Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія дзяржаўныя органы рэагуюць на пэтыцыі, а якія — не. Рэйтынг petitions.by


Некамэрцыйны праект «Зручны горад» прадставіў рэйтынг найлепшых і найгоршых дзяржаўных органаў паводле іхнай рэакцыі на народныя пэтыцыі. Стваральнікі рэйтынгу адзначаюць, што прадстаўнікі ўлады рознага ўзроўню далёка не заўсёды прыслухоўваюцца да грамадзянаў і далёка не заўсёды разумеюць важнасьць грамадзкай думкі.

Кіраўнік праекту Ўладзімер Кавалкін кажа, што сёньня пасьпяховасьць рашэньня названай у пэтыцыі праблемы залежыць найбольш ад сумленнасьці чыноўніка, якому даручылі разгляд пэтыцыі.

Хто рэагуе на пэтыцыі

Найлепшым паводле якасьці разгляду зваротаў petitions.by называе менскае ДАІ. Хоць пэтыцыяў да іх няшмат, яны разглядаюць іх сумленна, аналізуюць прапановы, у тым ліку з выездам на месца, даюць аргумэнтаваныя адказы нават тады, калі адказ — адмова. Разгляд пэтыцыі звычайна займае да 15 дзён.

На другое месца «Зручны горад» ставіць Міністэрства гандлю, якое вывучае прапановы і цярпліва тлумачыць заканадаўства. За ім называюцца Менсктранс і «Сталічны транспарт і сувязь», якія даюць аргумэнтаваныя адказы і ажыцьцяўляюць прапановы, а аўтараў асабліва важных ідэяў запрашаюць паўдзельнічаць у распрацоўцы схемаў руху транспарту. Таксама пазытыўна адзначаецца Палата прастаўнікоў, дэпутаты якой «даюць падрабязныя, проста-такі душэўныя адказы нават на тыя заявы, якія некаторым могуць здацца трызьненьнем».

Да «сераднячкоў» petitions.by адносіць выканкамы. Адзначаюцца вельмі сухія адказы ў пытаньнях будаўніцтва, але актыўнае ўжываньне паўнамоцтваў «там, дзе іх дастаткова»: у справах парадку на будаўнічых пляцоўках, паніжэньня бровак, вывазу аўтахламу і іншых.

Хто дае «адпіскі»

Найгоршым «Зручны горад» называе ўпраўленьне ідэалягічнай працы Менгарвыканкаму, якое «прадэманстравала адначасова і фармалізм, і павярхоўнасьць, і элемэнтарнае няўменьне чытаць». У якасьці прыкладу прыводзяцца прапановы абмежаваць удзел цяжкай тэхнікі ў вайсковых парадах, як адзіночныя, так і калектыўныя.

За ім называецца Міністэрства фінансаў — згадваюцца ягоныя рэакцыі на прапановы падаць інфармацыю пра кошт правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу і забараніць падвышэньне падаткаў і ўвод новых.

Нацыянальны аэрапорт даў на дзьве аднолькавыя прапановы аб дубляваньні надпісаў на беларускай мове ўзаемавыключальныя адказы (1, 2).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG