Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пэтыцыя як спосаб разварушыць чыноўнікаў


Кіраўнік праекту «Зручны горад» Уладзімер Кавалкін

Кіраўнік праекту «Зручны горад» Уладзімер Кавалкін

Менш як за паўгода існаваньня інтэрнэт-плятформы petitions.by («Зручны горад») са 137 пытаньняў, пастаўленых грамадзянамі Беларусі перад дзяржаўнымі ведамствамі, станоўча вырашана 26. Яшчэ на шэсьць дзясяткаў атрыманыя адказы чыноўнікаў. Астатнія ў стадыі разгляду.

Як апавёў кіраўнік праекту Ўладзімер Кавалкін, за прамінулы час колькасьць зарэгістраваных карыстальнікаў сайту перавысіла 3200 чалавек. Гэта адзін з самых высокіх паказьнікаў для рэсурсаў падобнай скіраванасьці ў Беларусі:

«Калі нават кожны соты карыстальнік заўважыць і падпіша пэтыцыю, то ў гэтым выпадку чыноўнікі павінны ня проста адказаць на зварот, але і выехаць для разгляду праблемы разам з грамадзянамі-заяўнікамі. Усё ў нашых руках, зручным горад сам па сабе ня стане», — кажа спадар Кавалкін.

Каб стымуляваць чыноўнікаў на працу са зваротамі грамадзянаў, каманда «Зручнага гораду» будзе паквартальна адзначаць і ўзнагароджваць сымбалічнымі падарункамі трох прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, якія не схаваліся за фармальнымі адпіскамі. Адпаведна, яшчэ тры службоўцы складуць сьпіс антыгерояў, якія нават не паспрабавалі паставіцца да пакрыўджаных ці незадаволеных грамадзянаў з увагай.

Уладзімер Кавалкін удакладніў, што з агульнай колькасьці зваротаў у вышэйшыя інстанцыі 2/3 тычацца праблемаў лякальнай значнасьці, а 1/3 выходзіць на агульнанацыянальны ўзровень. Сярод гэтых пэтыцыяў найменей шанцаў на посьпех маюць тыя, якія ва ўладных калідорах успрымаюцца як палітызаваныя. Суразмоўца падае некаторыя прыклады зваротаў, якія фактычна леглі пад сукно:

«Адразу па памяці магу назваць, што гэта пэтыцыі кшталту „Пагоня побач“, зварот да Міністэрства культуры, каб прысвоіць званьне Героя Беларусі нобэлеўскай ляўрэатцы Сьвятлане Алексіевіч, патрабаваньне прызнаць неканстытуцыйным так званы закон аб дармаедзтве і, адпаведна, яго адмяніць. Тое, што чыноўнікам падалося адпачатку палітызаваным.

Ці варта з падобнымі прапановамі выходзіць увогуле? Безумоўна, варта. Таму што нават калі ня будзе ніякага рашэньня і ўсё абмяжуецца адпіскай, у любым выпадку пры дапамозе сайта можна прыцягнуць увагу грамадзкасьці да той ці іншай праблемы і заручыцца народнай падтрымкай. Гэта добры спосаб прапіярыць і паспрабаваць укінуць у парадак дня тэму, якая людзей сапраўды хвалюе. На мой погляд, калі выбудоўваецца нейкая „адвокасі-кампанія“, то гэта адзін з важных кампанэнтаў.

Нават калі чыноўнік адпіхваецца, адмаўляецца, то пашумець вакол тэмы, расказаць максымальнай колькасьці людзей, што праблема існуе, і пры гэтым прапанаваць свой погляд на яе вырашэньне — гэта надзвычай важна».

Ці ёсьць спробы з боку дзяржаўных ведамстваў супрацьстаяць дзейнасьці парталу? Вось што кажа Ўладзімер Кавалкін:

«Гэта адно з апасеньняў, якое бытуе сярод грамадзянаў. Шчыра скажу: ніводнага такога выпадку не было. Калі праблема не жахліва палітызаваная, ня тычыцца прэзыдэнта, ягонага атачэньня, а абмяжоўваецца агульнымі рэчамі ўладкаваньня нашай дзяржавы, то насамрэч чыноўніку абсалютна ня выгадна ісьці ў штыкі. Яму прасьцей зрабіць адпіску ці проста забалбатаць праблему, каб яна сама сабой патухла. Чыноўніку найменей патрэбна шырокая дыскусія вакол праблемы, якую ён ня хоча вырашаць. Яго галоўная задача — схаваць, замаўчаць. Таму рэакцыі ў выглядзе ціску ў адказ практычна ніколі няма. Толькі калі праблема выйдзе на самы высокі ўзровень, магчыма, такое здарыцца. А паколькі 99,99% пэтыцыяў якраз не пра гэта, то чыноўнік будзе папросту пісаць адпіскі, пазьбягаць кантакту, як часта гэта здараецца з ушчыльненьнем ці грамадзкім абмеркаваньнем новай будоўлі ў нейкім раёне».

Юрыст, праваабаронца Андрэй Сушко перакананы: самая галоўная перавага сайту petitions.by палягае ў тым, што празь яго можна афіцыйна зьвяртацца ў дзяржаўныя органы — апошнія абавязаныя зварот разгледзець і даць адказ:

Андрэй Сушко

Андрэй Сушко

«Гэтым ён выгадна адрозьніваецца, да прыкладу, ад сайта change.org, таму што пэтыцыі, разьмешчаныя на тым рэсурсе, улада можа цалкам ігнараваць. Таму, вядома ж, я выступаю за тое, каб людзей не заклікалі падпісваць пэтыцыі, даволі безабаронныя ў юрыдычным ракурсе. Гэта тым больш важна, што ў нас стала модна крычаць „ваўкі, ваўкі!“ і на гэтым супакойвацца. У такім выпадку, вобразна кажучы, выкід грамадзянскай пазыцыі па тым ці іншым важным для беларускага грамадзтва пытаньні доўжыцца некалькі сэкундаў. То бок падпісаў нейкае патрабаваньне — і думаеш, што зьмяніў сьвет да лепшага. Гэта ня тычыцца рэсурсу petitions.by. Тут, на мой погляд, вырашаюцца рэальныя праблемы рэальных людзей і цэлых грамадзкіх групаў — раварыстаў, інвалідаў, кіроўцаў, пешаходаў і г.д. Безумоўна, у некаторых закрадаецца сумнеў, наколькі канструктыўныя пэтыцыі, якія зьяўляюцца на сайце. Ад сябе магу сказаць: усё будзе мець посьпех, калі гэтую плятформу будуць паважаць, а ня будуць яе баяцца. І будуць яе разглядаць як інструмэнтар, які дапамагае вырашаць канкрэтныя праблемы грамадзянаў. Наагул, чыноўнікі нанятыя на нашы падаткі менавіта дзеля таго, каб рабіць наша жыцьцё больш камфортным».

Пяцёрка праблемаў, вырашаных нядаўна з дапамогай petitions.by

1. Сутнасьць звароту: стварыць у Беларусі адзіны канал аўтадарожных паведамленьняў, у які цэнтралізавана сьцякалася б інфармацыя пра заторы і ДТЗ. Большасьць сучасных аўтамагнітолаў і навігатараў умеюць агучваць паведамленьні адмысловай службы, перарываючы вяшчаньне радыё ці CD.

Выклад адказу: пытаньне патрабуе міжведамаснага разгляду. Міністэрства транспарту накіравала зварот у Менгарвыканкам, МУС і Мінінфарм для сумеснага разгляду і выпрацоўкі праграмы дзеяньняў. ГУУС Менгарвыканкаму ініцыявала праект стварэньня ў Менску інтэлектуальнай транспартнай сыстэмы. Плянаваныя тэрміны рэалізацыі — 2016–2019 гады з улікам фінансаваньня.

2. Сутнасьць звароту: аддзяленьні пошты ператварыліся ў пункты выдачы пэнсіяў, дапамогі і аплаты мабільных тэлефонаў, а пра сваё прамое прызначэньне — апрацоўку карэспандэнцыі — «Белпошта» забылася.

Выклад адказу: РУП «Белпошта» праводзяцца мерапрыемствы па арганізацыі ў кожным гарадзкім аддзяленьні паштовай сувязі, якое мае тры і больш апэрацыйныя акенцы, асобнага акна толькі для паштовых паслугаў.

3. Сутнасьць звароту: прапановы па паляпшэньні інфраструктуры і навядзеньні парадку ў раёне станцыі мэтро «Каменная горка».

A) Квітнее незаконны вулічны гандаль, які акупуе вялікі пляц і ня мае нічога агульнага са зручнай пешаходнай інфраструктурай.

Б) Гандлёвы павільён «Белсаюздрук» стаіць проста пасярод ходніка так, што амаль цалкам яго перакрывае.

В) Няма тратуараў зь цьвёрдым пакрыцьцём у месцах, дзе ходзяць людзі.

Г) Няма зручных навесаў на прыпыначным пункце, якія абараняюць ад ападкаў.

Д) Несанкцыянаваная паркоўка і арганізацыя руху правакуюць транспартны каляпс.

Е) Падвоз прадуктаў да гандлёвых пунктаў і рэстаранаў арганізаваны з парушэньнем правілаў і правоў пешаходаў.

Выклад адказу: па ўсіх пунктах будуць прынятыя меры. У пытаньні інфармацыйнай падтрымкі пры навігацыі неабходна зьвяртацца ў ГУ «Сталічны транспарт і сувязь».

4. Сутнасьць звароту: на патрабаваньне жыхароў суседняга кварталу пляцоўка на праспэкце Дзяржынскага, якая не выкарыстоўваецца, павінна быць акультураная і адкрытая для вольнага праходу.

Выклад адказу: скарга прызнана абгрунтаванай. Юрыдычнай асобе «Маскоўская інвэстыцыйная будаўнічая кампанія», якая карысталася зямельным участкам, накіравана прадпісаньне аб прывядзеньні тэрыторыі ў належны санітарны стан. У дачыненьні да кіраўніка будзе складзены адміністрацыйны пратакол. Ініцыяваны працэс прыцягненьня згаданай кампаніі да адказнасьці за псаваньне земляў. Новы карыстальнік участку (ТДА «Айран») абгародзіць пляцоўку.

5. Сутнасьць звароту: няма асьвятленьня па адрасе вуліца Кахоўская, 17, на дарожцы паміж домам і сквэрам.

Выклад адказу: Дадатковыя апоры вонкавага асьвятленьня паставяць у другім квартале 2016 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG