журналістаў па матывах нянавісьці і варожасьці, а таксама незаконна перасякла мяжу Расеі. Раней у ходзе спрэчкі бакоў дзяржаўнае абвінавачваньне прасіла прысудзіць украінскіх вайскоўцаў да 23 гадоў пазбаўленьня волі.

Адвакаты Саўчанкі заяўляюць, што іх падабаронная ня мае намеру прызнаваць прысуд. «Ёй прысуд не цікавы, яна лічыць, што ён ня мае дачыненьня да правасуддзя. Яна сказала, што ня мае намеру прызнаваць прысуд, і ня мае намеру абскарджваць», — паведаміў журналістам адвакат Мікалай Полазаў. Паводле яго слоў, Саўчанка таксама заявіла пра намер абвясьціць сухую галадоўку пасьля вынясеньня ёй прысуду.

Пры гэтым на судовае пасяджэньне ў панядзелак пусьцілі ня ўсіх журналістаў, а ўкраінскай дэлегацыі некалькі разоў адмаўлялі ў прысутнасьці ў залі суду. У Расею таксама не пусьцілі упаўнаважаную прэзыдэнта Ўкраіны па мірным урэгуляваньні сытуацыі ў Данецкай і Луганскай абласьцях Ірыну Герашчанку.

Абвяшчэньне прысуду, як чакаецца, працягнецца 22 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG