Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Закінулі нас сюды, як да чорта на выселкі. Перасяленцы-чарнобыльцы пра сваё жыцьцё «на чужыне»


Чарнобыль змусіў тысячы семʼяў пакінуць родныя мясьціны. Нямала вымушаных перасяленцаў павярталіся на радзіму, бо не змаглі прыжыцца на чужыне. Стаўленьне да іх было часам далёкае ад гасьціннага. Пра тое, з чым «чарнобыльцам» давялося сутыкнуцца на новых месцах, яны апавялі Свабодзе.

Жыхарка адной зь вёсак Слаўгарадзкага раёну Кацярына (яна прасіла не называць назву паселішча, баючыся, што ў мужа будуць праблемы на працы) у 1991 годзе наважылася разам з мужам перабрацца далей ад забруджаных радыяцыяй родных мясьцін. Маладой сямʼі выдзелілі катэдж у пасёлку для перасяленцаў у Клічаўскім раёне. Прабылі яны там, як прызнаецца Кацярына, нядоўга. Ня вытрымалі, кажа, умоваў жыцьця і незычлівага стаўленьня тамтэйшых жыхароў. Пра той пэрыяд разлукі з роднымі мясьцінамі жанчына апавядае са сьлязьмі.

Мэмарыял пахаваным вёскам у Слаўгарадзе

Мэмарыял пахаваным вёскам у Слаўгарадзе

«Непрыязнае стаўленьне было ня толькі да нас канкрэтна, але да ўсіх, хто перасяліўся, — апавядае Кацярына. — Напрыклад, прыходзіш у краму, стаіш у агульнай чарзе па хлеб. Ён сканчаецца — і тады вінавацяць у гэтым „чарнобыльцаў“, маўляў, празь іх не хапае харчоў. Так у вочы і казалі. Тады ж час быў дужа цяжкі. Усяго не хапала».

«Далі нам катэдж у сырым месцы, — працягвае суразмоўніца. — Тынк адлятаў. Сьцены цьвілі. Чорныя былі. Нарадзілася дзіця. І яму ў той кватэры нельга было жыць. Дапамогі нам ні ад кога не было. Вырашылі ехаць назад, у родную вёску...»

Кацярыне крыху больш за сорак. Выйшла замуж, кажа, зусім маладой. З вышыні пражытых гадоў спрабуе знайсьці апраўданьне паводзінам тых вяскоўцаў, якія гэтак негасьцінна сустрэлі перасяленцаў.

У вёсцы Слаўгарадзкага раёну з правам на адсяленьне

У вёсцы Слаўгарадзкага раёну з правам на адсяленьне

«Беларусь жа вялікая, — кажа яна. — Ня ўсе ж, відаць, беларусы такія гасьцінныя ды памяркоўныя. Характары розныя ў людзей. Нам, відаць, трапіліся тыя, у каго характар быў больш жорсткі. Дый мы маладыя тады былі. Яшчэ не пасьпелі прызвычаіцца да жыцьця, што яно рознае, не як дома».

«Мы ня здолелі на чужыне даць рады ўсім цяжкасьцям, — працягвае Кацярына. — Дый у нашай роднай вёсцы жыло тады яшчэ шмат людзей і маладых сямей. Вось мы і вярнуліся. А нашай роднай хаты ўжо і няма. Нехта яе зьвёз. Толькі падмурак застаўся. Але прэтэнзіяў у нас не было, бо нам выплацілі за яе, як зьяжджалі, кампэнсацыю. Цяпер жывём у чужой хаце. А наша была яшчэ новая. Тата яе ставіў».

Вёска, дзе жыве Кацярына, — у зоне з правам на адсяленьне. Жыве ў ёй менш за дзесяць чалавек.

У Дрыбінскім «чыстым» раёне нямала пасёлкаў для перасяленцаў. Урэшце, і сам раён утварылі пасьля Чарнобыля. У вёсцы Расна кампактна пражываюць перасяленцы з Краснапольскага раёну. Для іх збудавалі катэджы. За тры дзясяткі гадоў перасяленцы звыкліся з жыцьцём удалечыні ад родных мясьцін.

«Мы ж не хацелі выяжджаць, бо ўсяго свайго нам было шкада. Хата ў нас была добрая. І карову сказалі збыць. Вось вам было б добра, каб сказалі: выбірайся са сваёй хаты? Мы не пагаджаліся, але ў нас было прымусовае перасяленьне», — згадвае васьмідзесяцігадовая жыхарка цяпер ужо Расны.

Пасёлак для перасяленцаў у Расьне

Пасёлак для перасяленцаў у Расьне

«А сустрэлі нас тут... Мы думалі, што зварʼяцеем, — працягвае кабета, зь цяжкасьцю стрымліваючы сьлёзы. — Пойдзем, бывала, па хлеб, дык тутэйшыя за намі ў чаргу не станавіліся. Крычалі крамніцы здалёк, каб не давала яна нам хлеба. Дужа кепска нам было. Як бы такое тут здарылася б і яны да нас пераехалі, то мы б такімі не былі. Але тыя злыя людзі даўно памерлі. Цяпер наша чарга паміраць. Дый нашых многа тут памерла».

Напачатку нас крыўдзілі, згадвае наступная суразмоўніца, але мы перажылі тое. «Называлі нас „сьвяцяшчыміся“. Стараліся тутэйшым ладзіць, каб кепскага нам не рабілі. Тады ж, вы, відаць, можа памятаеце, на пачатку 1990-х гадоў усё пайкамі давалі. Дык некаторыя тутэйшыя хацелі больш браць, а былі сьпісы, тады нас, „чарнобыльцаў“, вінавацілі, што мала ўсяго. Казалі, што мы свае парадкі ўстанаўліваем. Было што ўтойваць. Але пра гэта ня хочацца згадваць, бо яно мінула», — кажа суразмоўніца.

Каля кожнага катэджу ўзараны лапік зямлі

Каля кожнага катэджу ўзараны лапік зямлі

«У нас жа землі такія былі ўрадлівыя, — працягвае гутарку наступная перасяленка з Краснапольшчыны. — Тут жа адны горы. Век бы пражыў і іх не пабачыў. Нас жа прымусілі выехаць. Нашых вёсак ужо і няма. Пахавалі! Тут прынялі ня дужа. Старыя жыхары асабліва незалюбілі нас. А цяпер ужо абжыліся, што пра кепскае думаць...»

Паводле жанчыны, усе перасяленцы, як перабраліся ў Расна, стараліся трымацца сваёй грамады. За тры дзясяткі гадоў, кажа яна, амаль усе старыя паўміралі. Маладзейшыя здружыліся з тутэйшымі. «З усіх краснапольскіх мужчынаў засталося толькі два. Перасяленцаў ладнага тут было. Кватэры тут далі добрыя, няма на што наракаць. Але вось сіл ужо і няма, каб пажыць...»

І без хлеўчукоў не пражыць

І без хлеўчукоў не пражыць

У Чэрыкаўскім раёне, у гэтак званым Засожжы, якое найбольш пацярпела ад радыяцыйнага забруджаньня, узьвялі для перасяленцаў пасёлак Майскі. Ён забудаваны двухпавярховымі катэджамі на некалькі сямей. Па дарозе да самай забруджанай вёскі Чудзяны, якую даўно пахавалі, ад пасёлка адзінаццаць кілямэтраў. Каб дабрацца з Майскага ў райцэнтар, трэба ехаць зноў жа праз радыяцыйныя мясьціны.

«Тут жа кругом радыяцыя. Непадалёк Сож, але да яго не праедзеш, бо землі забруджаныя, — апавядае жыхар Майскага. — Нам кажуць, што ў пасёлку радыяцыі няма, але ў лес забаронена хадзіць. Рыбу вудзіць нельга. Вось так тут і жывём».

Суразмоўцу, як высялялі зь яго родных Чудзян, было сем гадоў. Згадвае, што бацькі не хацелі пераяжджаць. «У іх гаспадарка была добрая. Саўгас быў мільянэрам. Хата ў нас была свая, а тут катэдж лічыцца дзяржаўным. Пра прыватызацыю раней ня думалі, а цяпер гэта рабіць дорага. На Радаўніцу езьдзім на могілкі. А так — што ў Чудзянах рабіць? Няма іх...»

«Зона» гарыць. Такіх выпаленых мясьцін у «зоне» нямала

«Зона» гарыць. Такіх выпаленых мясьцін у «зоне» нямала

У Чудзянах пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС людзі жылі яшчэ чатыры гады. «Мы ведалі, што радыяцыя. Але грыбы і ягады бралі, свойскае малако пілі. На палях працавалі. Верталёты лёталі штодня. У апошні толькі перад перасяленьнем год нам пачалі казаць, што нельга нічога зьбіраць, саджаць, і наагул заявілі, што будуць нас перасяляць. Пабудавалі гэты пасёлак і нас сюды загналі — нібы тут радыяцыі няма», — апавядаюць наступныя суразмоўцы з Майскага.

«Яшчэ пяць гадоў таму Майскі лічыўся ў „чарнобыльскай зоне“, але цяпер яго пазбавілі такога статусу, — кажуць жанчыны. — Відаць, больш няма радыяцыі, але ў лес хадзіць нельга, дык якая тут „чыстая зона“ — Чарнобыль і ўсё. Вы ж праяжджалі і бачылі знакі на месцы вёсак. Дык вось Майскі, выходзіць, у цэнтры гэтай зоны. Спэцыялісты, праўда, дзяцей нашых правяраюць, але перавышэньня нормы не было зафіксавана. Мы б хацелі адсюль выехаць, але дзеля гэтага патрэбныя грошы, а дзе іх узяць?».

Нават каля памятных знакаў пахаваным вёскам таксама выпальваюць «зону»

Нават каля памятных знакаў пахаваным вёскам таксама выпальваюць «зону»

«Ды якая нам увага? Трыццаць гадоў мінула. Каму мы нада цяпер, — абураецца яшчэ адзін перасяленец з Чудзян. — Закінулі нас сюды, як да чорта на выселкі. Каму ў галаву прыйшла думка ўзводзіць тут пасёлак? Працы тут няма. Моладзь стараецца зьехаць туды, дзе яна ёсьць. Як ёй далей жыць? Не ўяўляю! У нас хоць пэнсія. Нешта наш „бацька“ зусім закінуў сяло гэта. Як хочаце, гэтак і выжывайце. Жыцьцё тут невясёлае. Радыяцыя вакол...»

Гэтак выглядае далягляд з Майскага. «Зона» гарыць

Гэтак выглядае далягляд з Майскага. «Зона» гарыць

У дзень прыезду ў Майскае «зона» гарэла. У пасёлку адчуваўся смурод гарэлай травы. Паводле мясцовых жыхароў, відовішча з чорнымі дымамі нярэдкія ў навакольлі. Пасялкоўцы лічаць, што з пажарамі ўзровень радыяцыі павялічваецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG