Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераменаў і стабільнасьці — навагоднія чаканьні гамельчукоў


«Чаго вы чакаеце ад Новага году ў палітыцы, эканоміцы і сваім жыцьці?» На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.


Спадар: «Чакаю, што ўсё-ткі зьявіцца больш добрай і цікавай працы, бо цяпер на працы крызісная сытуацыя. Хочацца, каб больш разьвіваліся эканамічныя стасункі — з Эўропай, Расеяй і Ўкраінай яны не губляліся. Чакаю, што стабільнасьць наступіць, каб не было кожны дзень чаканьня дэвальвацыі, што ўсё абрынецца. Хачу, каб зьявіліся кандыдаты ў прэзыдэнты — такія цікавыя, альтэрнатыўныя. Каб быў выбар! Каб былі такія моцныя гаспадарнікі зь цьвярозым мысьленьнем, якія настроеныя на ўсталяваньне ўсебаковых сувязяў, на дэмакратыю».

Спадар: «Вельмі вялікіх пераменаў чакаю. У эканоміцы — хоць якой стабільнасьці. У сьвятле апошніх падзеяў вельмі напружана становіцца: інфляцыя, дэвальвацыя рубля. Я пачытаў апошнія навіны: 50-рублёвыя купюры ў нас прыбіраюць у краіне, і гэта таксама паказьнік. У палітыцы — каб усе міжнародныя канфлікты вырашыліся, бо яны ўплываюць на тую ж эканоміку. Ну, і новыя прэзыдэнцкія выбары. Як народ прагаласуе, так і будзе. Народ, бадай, ведае, што яму лепей».

Спадар: «У асабістым жыцьці ў мяне нармальна. Я пэнсіянэр, мне 70 гадоў. У палітыцы? Ведаеце, я апошнім часам засумняваўся ў Лукашэнку. Я галасаваў за яго ўвесь час, а цяпер — ня ведаю. Ён шмат чаго абяцае. Як толькі набліжаюцца выбары, ён усё абяцае, абяцае. Усім абяцае. І гайкі закручвае. А потым, калі яго выбралі — усё на тармазах».

Спадар: «Адмены падатку на валюту чакаем. У палітыцы — пераменаў. Калі будзе новы прэзыдэнт, то будуць у краіне і кардынальныя зьмены».

Спадар: «Галава баліць: праца, заробак, сям’я — паляпшэньне асабістага фінансавага становішча. А ў эканоміцы — скіраваны толькі на пагаршэньне сытуацыі».

Спадарыня: «У эканоміцы хочацца, каб уздым быў, працоўныя месцы. У палітыцы хочацца канструктыўных пераменаў, бо наш прэзыдэнт усё стараецца й стараецца, але мы ня можам ніяк выкараскацца. Вось „Гомсельмаш“ куляецца. А хочацца, каб людзі працавалі, бо ад гэтага ўсім больш радасна. У асабістым жыцьці — каб праца ў мяне добрая зьявілася, бо я бяз працы, каб дзеці здаровыя былі».

Спадар: «У эканоміцы чаго хочацца? Каб яна стабільнаю была, каб можна было выжываць нармальна, а не існаваць».

Спадарыня: «Пераменаў! І няхай яны будуць у лепшы бок».

Спадар: «Чаго ты чакаем? Каб сямейнае жыцьцё наладзілася, якое сёлета парушылася. Каб жонка і дзіця былі побач — гэта самае галоўнае. У палітыцы? Няхай будзе ўсё ня так».

Спадар: «Каб 2015 год быў не цяжэйшы, каб горш не было».

Спадар: «Я б хацеў большага заробку, стабільнасьці валюты. Каб кошты паніжаліся й адпавядалі заробку. А ў палітыцы — тое, чаго чакаю, на жаль, ня збудзецца».

XS
SM
MD
LG