Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Неўзабаве давядзецца „дамалёўваць“ нулі і на новыя купюры», — экс-банкір


Крамы ў цэнтры Гомелю гандлявалі 1 ліпеня ўсё яшчэ па-старому. У краме № 2 ААТ «Цукаргандаль» прадавачка Валянціна тлумачыць:

«Каб пакупнікі прывыкалі, мы называем новыя кошты на прадукты і дублюем ранейшыя. Купіў чалавек малака, тварагу, кефіру, кажам: „Пяць рублёў 80 капеек, па-старому — 58 тысяч“. У нас пакуль толькі адзін чалавек разьлічыўся новымі грашыма, але рэшту атрымаў старымі. Нам абяцалі сёньня прывезьці з банку новыя грошы, але яшчэ не прывезьлі. Чакаем».

Касавыя апараты ў краме выдаюць «ранейшую арытмэтыку» — сотні, тысячы, дзесяткі тысяч. Перапраграмаваныя толькі электронныя тэрміналы, яны працуюць.

Цэны па-новаму

Цэны па-новаму

Ад сёньня кошты ў краме на прадукты пачалі пазначаць на цэтліках з улікам новых грошай, ніжэй — старыя кошты. Дагэтуль было наадварот: спачатку кошты ў тысячах, а потым — у рублях і капейках.

Апоўдні новыя грошы паступілі ў гарадзкі ўнівэрмаг на вуліцы Савецкай. У харчовым аддзеле, дзе найбольш пакупнікоў, адміністрацыя вывесіла абвестку: «Інкасацыя».

Прадавачкі каля касаў старанна лічаць новыя грошы — капейкі трымаюць у поліэтыленавых мяшэчках. Лягчэй прадавачкам з папяровымі банкнотамі — іх ня так шмат.

«Непрывычна, вядома ж, з капейкамі. Але ж нічога ня зробіш, давядзецца прывыкаць», — кажа маладая гандлярка, высыпаючы чарговую порцыю манэт на працоўны стол.

Людзі сталага веку таксама дзівяцца на жоўта-сталёвыя айчынныя манэты: як ніяк, а два з паловай дзесяцігодзьдзі не карысталіся капейкамі.

«От, як ня будуць цэны кожны тыдзень падвышаць, то, можа, лепей будзе, — мяркуе пакупніца. — Але ж хіба цяпер усочыш? Там капеечка, там дзьве ці тры — непрыкметна на першай пары — а ў вас ужо рубліка ў кашальку няма».

Інтэлігентнага выгляду гараджанін згадвае, як Аляксандар Лукашэнка, наведваючы два тыдні таму фабрыку «Спартак», абяцаў «адрываць галовы» за рост цэнаў з-за дэнамінацыі:

«Памятаеце, так і заявіў: „Мы за гэта адарвем галовы, калі хто паспрабуе скарыстацца гэтым тэхнічным працэсам (гэта чыста тэхнічнае мерапрыемства)“. Праўда, пасьля гэтага Лукашэнка трохі суняўся: „Калі ідзе пералік коштаў, ёсьць жаданьне крыху падвысіць, на капеечку. Больш, канечне, не атрымаецца, таму што ўсё пад кантролем“. Думаю, што „капеечка“ на кошты ёсьць у запасе ў кожнага вытворцы, у кожнай гандлёвай арганізацыі. І ня важна ўжо, што пасьля гэтага кіраўнік дзяржавы раіў на капеечку паніжаць, каб „паступаць салідна“».

У адрозьненьне ад крамаў, гомельскія банкі 1 ліпеня не працавалі з кліентамі. Зачыненыя былі «Белаграпрамбанк», «Беларусбанк», «Масква-Менск», «Тэхнабанк», БелВЭБ. Не функцыянавалі таксама і многія абменьнікі і банкаматы.

На вуліцы Рагачоўскай банкамат «Белаграпрамбанку» на трох мовах — беларускай, расейскай і ангельскай — папярэджваў, што не функцыянуе.

На Нова-Палескай банкамат «БелВЭБ» папярэджваў, што загружаны старымі купюрамі.

І толькі банкамат «Тэхнабанку» ў залі ўнівэрмагу выдаваў праз плястыкавыя карткі новыя грошы. Усе астатнія банкаўскія структуры толькі настройваліся на новы лад.

Адзін з былых рэгіянальных кіраўнікоў «Белаграпрамбанку» лічыць цяперашнюю дэнамінацыю нацыянальнай валюты ці адно не афэрай. Чаму?

«Ды таму, што гады праз тры мы будзем зноў мець тыя ж скасаваныя нулі. Няхай не чатыры, а тры дык пагатоў. Дэнамінацыю робяць, калі нацыянальная эканоміка на ўздыме. А ў нас яна падае. Эканоміку не ўратавалі, а грошы надрукавалі. Столькі выдаткаў на іх выраб пайшло — цяпер не выкінеш. Вось і ўводзяць. Так што неўзабаве давядзецца „дамалёўваць“ нулі і на новыя купюры — ужо чацьвёрты раз, і, канечне, з прычыны дэвальвацыі».

XS
SM
MD
LG