Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Перасяленцы з Казахстану і Ўкраіны ўцякаюць зь беларускіх вёсак


Аляксандар Русланаў, які жадае зьехаць зь Беларусі

Аляксандар Русланаў, які жадае зьехаць зь Беларусі

Перасяленцы з Казахстану і ўцекачы з Данбасу, якія ў пошуках лепшай долі вырашылі спыніцца ў Беларусі, пакідаюць свае дамы, пажыўшы і папрацаваўшы ў СПК, і зьяжджаюць.

За апошні час зь вёскі Воля, што ў Івацэвіцкім раёне на Берасьцейшчыне, выехалі тры ўкраінскія сямʼі.

Ужо амаль распрадаў сваю маёмасьць грамадзянін Казахстану Аляксандар Русланаў, які жадае зьехаць наагул зь Беларусі.

«Сюды я прыехаў з Казахстану ў 2009 годзе. У Івацэвіцкім раёне ў мяне працаваў аднаклясьнік, кіраваў гаспадаркай у вёсцы Хадакі, што за 20 кілямэтраў ад райцэнтру. Я наведаўся да яго, паглядзеў. Мне спадабалася, тым болей што ў Казахстане ў той час сытуацыя была ня вельмі добрая. Але празь некаторы час сталася так, што ў майго сябра пачаліся нейкія праблемы зь фінансавымі органамі, таму ён зьехаў. А пасьля гэтага і ў нас сапсаваліся заробкі, таму мы перабраліся ў суседнюю вёску Воля, дзе ўладкаваліся ў мясцовы СПК на працу. Я працаваў кіроўцам, а мая жонка — на фэрме, жывёлаводам».

Але варункі працы ў параўнаньні з тымі, што былі ў Казахстане, выклікалі шок. Адаптавацца да гэтага Аляксандар так і ня здолеў.

«Зьдзівіла мяне вельмі тое, што тут на конях езьдзяць. У Казахстане такога даўно ўжо няма. Усё мэханізаванае, пра жывёльную сілу забыліся. Працы вядуцца ці на Т-25, ці на Т-40. Хіба што пагрузка вядзецца ўручную. А тут мяхі вялізныя — на коніку. Цягаць трэба вялізныя цюкі па 40 кіляграмаў, маўляў, гэта ж абавязак, нібыта аплочваецца яго перамяшчэньне. І ў выніку 3–4 жанчыны цягнуць гэты цюк. Хіба гэта нармальна — такі падыход?

А адказнасьць — ніколі не бывае вінаватым кіраўніцтва. Заўсёды пакараньне пераводзіцца на простых працаўнікоў.

Зьдзівіла мяне вельмі тое, што тут на конях езьдзяць

Агулам складаецца ўражаньне, што тут працуюць і жывуць, нібы ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя. Няма ахвоты і зацікаўленасьці ў тым, каб нешта новае ўводзіць. Прычым ведаю, што дзяржава выдзяляе вялікія сродкі на разьвіцьцё сельскай гаспадаркі. Але нічога няма з гэтага. Зьверху паступіла каманда — і ні на крок убок ад гэтай каманды. Вось толькі часы паўсюль зьмяніліся. Ісьці насуперак цячэньню нельга. Часам, калі чую размовы пра аднаўленьне калгасаў, СПК, то ў мяне складаецца такая асацыяцыя: гэта ж як падняць з магілы нябожчыка. Навошта за гэта трымацца, прасьцей было б збанкрутаваць і перадаць прыватніку, які навёў бы парадак ды разьлічыўся б з даўгамі».

Аляксандар Русланаў зьвяртае ўвагу, што на новым месцы складана знайсьці сяброў. Цяжка прызвычаіцца да стасункаў паміж кіраўніцтвам і падначаленымі. Ніколі ў Казахстане Аляксандар не сутыкаўся з пагардлівым стаўленьнем да сваіх падначаленых. Для яго было дзіўным чуць з вуснаў адказных асобаў абразьлівыя словы, у тым ліку і непрыстойную лаянку.

«Ствараецца ўражаньне, што працаўнікі ў сельскай гаспадарцы тут, у Беларусі, — проста ніхто. Іх трымаюць, прабачце за слова, за быдла. Ніхто не жадае размаўляць зь людзьмі, не вітаюцца з простымі працаўнікамі. І ведаеце, спачатку тут было вельмі прыемна працаваць. Добрае стаўленьне было. Але вось апошнія некалькі гадоў проста немагчыма. Такая пагарда прывяла да таго, што я вырашыў зьехаць наагул зь Беларусі. Тут не патрэбныя працавітыя людзі. Дзіўна, але выглядае, што кіраўніцтва жадае, каб былі пʼяніцы. А ведаеце, такіх людзей прасьцей прыціснуць, яны потым ледзь ня суткамі працуюць. А нармальныя людзі не патрэбныя».

Дзіўна, але выглядае, што кіраўніцтва жадае, каб былі пʼяніцы

Мігранты з Казахстану, якія аселі ў вёсцы Воля, ускалыхнулі вяскоўцаў, а яшчэ больш кіраўніцтва СПК тым, што пачалі адстойваць свае правы ў судах.

«Здарылася ў мяне непрыемная сытуацыя. Я вёз на поле ўгнаеньні. Сваю справу я зрабіў досыць добра, зусім без аніякіх праблемаў. На полі рабочыя тое ўгнаеньне, што я прывёз, засыпалі ў спэцыяльныя адсекі ў трактар, які раскідваў рэчывы па полі. Зразумела, што маёй прысутнасьці людзі, якія працавалі, не патрабавалі, я адыходзіў ад аўтамабіля свайго. А за гэты час нехта адсыпаў чатыры ці шэсць мяхоў гэтага ўгнаеньня і схаваў яго. Але сталася так, што гэты факт крадзяжу быў ускрыты. Адразу ж быў складзены загад на працаўнікоў, што былі ў полі, аб пазбаўленьні заробку. Такім чынам зь мяне зрабілі злодзея. Я абурыўся. Па-першае, мне ніхто не выпісваў аніякіх суправаджальных дакумэнтаў на груз. Па-другое, пакаралі, нават не разьбіраючыся».

Аляксандар зьвярнуўся ў суд. Справа цягнулася доўга, але ўрэшце ён выйграў.

«Мне вярнулі ўтрыманы заробак. Я вярнуў сабе добрае імя. А вось кіраўнік СПК нават падчас судовага паседжаньня казаў, што жадае нас, казахаў, выжыць адсюль. Каб мы тут не жылі. Нават пракурор абурыўся на гэтыя словы і папярэджваў пра адказнасьць за такія заявы», — кажа Аляксандар.

Зьбіраючы свае рэчы, Аляксандар Русланаў кажа, што насамрэч праблема таксама і ў людзях, бо мясцовыя церпяць стаўленьне, церпяць парушэньні сваіх правоў. Людзі ня вераць судам, баяцца ўлады. Да таго ж цяпер часы і так складаныя, цяжка з працай, нізкія заробкі. Ён гэтага цярпець не жадае і зьяжджае, а мясцовым застаецца толькі цярпець.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG