Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць «маскоўскіх цыбулін» на беларускіх цэрквах пачалі зьбіраць подпісы


Гатычная царква Сьвятога Міхала ў Сынкавічах XV ці XVI стагодзьдзя і званіца, «адрэстаўраваная» ў 2007 годзе на грошы расейскага спонсара. Архіўнае фота
Гатычная царква Сьвятога Міхала ў Сынкавічах XV ці XVI стагодзьдзя і званіца, «адрэстаўраваная» ў 2007 годзе на грошы расейскага спонсара. Архіўнае фота

На сайце Petitions.by пачаўся збор подпісаў супраць «антырэстаўрацыі» беларускіх цэркваў – зьмены аўтэнтычнага выгляду беларускіх рэлігійных пабудоваў і «насаджэньня пазалочаных купалоў-цыбулін». За тры дні сабралася сотня подпісаў.

«З 2010-х гг. антырэстаўрацыйная актыўнасьць Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату набыла беспрэцэдэнтныя маштабы, якую параўноўваюць зь дзейнасьцю Мураўёўва-вешальніка ў справе русыфікацыі Паўночна-Заходняга краю, а сама зьява ў шырокіх колах сьвядомага насельніцтва атрымала назву «антырэстаўрацыя Маскоўскага патрыярхату», – піша аўтар пэтыцыі.

Да Расейскай імпэрыі «цыбулін» на цэрквах у Беларусі не было, золатам купалы не пакрывалі

У пэтыцыі пералічваюцца аб’екты, пацярпелыя ад «антырэстаўрацыі»: аб’ект міжнароднага значэньня Ўсьпенскі сабор у Жыровічах (у якім прыбралі дэкаратыўныя элемэнты іканастасу і замянілі гістарычныя абразы на сучасныя, стылізаваныя пад расейскія), 16 помнікаў рэспубліканскага значэньня (Траецкая царква ў Слоніме, Сьвята-Міхайлаўская ў Слуцку, Сьвята-Георгіеўская ў Валавелі), на большасьці якіх усталявалі нехарактэрныя пазалочаныя купалы-цыбуліны, тры помнікі рэгіянальнага значэньня і восем аб’ектаў бяз статусу. Сьпіс, пішуць у пэтыцыі, няпоўны.

Падпісанты пэтыцыі патрабуюць спыніць «зьнішчэньне аўтэнтычнай беларускай архітэктуры», правесьці расьсьледаваньне і патлумачыць, чаму аблічча архітэктурных помнікаў зьмяняецца беспакарана, ці робіцца гэта з дазволу Міністэрства культуры, а таксама вярнуць помнікам архітэктуры аўтэнтычны выгляд за кошт тых, хто рабіў перабудову, і стварыць публічную сыстэму нагляду «за станам старых будынкаў, а ня толькі тых, што ўзятыя пад ахову». Пэтыцыя будзе накіраваная ў Міністэрства культуры і Генэральную пракуратуру.

Антон Астаповіч, архіўнае фота
Антон Астаповіч, архіўнае фота

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч сказаў Свабодзе, што праблема перабудовы архітэктурных помнікаў і ў тым ліку «маскоўскіх цыбулін» існуе даўно і што яна сапраўды шырокая. Але, заяўляе ён, пэтыцыя — гэта хутчэй піяр-акцыя, бо Таварыства даўно і плянамерна піша «процьму» зваротаў наконт асобных пашкоджаных помнікаў і сытуацыі зь імі наогул, у тым ліку да Экзархату і праваахоўных органаў.

Ці паўплывае пэтыцыя на сытуацыю, ён ня можа сказаць: пісаць такія звароты, каб на іх адрэагавалі, трэба са спасылкамі на заканадаўства аб ахове спадчыны і працэдуры прыняцьця рашэньняў. Што масавая пэтыцыя, што «граматна складзены» зварот грамадзяніна ці адной юрыдычнай асобы маюць аднолькавую сілу, дадае ён.

Якія замкі і палацы ў Беларусі будуць аднаўляць у 2018 годзе

12 знакавых будынкаў, якія варта аднавіць у Беларусі

Астаповіч супраць Стурэйкі: што і як рабіць з помнікамі архітэктуры. І каму гэта трэба

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG