Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мытныя абмежаваньні закрануць толькі тых, хто езьдзіць за мяжу амаль штодня


З 10 сакавіка 2015 году фізычная асоба можа ўвезьці з-за мяжы на працягу трох каляндарных гадоў па 1 адзінцы шэрагу катэгорыяў тавараў.

Пра гэта паведаміў 6 сакавіка міністар па мытным супрацоўніцтве Эўразійскай эканамічнай камісіі Ўладзімер Гошын, адказваючы на пытаньне Свабоды, каго закране абмежаваньне на ўвоз некаторых тавараў у Беларусь цягам трох год:

«Я пачаў працаваць у мытных органах яшчэ ў часы Савецкага Саюзу. І тады існавалі спэцыяльныя інструкцыі, у якіх усё было дакладна прапісана. Напрыклад, дазвалялася ўвозіць за адну паездку толькі адну пару джынсаў, пяць вышываных хустак і гэтак далей. Усе тыя нормы я ўжо, шчыра кажучы, забыўся. Усё ж 30 гадоў прайшло. І тады ніякіх іншых пытаньняў не ўзьнікала.

Цяпер такога няма. Але давайце будзем рэалістамі. Што з таго, калі нейкі чалавек дзясятак разоў за год зьезьдзіць за мяжу? Мы будзем кантраляваць тых, хто амаль штодня езьдзіць за мяжу як на працу. Такія людзі ёсьць. І мы іх ведаем.

Таму праца мытніка і сыстэма аналізу рызыкі скіраваная менавіта на недапушчэньне ўвозу вялікай колькасьці тавараў якраз гэтымі людзьмі».

У спадара Гошына журналісты пацікавіліся, ці распаўсюджваецца новае правіла на расейскіх турыстаў, якія едуць за мяжу празь Беларусь. Адказ прагучаў так:

У першую чаргу гэта тычыцца грамадзян, якія езьдзяць за мяжу часта.

«У першую чаргу гэта тычыцца грамадзян, якія езьдзяць за мяжу часта. І ў першую чаргу грамадзян Беларусі. Каб фізычная асоба ведала, што калі пэўны парог яна ўжо пераступіла, то мытная служба можа задаць пытаньне: чаму ты вязеш адразу тры тэлевізары? Як правіла, расейскія турысты тры тэлевізары на тыдзень за пяць паездак ня возяць. Таму, уласна кажучы, і праблемаў зь імі ня будзе».

Спадар Гошын патлумачыў, што існуе адзіная норма перамяшчэньня тавараў фізычнымі асобамі Беларусі, Казахстану і Расеі. Аднак, паводле ягоных словаў, кожная краіна мае права карэктаваць такія нормы. Чыноўнік прывёў такі прыклад. Заканадаўства Расеі і Казахстану дазваляе лічыць паштовай перасылкай тавар вагой да 31 кіляграма і коштам ня болей за адну тысячу эўра. А вось паводле беларускіх законаў адпаведныя нормы ў пяць разоў меншыя. Цяпер чатыры краіны, якія ўваходзяць у Эўразійскі эканамічны саюз (а гэта — Армэнія, Беларусь, Казахстан і Расея), вядуць кансультацыі, як зрабіць такую норму адзінай.

З 10 сакавіка 2015 году фізычная асоба можа ўвезьці з-за мяжы на працягу трох каляндарных гадоў па 1 адзінцы такіх катэгорыяў тавараў, як пліты газавыя (альбо электрычныя), варачныя панэлі, выцяжкі бытавыя, кухонныя камбайны, печы мікрахвалевыя, духавыя шафы, ванны, душавыя кабіны, ракавіны, бідэ, унітазы, бачкі зьліўныя, лядоўні, пасудамыйныя і пральныя машыны, кавамашыны, воданагравальнікі, ноўтбукі, нэтбукі, пляншэты, ксэраксы, тэлевізары, кандыцыянэры, дзіцячыя вазкі ды іншае.

Цягам двух каляндарных гадоў можна будзе ўвезьці да 4 адзінак шынаў (альбо летніх, альбо зімніх) і дыскаў на кожны транспартны сродак, што знаходзіцца ва ўласнасьці чалавека, які ўвозіць гэтыя рэчы для асабістага карыстаньня.

Адлік пазначаных тэрмінаў вядзецца з 31 сакавіка 2014 году, паведамляе афіцыйны сайт Дзяржаўнага мытнага камітэту.

Калі праект пад назвай «Эўразійскі эканамічны саюз» яшчэ толькі задумваўся, шмат казалі, што ён будзе нагадваць Эўрасаюз. Але ж у Эўрасаюзе такіх дзіўных забаронаў няма.

Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец, у сфэры навуковых інтарэсаў якога знаходзяцца і пытаньні Эўразьвязу, адзначае:

«Гэты так званы Эўразійскі саюз існуе пераважна толькі на паперы. І ён, у адрозьненьне ад таго, што было задэкляравана, ня можа параўноўвацца з Эўразьвязам.

Там таксама ўсё ішло паступова. Але ішло паміж дзяржавамі, якія зьяўляюцца прававымі. А краіны Эўразійскага эканамічнага саюзу такімі не зьяўляюцца. Таму мы ўвесь час будзем сутыкацца з сытуацыямі, калі адна краіна ўводзіць нешта сваё альбо трактуе нібыта зразумелыя нормы на сваю карысьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG