Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць рэчаў, якія трэба зрабіць замест перайменаваньня Беларусі


Алесь Чайчыц
Алесь Чайчыц

Заўжды, калі закранаеш тэму літоўскай гістарычнай спадчыны, раздаюцца галасы вельмі палымяных, але, на жаль, не заўжды добра праінфармаваных беларусаў, якія прапануюць Беларусі перайменавацца назад у Літву (і якія, аднак, не заслугоўваюць праз гэта, каб іх называлі «пэрсанажамі»).

Зразумела, што прапановы гэтыя наіўныя і ўтапічныя. Як слушна адзначае Сяргей Дубавец, Беларусь склалася як сучасная нацыя і дзяржава менавіта пад назвай «Беларусь». У гэтым няма нічога дрэннага, і гэта не супярэчыць таму факту, што Беларусь зьяўляецца натуральным спадкаемцам Вялікага княства Літоўскага гэтаксама, як і сучасныя літоўцы і віленскія палякі.

Але рацыянальнае за прапановамі вяртаньня назвы «Літва» ўсё роўна ёсьць. І нам вельмі важна «аддзяліць збожжа ад пустазельля», адкінуць шкоднае, але не адкінуць разам з гэтым і фундамэнтальна слушнага.

«Беларускасьць» і «Беларусь» — гэта перадусім канструкты 19-га стагодзьдзя

Значную частку сваёй гісторыі наша краіна называлася Літвою, а нашыя продкі — літвінамі. Таму асабіста я супраць таго, каб разглядаць саму па сабе дыскусію пра вяртаньне да гэтай назвы як нейкі наіўны рамантызм або пагатоў як правакатарства (хаця не сакрэт, што асобныя нацыяналістычныя СМІ суседніх зь Беларусьсю краінаў спрабуюць стварыць зь беларускага «літвінізма» прапагандысцкі жупел).

Гісторыя таго, што цяпер прынята называць Беларусьсю, не пачынаецца ад утварэньня БССР

«Беларускасьць» і «Беларусь» — гэта перадусім канструкты 19-га стагодзьдзя, гэта назва, пад якой на нашай зямлі і сярод яе жыхароў адбылося нараджэньне мадэрнай беларускай нацыі. Любы нацыяналізм як усьведамленьне людзьмі на пэўнай тэрыторыі сваёй этна-культурнай адметнасьці і фармуляваньне на базе гэтага палітычнай праграмы зьявіўся толькі ў 19-м стагодзьдзі: што беларускі, што францускі, нямецкі, польскі ці летувіскі.

Сучасныя беларусы — нашчадкі вялікай эўрапейскай дзяржавы, шматвекавых дзяржаўніцкіх, прававых, грамадзкіх, ваярскіх традыцыяў.

Гісторыя таго, што цяпер прынята называць Беларусьсю, не пачынаецца ад утварэньня БССР. Але гэтаксама яна не пачынаецца ад нараджэньня Янкі Купалы ці Францішка Багушэвіча ў XIX стагодзьдзі. І калі мы хочам быць, як і нашыя продкі, чымсь большым, чым «сялянскай нацыяй», мы павінны перадусім разглядаць сябе як нешта большае за гэта — і ў тым ліку, калі трэба, глядзець далей, чым апосталы «беларускага адраджэньня» XIX стагодзьдзя. Дарэчы, нават сам выраз «беларускае адраджэньне» фармальна яўляе сабой аксюмаран: нашае адраджэньне ня можа быць «беларускім», яно на нейкім этапе непазьбежна ў той ці іншай форме перарасьце ў «вялікалітоўскае».

Сучасныя беларусы — нашчадкі вялікай эўрапейскай дзяржавы, шматвекавых дзяржаўніцкіх, прававых, грамадзкіх, ваярскіх традыцыяў. Традыцыі былі перарваныя і забытыя, але для нас павінна быць першаснай і найбольш натуральнай рэччу пры будаўніцтве сучаснай дзяржавы абапірацца на гэтыя традыцыі і натхняцца гэтымі традыцыямі. А традыцыі гэтыя — не «беларускія», а «вялікалітоўскія».

Чаму б увогуле, паводле Канстытуцыі, не назваць краіну «Рэч Паспалітая Беларусь» замест «Рэспублікі Беларусь»?

Таму нам трэба актыўна вывучаць вялікалітоўскую спадчыну, жыць ёй і паступова максымальна інтэграваць атрыбуты і сымбалі спадчыны ВКЛ у сучасныя рэаліі. І ёсьць на ўзроўні сымболікі сапраўды рэчы куды больш важныя і рэалістычныя за перайменаваньне ўсёй краіны ў Літву:

1. Павінны быць вернутыя ўсе дасавецкія і дацарскія назвы вуліц і гарадоў (Менск праз «е», Койданава, Прапошаск, Гародня, Берасьце, Янаў-Палескі і гэтак далей; вуліцы Францішканская, Фэліцыянаўская, Падгорная і іншыя ў Менску, і гэтак далей)

2. Канстытуцыя Беларусі павінна прамым тэкстам афіцыйна спасылацца на Статуты як свае першакрыніцы. Канстытуцыя павінна сьледаваць духу Статутаў — напрыклад, павінна быць парлямэнцкая рэспубліка з намінальнай фігурай прэзыдэнта (а чаму б яго не назваць «Рэгентам» — маўляў, выконвае абавязкі Вялікага Князя), павінны рэальна абараняцца правы і свабоды чалавека, як гэта ў Статутах прапісаў першы беларускі лібэрал Леў Сапега.

3. Пра тое, што «Пагоня» павінна быць дзяржаўным гербам, а бел-чырвона-белы сьцяг — афіцыйным, нават лішне і казаць. Адначасова, прэзыдэнцкім штандарам мог бы быць вялікакняскі штандар ВКЛ (чырвонае палатно зь белай «Пагоняй»). Сымбалямі вайводзтваў павінны быць розныя вэрсіі «Пагоні», як у сярэднявеччы і як на вядомай паштоўцы часоў БНР.

4. Парлямэнт Беларусі павінен называцца Соймам, ягоны старшыня — Маршалкам. Вобласьці Беларусі павінны назвацца ваяводзтвамі, раёны — паветамі, «губэрнатары» — ваяводамі, «мэры» — войтамі або бурмістрамі

5. Чаму б увогуле, паводле Канстытуцыі, не назваць краіну «Рэч Паспалітая Беларусь» замест «Рэспублікі Беларусь»? Значэньне ўсё роўна адное і тое ж, але ж затое прывязка да гістарычных каранёў.

І толькі пасьля таго, як зроблена ўсё вышэй пералічанае, можна было б задумацца наконт афіцыйнага перайменаваньня (альбо не перайменаваньня) ў «Паўднёвую» ці якую яшчэ Літву. Хаця, на мой погляд, пры такіх умовах гэта ўжо не было б патрэбным.

Меркаваньне аўтара можа не супадаць зь меркаваньнем рэдакцыі

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG