Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эўрадэпутат: Будаўніцтва Астравецкай АЭС — гэта пытаньне беларуска-эўразьвязаўскае


Фінансавая дапамога Беларусі з боку ЭЗ павінна залежаць ня толькі ад стану правоў чалавека, але і ад ядзернай бясьпекі, гэтае пытаньне павінна стаць адным з крытэраў разьвіцьця двухбаковых адносінаў.

Пра гэта заявіў дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус, які ўзяў удзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Эканамічныя і інвэстыцыйныя аспэкты ядзернай энэргетыкі: Каму патрэбна электраэнэргія беларускага атаму?».

Літоўскія дыпляматы, дэпутаты, навукоўцы абвінавацілі на канфэрэнцыі беларускія ўлады ў невыкананьні міжнародных канвэнцыяў пры праектаваньні і будаўніцтве Беларускай АЭС, якая ўзводзіцца побач зь літоўскай мяжой.

Яны лічаць, што пытаньне будаўніцтва АЭС у Астраўцы закранае ня толькі інтарэсы Літвы і ня ёсьць пытаньнем двухбаковых адносінаў паміж Беларусьсю і Літвой. Гэтае будаўніцтва закранае інтарэсы і Латвіі з Эстоніяй, і Польшчы, і нават Швэцыі зь Фінляндыяй. Гэтае пытаньне — «беларуска-эўразьвязаўскае».

Падчас канфэрэнцыі дэпутат Эўрапарлямэнту ад Літвы Пятрас Аўштравічус адказаў на некалькі пытаньняў журналістаў.

— Што рэальна Эўразьвяз, Эўракамісія, іншыя ўплывовыя міжнародныя структуры могуць зрабіць, каб паўплываць на беларускія ўлады, якія ігнаруюць міжнародныя канвэнцыі?

— Мы маем гэтыя інструмэнты. Гэта двухбаковы дыялёг, які павінен пачацца як мага хутчэй. Я думаю, гэта памылка, што ён яшчэ не пачаўся. Але мы зробім усё, каб ён пачаўся, каб быў надзвычай сурʼёзным і пэрспэктыўным. Астравецкая атамная станцыя будуецца побач з Эўразьвязам. І гэтае пытаньне непакоіць ня толькі Літву. Гэта пытаньне Эўразьвязу. Я зрабіў усё і зраблю яшчэ болей, каб кіраўніцтва Эўразьвязу паставілася да гэтага вельмі адказна, каб гэтае пытаньне стала ключавым у наладжваньні дыялёгу Эўразьвязу зь Беларусьсю. Цяпер мы вядзем дыялёг па правах чалавека. І я перакананы, што пытаньне пра ядзерную бясьпеку Астравецкай атамнай станцыі будзе другім важным дыялёгам паміж Эўразьвязам і Беларусьсю.

Чарнобыльская катастрофа паўплывала на ўвесь рэгіён, асабліва пацярпела Беларусь, беларусы. І, мне здаецца, гэтая трагедыя павінна стаць урокам, неабходна зрабіць грунтоўныя высновы, што тычыцца будаўніцтва новай АЭС. Маё пажаданьне такое: каб Беларусь, засвоіўшы ўрок Чарнобылю, ня стала зямлёй для экспэрымэнтаў ядзернай энэргетыкі. І народ, кожны беларус павінен уздымаць пытаньне бясьпекі, таму што назад ужо дарогі ня будзе. Калі АЭС будзе ўжо пабудавана, позна будзе біць трывогу. Менавіта цяпер трэба ўздымаць гэтыя пытаньні. І якім бы дарагім ні было будаўніцтва, на першы плян павінны выносіцца максымальныя крытэры бясьпекі. Таму што, прабачце, гэта не калгасная фэрма — нават там часам здараюцца аварыі. Калі адбываецца аварыя на АЭС, мы ведаем, якія доўгатэрміновыя і страшныя наступствы могуць быць і колькі чалавечых жыцьцяў гэта закранае.

Другое. Эўразьвяз мае і палітычныя, і эканамічныя сродкі ўзьдзеяньня. Эўразьвяз аказвае некаторую фінансавую дапамогу Рэспубліцы Беларусь, і, па-мойму, гэтая фінансавая дапамога павінна залежаць ня толькі ад стану з правамі чалавека, і тут мы маем шмат заўваг і пажаданьняў для Беларусі. Але гэта тычыцца і ядзернай бясьпекі, гэтае пытаньне павінна стаць адным з крытэраў разьвіцьця двухбаковых адносінаў.

— Выступаючы з пасланьнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу, Аляксандар Лукашэнка сказаў: «У нас надышоў нейкі новы этап у адносінах з Захадам. Я б гэты этап назваў нейкай гаварыльняй...»

— Я заўсёды прытрымліваўся такой думкі: каб пачаць кудысьці ісьці, трэба мець мапу. Заходзіць у лес бяз мапы — заўсёды рызыкоўна. У Эўразьвязе заўсёды доўга гавораць, рыхтуюцца і толькі потым пачынаюць некуды рухацца. Беларусь мае перад сабой вельмі дакладны плян АБСЭ. Наколькі я ведаю, там 30 канкрэтных рэкамэндацыяў па правах чалавека. Гэта не «гаварыльня», а канкрэтныя пажаданьні і высновы. Але на сёньня Менск не гатовы да выкананьня гэтага пляну. Гэта не «гаварыльня», а канстатацыя таго, што будучыя выбары маюць рызыку прайсьці бязь зьменаў, прайсьці як і папярэднія. Гэта, у сваю чаргу, азначае, што Эўразьвяз страціць твар. Бо санкцыі зьнятыя, пачаўся дыялёг, але на самой справе няма ніякіх зьменаў. Толькі што палітычных зьняволеных вызвалілі. Але што будзе тады? Гэта не «гаварыльня» — гэта будзе яшчэ адна крытычная сытуацыя ў двухбаковых адносінах.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG