Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць праблемаў, якія трэба вырашаць Макею і Штайнмаеру


Франк-Вальтэр Штайнмаер і Ўладзімер Макей

Франк-Вальтэр Штайнмаер і Ўладзімер Макей

Што не дае разгарнуцца беларуска-нямецкім дачыненьням?

Напярэдадні сустрэчы ў Бэрліне міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея зь нямецкім калегам Франкам-Вальтэрам Штайнмаерам Свабода склала пяцёрку прычынаў, якія замінаюць Менску мець у саюзьніках адну з самых прасунутых эканомік сьвету.

— Палітыка. Адсутнасьць кантактаў на вышэйшым узроўні

Кіраўнікі Беларусі Аляксандар Лукашэнка і канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель упершыню сустрэліся сёлета ў менскім Палацы незалежнасьці. Аднак да актывізацыі двухбаковых адносінаў той хвілінны кантакт ніякага дачыненьня ня меў — Менск быў абраны тэхнічнай пляцоўкай па ўрэгуляваньні сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, а лідэры Нямеччыны і Францыі ўзялі на сябе функцыі пасярэднікаў. Не спрыяў дыпляматычнаму прарыву і досьвед супрацы Лукашэнкі з экс-кіраўніком зьнешнепалітычнага ведамства Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле, якога на гэтай пасадзе замяніў Франк-Вальтэр Штайнмаер. У 2010-м міністры замежных спраў Нямеччыны і Польшчы паспрабавалі «дэмакратызаваць» беларускі рэжым перад чарговымі прэзыдэнцкімі выбарамі, але той візыт вялікага плёну ня меў, а Вэстэрвэле Лукашэнка яшчэ і абразіў:

«Захад нас заспакойваў, прыехалі тут вялікія дзеячы правільнай і няправільнай арыентацыі. Мяне нават пачалі папракаць, што я асудзіў „галубятню“. Я яму шчыра сказаў гэта ў вочы. Чаго на мяне крыўдзіцца? Мы ў дэмакратычным грамадзтве жывём. Нармальны лад жыцьця трэба весьці. Мы яго (лад) не прымаем, і ня трэба нам яго навязваць...»

— Эканоміка. Крытычнае падзеньне таваразвароту

Адсутнасьць палітычных кантактаў адбіваецца на эканамічных паказьніках. На пачатку беларускай незалежнасьці нямецкі вэктар быў прыярытэтны, але зь цягам часу сытуацыя радыкальна зьмянілася: ад сотняў некалі пасьпяховых сумесных прадпрыемстваў засталіся адзінкі. Нямецкія бізнэсоўцы традыцыйна разглядаюць свае інвэстыцыі як доўгатэрміновыя і пакуль ня бачаць, як можна рэалізавацца ў Беларусі. Нават тыя прадпрымальнікі, якія ўжо працуюць на беларускім рынку, наракаюць на непрадказальнасьць эканамічнай палітыкі, фінансавую нестабільнасьць, надзвычайную заадміністраванасьць, боязь структурных рэформаў і адсутнасьць прававых гарантыяў. Днямі амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Пэтэр Дэтмар прызнаў, што цяперашні ўзровень супрацоўніцтва ніяк не адпавядае патэнцыялу:

Пэтэр Дэтмар

Пэтэр Дэтмар

«У краіне ёсьць салідная інфраструктура, работнікі валодаюць высокім узроўнем падрыхтоўкі, тут нізкія выдаткі на аплату працы. Але ўсе гэтыя перавагі не адпавядаюць чаканьням нямецкай эканомікі. Пастаянна даводзіцца сутыкацца зь няўстойлівасьцю структурных рэформаў, і дадзеныя пра стан эканомікі не ўсяляюць надзеі на нейкае паляпшэньне ў наступным годзе», — зазначыў дыплямат.

— Санкцыі. Слова Нямеччыны — вырашальнае

Упершыню за доўгі час Беларусь атрымала шанец пазбыцца статусу «эўрапейскага ізгоя». Ад 1 лістапада на чатыры месяцы — да канца лютага 2016-га — прыпыняюцца санкцыі супраць вышэйшых кіраўнікоў Беларусі і бізнэсоўцаў — спонсараў рэжыму, у «чорным сьпісе» застануцца толькі асобы, якія падазраюцца ў непасрэднай датычнасці да расправы над палітычнымі апанэнтамі. Выпрабавальны тэрмін азначае, што палітыка-эканамічная «амністыя» не пажыцьцёвая і залежыць ад далейшых крокаў Аляксандра Лукашэнкі, які заступіў на пяты тэрмін. Нямеччына — найбольшая краіна Эўразьвязу, да голасу якой прыслухоўваюцца ўсе астатнія чальцы аб’яднанай Эўропы. Таму лёс Беларусі ў вялікай ступені залежыць ад таго, ці ўгледзіць Бэрлін добрую волю Менску ў дэклярацыях пра гатовасьць супрацоўнічаць з Захадам.​

— Гуманнасьць. Згортваньне чарнобыльскіх праграмаў

Нямеччына адной зь першых шчыра адгукнулася на чарнобыльскую трагедыю. На мяжы 1980–90-х нямецкае грамадзтва падтрымала ініцыятыву тагачаснага дэпутата Вярхоўнага Савету Генадзя Грушавога наконт маштабнай праграмы аздараўленьня ў нямецкіх сем’ях дзяцей з рэгіёнаў радыеактыўнага забруджаньня. Па лініі дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля» больш як за два дзясяткі гадоў у Нямеччыне аздаравіліся сотні тысяч маленькіх беларусаў. Аднак беларускія ўлады пазьней абмежавалі такія паездкі і абклалі гуманітарныя арганізацыі падаткамі. Адпаведна, на парадак зьнізіўся аб’ём дапамогі, якую аказвалі нямецкія партнэры чарнобыльскіх праграмаў. Летась Генадзь Грушавы памёр ад той самай хваробы, ад якой ратаваў землякоў. Пасьля гэтага тэма Чарнобылю ў міждзяржаўных стасунках практычна зьнікла — нягледзячы на 30-ю гадавіну трагедыі, якая будзе адзначацца ў 2016-м.

Нямецкія могілкі каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне

Нямецкія могілкі каля вёскі Шчаткава ў Бабруйскім раёне

— Памяць. Клопат пра вайсковыя пахаваньні

У дзьвюх апошніх войнах Нямеччына і Беларусь (у складзе Расейскай імпэрыі і СССР ) ваявалі па розныя бакі. Але калі немцы дбаюць пра ахвяраў незалежна ад ідэалягічных догмаў, то на постсавецкай прасторы сытуацыя іншая. Арганізацыя «Народны саюз Нямеччыны дзеля догляду за вайсковымі пахаваньнямі» клапоціцца пра магілы нямецкіх салдатаў і афіцэраў на тэрыторыі краінаў, дзе знайшлі апошні спачын іхнія суайчыньнікі. Нямецкі бок хацеў бы гэтаксама годна ўшанаваць памяць землякоў і ў Беларусі, але мясцовыя вэтэранскія арганізацыі супраць мэмарыялізацыі ворага часоў Другой сусьветнай вайны (адметна, што помнікаў тым, хто загінуў у Першую ўсясьветную, у Беларусі досыць шмат, і яны асабліва не напружваюць). Ад нядаўняга часу «Народны саюз Нямеччыны» парадкуе пахаваньні савецкіх вайскоўцаў і ваеннапалонных, якія загінулі ў Нямеччыне. Фармуецца Цэнтральны рэгістар «чырвонаармейцаў», якія ляжаць у нямецкай зямлі. Сярод іх нямала і беларусаў.

XS
SM
MD
LG