Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ігналінская АЭС: Ядзерныя адкіды назаўсёды застануцца на літоўска-беларускай мяжы


Ігналінская АЭС сёньня.
Ігналінская АЭС сёньня.

Атамная станцыя ў Літве зачыненяецца. Задача — надзейна пахаваць радыяактыўныя адкіды. Магільнікі — побач са станцыяй, непадалёк ад беларускай мяжы. Станцыю ахоўвае літоўская памежная служба.

Станцыя месьцілася ў Ігналінскім раёне, але ад райцэнтра да АЭС — 50 кілямэтраў. Для яе працаўнікоў побач пабудавалі горад Сьнечкус. Антанас Сьнечкус быў доўгатэрміновым (1940-74) першым сакратаром ЦК кампартыі Літвы. У 1992 годзе горад пераназвалі — ён стаў Вісагінасам, такую назву мае возера побач.

Вісагінас
Вісагінас

Раней, калі працавала АЭС, у горадзе жылі трыццаць чатыры тысячы чалавек, засталося дваццаць дзьве тысячы. Вісагінас — гэта вялікі спальны раён, які ўзьнік у сасновым бары. Забудова пераважна пяціпавярховая, сярод якой ёсьць дамы на дзевяць паверхаў. На вуліцах людзей няшмат, чутна пераважна расейская мова. Рэстаран-піцэрыя называецца «Трэці блёк», які на АЭС недабудавалі. На станцыі працавалі толькі два працэнты літоўцаў (цяпер іх больш — чатырнаццаць адсоткаў).

Рэстаран-піцэрыя «Трэці блёк» у Вісагінасе.
Рэстаран-піцэрыя «Трэці блёк» у Вісагінасе.

Паводле літоўскага палітыка Бронюса Ропэ, раней кіраўніка Ігналінскага раёну: сама Літва не будавала АЭС, гэта рабіў СССР, цяперашняя Расея. Былі прывезеныя ўсе працаўнікі, мясцовых на працу практычна ня бралі. Цяпер, калі тэндэр на закрыцьцё станцыі выйгралі немцы, акцыі перакупіў расейскі бок, кажа ён. Сёньня тут самы дэпрэсіўны рэгіён у Літве, і ўлады спрабуюць стварыць новыя працоўныя месцы.

Ігналінская АЭС давала каля васьмідзесяці адсоткаў патрэбнай Літве энэргіі. Агульная яе моц была тры тысячы мэгават. Будавалі тры рэактары, але запусьцілі толькі два. Будоўлю трэцяга спынілі пасьля аварыі ў Чарнобылі. Ён быў гатовы ўжо ў значнай ступені, але ўсё было дэмантавана. Нават другі, які па пляну павінны былі запусьціць у чарнобыльскі год, уключылі толькі ў 1987-м (першы ў 1983-м).

Муляжы працаўнікоў АЭС
Муляжы працаўнікоў АЭС

Кожны з двух рэактараў адпрацаваў недзе 22 гады (маглі працаваць па 30 гадоў). Канчатковая дата закрыцьця Ігналінскай АЭС — 2038 год. Прадугледжана зруйнаваць гмахі, застануцца толькі магільнікі для радыяактыўных адкідаў, для адпрацаванага ядзернага паліва. Яго ніколі не вывозілі, яно назаўсёды застанецца на месцы. Аб гэтым групе беларускіх журналістаў распавяла Іна Даўкшэне, якая працуе на станцыі.

Вісагінас
Вісагінас

Цяпер паліва знаходзіцца ў часовым сховішчы, на тэрыторыі станцыі. Праектуецца новае, каб усе радыяадкіды трымаць у адным месцы, пакуль іх колькасьць будзе павялічвацца падчас дэмантажу. У другім рэактары знаходзіцца яшчэ неадпрацаванае паліва, паведаміла Іна Даўкшэне. Ёсьць іншыя адкіды — мэтал, пясок, забруджаная вада, якая пасьля апрацоўкі захоўваецца ў цьвёрдым, забэтанаваным выглядзе. Для ўсіх іх ёсьць асобныя сховішчы.

На першым этапе адпрацаванае паліва складаюць у невялікіх басэйнах побач з рэактарнай заляй. Там адпрацаваныя касэты з палівам трымаюцца ў вадзе мінімум пяць гадоў. Затым іх у кантэйнэрах пераносяць у бэтоннае сховішча. Іх цяпер два — нядаўна было пабудавана новае. Загрузка ў новае пачнецца налета, да 2022 году плянуюць закончыць выгрузку адпрацаванага паліва з другога рэактару (першы ўжо разгружаны). Два вялікія бэтонныя сховішчы — часовыя. Яны разьлічаныя на пяцьдзесят гадоў.

Калі будавалі станцыю, плянаваўся вываз адкідаў, але цяпер Літва абавязаныя трымаць іх у сябе.

Што будзе потым — пакуль невядома. Магчыма перагрузка ў новыя кантэйнэры альбо адкіды будуць трымаць глыбока пад зямлёю. Калі будавалі станцыю, плянаваўся вываз адкідаў, але цяпер Літва абавязаныя трымаць іх у сябе. Задача — каб захаваньне было бясьпечным для людзей. Між іншым, крыніцы выпраменьваньня ўнутры станцыі сёньня ўсё роўна ёсьць.

Кожны рэактар меў па дзьве турбіны, заля з турбінамі была агульнай для станцыі, яе даўжыня 600 мэтраў. Усё абсталяваньне дэмантуюць, драбняць, дэзактывуюць. Калі мэтал робіцца чыстым, яго прадаюць на мэталалом. Гэта займае вялікі час. Спачатку меркавалі закончыць усе працы ў 2029 годзе, але цяпер новая дата — 2038-ы. Асноўныя грошы — з эўрапейскага фонду зьняцьця атамных станцый з эксплюатацыі. Калі будавалі Ігналінскую АЭС, ніхто не задумваўся, што яе некалі трэба будзе закрываць і на гэта спатрэбяцца сродкі, кажа Іна Даўкшэне. Пабудавалі за восем гадоў, закрываць давядзецца значна больш.

Шыльда інфармацыйнага цэнтру АЭС.
Шыльда інфармацыйнага цэнтру АЭС.

Цяпер на станцыі працуюць 2060 чалавек, калі яна давала энэргію, працавалі ня менш за 5 тысяч, у 1992-м было максымум працаўнікоў — 5778. Плюс пяць тысяч (паводле Бронюса Ропэ) былі занятыя на абслузе АЭС. Сярэдні заробак на станцыі сёньня 1200 эўра, адказвае на пытаньне журналістаў Іна Даўкшэне.

У Літве была задума пабудаваць новую — сучасную АЭС. На рэфэрэндуме 63 працэнты сказалі «не», «за» прагаласавалі 34 адсоткі. У асноўным за быў наш рэгіён — Вісагінас, Ігналіна, кажа Іна Даўкшэне. Спадзяваліся, што будуць працоўныя месцы, што горад будзе дабудаваны. З паветра ён выглядае як матыль з адным крылом, дадае яна: «Матыль» быў бы закончаны, каб пабудавалі некалі трэці рэактар".

Забароны на лоўлю рыбы ў возеры побач з АЭС ніколі не было, рыбу заўсёды елі, кажа Іна Даўкшэне. На берагах дачныя ўчасткі працаўнікоў: вырошчвалі вішні, садавіну-гародніну.

Калі станцыя працавала напоўніцу, за месяц цераз яе цеплаабменьнікі прапампоўвалася ўся вада, што была ў возеры. Яна ахалоджвала турбіну, з радыяактыўнай не сутыкалася. Тэмпэратура вады ў Дрысьвятах павысілася на тры градусы, што паўплывала на флёру і фаўну. Мяркуюць, што яна можа вярнуцца да тэмпэратурнай нормы праз дзесяць гадоў пасьля спыненьня АЭС. Раней частка возера не замярзала ўзімку, цяпер стала замярзаць цалкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG