Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пятая інаўгурацыя Лукашэнкі


Першая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі

Першая інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі

6 лістапада ў Палацы Незалежнасьці пройдзе пятая па ліку інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. З гэтай нагоды Свабода згадвае найбольш цікавыя дэталі папярэдніх чатырох цырымоніяў.

Першая — 20 ліпеня 1994 году: пад бел-чырвона-белым сьцягам і «Пагоняй»

Афіцыйнае ўступленьне на пасаду адбылося ў Авальнай залі Дому ўраду. У той самай залі, дзе ня раз ірваўся да мікрафона дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня, дырэктар саўгасу са Шклоўскага раёну Аляксандар Лукашэнка.

«Інаўгурацыя праходзіла клясычна, — успамінае Ўладзімер Нісьцюк, актывіст выбарчай каманды Лукашэнкі. — Аляксандар Рыгоравіч прыняў прысягу на Канстытуцыі, затым прамаўляў. Клятва была на беларускай мове, а „тронная“ прамова — на расейскай.

Пасьля прэзыдэнт пачаў прапаноўваць для зацьвярджэньня Вярхоўным Саветам прэм’ер-міністра, віцэ-прэм’ераў, сілавых міністраў і гэтак далей.

Спэцыяльна мы нічога не заказвалі. Быў сьцяг, які ў той час вісеў у залі пасяджэньняў, бел-чырвона-белы. Канстытуцыя — ня нейкая асаблівая, проста яе ўзялі ў кагосьці. Можа, нават і з прэзыдэнцкага кабінэту. То бок ён кляўся на „сваёй“ Канстытуцыі. Мы не надавалі тады вялікай увагі дэталям».

Як бы там ні было, дакумэнтальная хроніка першай інаўгурацыі захавала кадры, на якіх бачна, як Лукашэнка прымае прысягу пад бел-чырвона-белым сьцягам і гербам «Пагоня».

Другая — 20 верасьня 2001 году: прыплюсаваў сабе два гады

Прэзыдэнт Беларусі абіраецца на пяць гадоў. Чаму ж новая інаўгурацыя адбылася не ў 1999, а ў 2001 годзе?

Справа ў тым, што 24 лістапада 1996 году Лукашэнка правёў так званы рэфэрэндум. Паводле яго ў Канстытуцыю 1994 году ўнесьлі шэраг зьменаў, якія значна пашыралі паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Але палажэньне пра тое, што адзін і той жа чалавек можа быць прэзыдэнтам Беларусі ня болей за два тэрміны, захавалася. І тады набліжаныя да Лукашэнкі юрысты падказалі яму хітры ход — пачаць адлік свайго другога тэрміну ад рэфэрэндуму. Так другі прэзыдэнцкі тэрмін Лукашэнкі «падрос» на два гады.

Інаўгурацыя-2001

Інаўгурацыя-2001

Вынікі лістападаўскага рэфэрэндуму з-за шматлікіх парушэньняў не прызналі ні Эўразьвяз, ні ЗША.

Што прынцыпова зьмянілася параўнальна зь першай інаўгурацыяй?

Гэтым разам Лукашэнка выступаў ужо ня перад парлямэнтам, а ў нарэшце дабудаваным Палацы Рэспублікі. Аўдыторыя, якая яго слухала, істотна пашырылася. У адрозьненьне ад дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня яна кожныя пару-тройку хвілінаў перарывала кіраўніка дзяржавы ўдзячнымі воплескамі. Адбылася не прадугледжаная Канстытуцыяй вайсковая імпрэза накшталт параду, што, як жартавалі некаторыя журналісты, нагадвала інаўгурацыю ў пэўных экзатычных краінах.

Гэта тое, што кідалася ў вочы зьнешне. А ў матэрыяле «БелГазеты» адзначалася сур’ёзнае:

«Супастаўляючы прывядзеньне да прысягі Лукашэнкі ўзору 2001 году з аналягічнай цырымоніяй сямігадовай даўніны, нельга не заўважыць шэрагу асаблівасьцяў, якія характарызуюць ня столькі зьмяненьне рытуалу, колькі зьмяненьне палітычнай сыстэмы».

Трэцяя — 8 красавіка 2006 году: абышоў Канстытуцыю

Як жа Лукашэнка насуперак Канстытуцыі, якая забараняе балятавацца больш за два тэрміны запар, зноў стаў прэзыдэнтам?

Лукашэнка ідзе на трэці прэзыдэнцкі тэрмін

Лукашэнка ідзе на трэці прэзыдэнцкі тэрмін

7 кастрычніка 2004 году прайшоў ініцыяваны Лукашэнкам рэфэрэндум, які сумясьцілі з парлямэнцкімі выбарамі. На яго выносілася толькі адно пытаньне: «Ці дазваляеце Вы першаму Прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнка А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў Прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах Прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт абіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, вольнага, роўнага і прамога выбарчага права пры таемным галасаваньні“?».

У той жа час, паводле артыкула 112 Выбарчага кодэксу «на рэспубліканскі рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні: ...зьвязаныя з абраньнем і вызваленьнем Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь...».

Цікава, што яшчэ за пару тыдняў да рэфэрэндуму ў грамадзтве былі абсалютна розныя погляды на гэтую праблему. Так, паводле вынікаў усебеларускага апытаньня грамадзкай думкі, які правяла The Gallup Organization/Baltic Surveys у канцы верасьня, за зьмену Канстытуцыі былі гатовыя прагаласаваць 39% апытаных, супраць — 32,5%, астатнія на той момант яшчэ ня вызначыліся.

Але афіцыйныя дадзеныя Цэнтральнай выбарчай камісіі паказалі зусім іншыя вынікі: «За» прагаласавала 5 548 477 грамадзян, што складае 79,42 адсотка ад ліку грамадзян, занесеных у сьпісы для галасаваньня. Супраць ухвалы вынесенага на рэфэрэндум пытаньня прагаласавала 691 917 грамадзян, што складае 9,90 адсотка ад ліку грамадзян, занесеных у сьпісы для галасаваньня. У выніку Аляксандар Лукашэнка атрымаў магчымасьць удзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах неабмежаваную колькасьць разоў.

Выбары 19 сакавіка 2006 году запомніліся найперш Плошчай. І яшчэ тым, што Лукашэнка амаль на два тыдні зьнік з тэлеэкранаў. Увесь гэты час ён не рабіў ніякіх заяваў і наагул ніяк не праяўляў свайго існаваньня. Да таго ж інаўгурацыю перанесьлі з 31 сакавіка на 8 красавіка. Усё гэта давала падставы для розных чутак.

Чацьвёртая — 21 студзеня 2011 году: дэмарш дыпляматаў

Інаўгурацыя — 2011

Інаўгурацыя — 2011

Жорсткая расправа зь людзьмі, якія пайшлі да Цэнтравыбаркаму (ён месьціцца ў Доме ўраду), каб пратэставаць супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкай кампаніі, — гэта тое, чым найбольш запомніліся чацьвёртыя выбары.

Таму на інаўгурацыі 2011 году не прысутнічалі кіраўнікі дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу. На знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсіяў супраць апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці яны накіраваліся ў Вільню на круглы стол, прысьвечаны правам чалавека. Ня ўдзельнічаў у інаўгурацыі і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі.

Цырымонія трансьлявалася па ўсіх каналах беларускага тэлебачаньня. Тады яе ўпершыню паказалі ў рэжыме рэпартажу — ад рэзыдэнцыі ў Драздах да Палаца Рэспублікі. Трансьляцыя запомнілася спусьцелымі вуліцамі Менску, па якіх з помпай праехаў картэж нязьменнага прэзыдэнта. І яшчэ тым, што Лукашэнка выйшаў з машыны і пайшоў у Палац Рэспублікі разам з малодшым сынам Мікалаем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG