Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасяленка з Луганску: «Адзінай навіной для дзяцей было тое, што пачалі вывучаць расейскую мову...»


Акопы ў жылым раёне на тэрыторыі, падкантрольнай так званай «ЛНР». Ілюстрацыйнае фота
Акопы ў жылым раёне на тэрыторыі, падкантрольнай так званай «ЛНР». Ілюстрацыйнае фота

Сям’я з-пад Луганску ад ваенных падзеяў на радзіме ратуецца ў Горадні.

Спадарыня Алена, якая разам з мужам і дзьвюма дочкамі ў 2014 годзе пераехала з Луганскай вобласьці ў Беларусь з прычыны ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне, вагалася, ці варта ёй гутарыць са Свабодай. Маўляў, ня хочацца мець ніякіх праблемаў зь беларускай дзяржавай. Урэшце на размову пагадзілася, але без палітыкі, прозьвішчаў, асабістых дадзеных.

Спадарыня Алена кажа, што яе сям’я жыла побач з Луганскам. Мелі добры дом, гаспадарку, сад, вінаграднік, але ўсё давялося пакінуць, бо зразумелі, што так будзе значна лепей для будучыні дзяцей.

Мы спачатку спрабавалі знайсьці нейкі прыстанак у Расеі, але не атрымалася, а тут у нас жыла радня. Прыехалі, агледзеліся, напачатку атрымалі прапанову жыць у Воранаўскім раёне. Там далі жыльлё ў аграгарадку, мы з мужам пачалі працаваць, дзеці пайшлі ў школу. Год мы там прабылі — добрыя умовы. Праўда, у школу дзецям даводзілася хадзіць у суседнюю вёску. А вось старэйшая дачка павінна была паступаць у ВНУ, і патрэбна было неяк рыхтавацца да гэтага, а таму перабраліся ў Горадню, здымаем кватэру.

Працу знайсьці было складаней. Але муж працуе па спэцыяльнасьці — электрыкам у будаўнічай арганізацыі, а я знайшла трошкі іншую працу, але мы пакуль задаволеныя.

Мы раней былі ў Беларусі і ведалі, што краіна гасьцінная, добрыя людзі. Цяпер, пажыўшы, адчулі, што краіна па ўзроўню жыцьця блізкая да эўрапейскіх, бо ня маючы вялікіх прыродных рэсурсаў хоча жыць за кошт увядзеньня новых тэхналёгій. Эканоміка тут працуе, ЖКГ працуе, вуліцы асьветленыя, дарогі проста шыкоўныя, і гэта ня толькі мая асабістая думка.

Перад намі стаяла мэта: даць нармальнае жыцьцё сваім дзецям. І тут мы пабачылі пэрспэктыву для іх. Яшчэ з самага пачатку, калі мы прыехалі, неяк у парку ў Горадні пазнаёміліся з маладымі людзьмі, і нам было дзіўна ад іх слухаць, што тут усё дрэнна, для моладзі няма пэрспэктываў, заробкі малыя, няма дэмакратыі. А я ім тады сказала, што вы нават не ўяўляеце, адкуль прыехалі мы, і што там адбываецца. Праўда, наўрад ці яны мяне зразумелі.

Мушу сказаць, што мэнталітэт беларусаў іншы, вы занадта хутка жывяце, мы не пасьпяваем часта за вашымі дзеяньнямі, у вас іншы рытм. Тут людзі жывуць ня толькі тым, каб працаваць на гаспадарцы, зарабляць, тут многа падзей культурніцкіх і іншых, у якіх удзельнічаюць самі людзі, яны імкнуцца жыць гэтым. Для нас гэта было новым.

Зь беларускай мовай у нас праблемаў наагул не было. Нашы дзяўчынкі вучыліся ва ўкраінскай школе з паглыбленым вывучэньнем замежнай мовы. А беларуская мова такая ж сугучная, як і ўкраінская. Праўда, трохі нязвыклым было «ў», шыпячыя зычныя, але з гэтым мы справіліся даволі хутка. Адзінай навіной было тое, што мы пачалі вывучаць расейскую мову, бо ў нашай школе яе не выкладалі. Хоць дзеці, як і мы, свабодна гавораць па-расейску. Нашы дзеці хутка пачалі чытаць па-беларуску лепей за многіх мясцовых вучняў.

Нашы дзеці хутка пачалі чытаць па-беларуску лепей за многіх мясцовых вучняў

У маёй малодшай дачкі самы цяжкі прадмет ва Ўкраіне была гісторыя. А тут усё зьмянілася. Яна ўдзельнічае ў школьнай алімпіядзе па гісторыі, распавядае нам пра князёў і замкі, мы ўжо шмат чаго ведаем пра розныя гарадзенскія помнікі і вуліцы дзякуючы нашай малодшай дачцэ. І пасяліліся мы ў старым горадзе, бо тут нейкая незвычайная атмасфэра ад гэтых старых камяніц. Уся наша сям’я гэта адразу адчула. Прыгожы горад, і напэўна яго вельмі любяць, бо ён так цудоўна выглядае. Тут проста цікава, бо гісторыя тут паўсюль. Мы былі на раскопках у Старым замку, і вельмі любім прыходзіць да Каложы — сапраўды сьвятое месца, дзе можна пачэрпаць сілы.

Беларусы добра да нас паставіліся, відаць, шмат пабачылі на сваім жыцьці. Мы прыехалі ў Горадню зь дзьвюма торбамі, а ў Воранаўскі раён ужо везьлі і мэблю і лядоўню, і адзеньне мелі, і пасьцельныя рэчы. І ў вёсцы нам, хто чым мог, тым і дапамог. Дарэчы, найперш прынесьлі беларускага сала ды кажуць, што вы ўкраінцы бяз сала ня можаце. Канешне, пасьмяяліся, але з другога боку такое стаўленьне людзей вельмі кранула. У прынцыпе, у нас ва Ўкраіне таксама такая традыцыя засталася, але калі гэта адчуваеш на сабе, то папросту болей яе шануеш. Людзі прыходзілі, цікавіліся пра наша жыцьцё, мы часам падоўгу размаўлялі, распавядалі ім, слухалі пра тое, што яны кажуць. Нам напачатку было вельмі нязвыкла слухаць іх мову, дзе трасянка як найменей з трох моваў складаецца. Нават часта не разумелі, але потым прыжыліся.

На радзіме засталося шмат сяброў, праўда, многія разьехаліся, як і мы. Летам яшчэ лягчэй жыць, бо ўсё сасьпела ў гародах і садах, але цэны вельмі высокія. Асабліва дорага аплаціць камунальныя паслугі. Пэнсіі плацяць, але маленькія — недзе тысячу грывень, але калі аддасі за камунальныя, то нічога не застаецца на пражыцьцё. Заробкі таксама малыя — прыкладна 1500-1700 грывень, і пражыць за гэта немагчыма. Вельмі многія кідаюць свае дамы і зьяжджаюць у заработкі. Дакладна ведаю, што толькі з нашага пасёлку ў Беларусі жыве тры сям’і.

Па суадносінах цэнаў і заробкаў Беларусь з Украінай не параўнаць. Я атрымлівала 800 грывень, а тут у калгасе каля чатырох мільёнаў, і яшчэ муж таксама зарабляе. Дарэчы, у Беларусі выдатныя харчы, якасныя і па коштах такія ж як ва Украіне.

Цяпер так далёка не загадваеш. Паглядзім, як дзеці захочуць далей жыць. Мне падабаецца ваша школа, тут высокі узровень адукацыі, і дзеці гэта адчулі. Канешне, у нас ёсьць радзіма, ёсьць родны дом, сьцены родныя, але якія пэрспэктывы цяпер там для дзяцей?.. Ды і што мы цяпер там будзем рабіць без працы?..

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG