Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз кардынала Пьетра Параліна перададуць запрашэньне папу


Пьетра Паралін

Пьетра Паралін

12 сакавіка на запрашэньне беларускіх уладаў пачне візыт у Менск дзяржаўны сакратар папы Францішка Пьетра Паралін. Гэта другі падобны візыт за гісторыю адраджэньня каталіцкага касьцёлу ў Беларусі. 7 гадоў таму краіну наведаў кардынал Тарчызіё Бэртонэ. Гэта другая пасьля папы Францішка асоба ў касьцёле. Заплянаваныя сустрэчы Пьетра Параліна ня толькі зь вернікамі, але й кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам ды іншымі афіцыйнымі асобамі. Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч мяркуе, што гэты візыт паспрыяе сярод іншага рэалізацыі праекту Менскай тэалягічнай акадэміі.

«Зусім нядаўна была зарэгістравана Менская тэалягічная акадэмія імя сьвятога Яна Паўла ІІ — вышэйшая каталіцкая навучальная ўстанова ў Беларусі. Гэты праект трэба рэалізаваць далей, бо рэгістрацыя дае магчымасьць быць юрыдычнай асобай, але патрэбна месца, будынак і г. д. Таму я спадзяюся, што гэты візыт будзе спрыяць і вырашэньню праблем з выдзяленьнем зямлі і з рэалізацыяй гэтага праекту», — сказаў парталу Catholic.by мітарпаліт.

Адносна таго, ці будзе спрыяць гэты візыт прыезду папы ў Беларусь, мітрапаліт адзначыў, што вернікі ўжо даўно чакаюць папу: «Мы хочам зьвярнуцца да кардынала Пьетра Параліна з тым, каб ён перадаў нашу настойлівую просьбу — ад імя ня толькі біскупаў, але і вернікаў, бо вернікі вельмі просяць пра гэта, — каб папа Францішак у сваёй праграме заплянаваў і візыт у Беларусь». Падчас візыту кардынал Пьетра Паралін мае асьвяціць першы камень будынку апостальскай нунцыятуры, які ўзводзіцца ў Менску. Кардынал будзе знаходзіцца ў Беларусі да 15 сакавіка.

XS
SM
MD
LG