Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль адчыніць дзьверы ў Беларусь праз Будапэшт?


Пэтэр Сіярта

Пэтэр Сіярта

Міністар замежных спраў і зьнешняга гандлю Вугоршчыны Пэтэр Сіярта 29 красавіка наведае Менск з працоўным візытам на запрашэньне свайго беларускага калегі Ўладзімера Макея. Пра гэта заявіў сёньня на брыфінгу прэсавы сакратар зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Дзьмітры Мірончык.

Адметнасьць гэтага візыту ў тым, што Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году міністры замежных спраў краін, што ўваходзяць у Эўразьвяз, зь вядомых прычынаў у сваіх паездках абміналі. Выключэньне склалі толькі кіраўнікі зьнешнепалітычных ведамстваў бліжэйшых суседзяў — Літвы і Латвіі.

У пэўнай ступені да візыту міністра з Вугоршчыны прычынілася і намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына. Сёньня і заўтра яна ў Будапэшце, дзе ў яе заплянаваны шэраг сустрэч. У тым ліку і зь міністрам Сіяртам.

Дарэчы, 24 красавіка ў Будапэшце будзе адкрыты новы будынак амбасады Беларусі. Беларускія дыпляматы пераедуць сюды са старога, дзе яны працавалі з 2000 году. Для Алены Купчыной гэта блізкая справа. Менавіта яна цягам шасьці гадоў (2006–2012) ачольвала амбасаду ў Вугоршчыне. З гэтай пасады яна і атрымала прызначэньне на пасаду намесьніка міністра.

Непасрэдна перад паездкай у Будапэшт спадарыня Купчына наведала і Бэрлін, дзе 21–22 красавіка правяла перамовы з Крыстафам Гойсгэнам — дарадцам Ангелы Мэркель, а таксама зь дзяржсакратаром МЗС Нямеччыны Штэфанам Штайнляйнам.

У абедзьвюх сталіцах, паводле інфармацыі МЗС Беларусі, намесьніца міністра, акрамя пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва, абмяркоўвала і «разьвіцьцё дыялёгу па лініі Беларусь — Эўразьвяз». І гэта зразумела: да рыскага саміту «Ўсходняга партнэрства» застаецца ўсяго адзін месяц.

«Але апошнім часам актывізаваліся ня толькі беларускія дыпляматы. Сам Эўразьвяз актывізаваўся», — адзначае ў размове са Свабодай аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Андрэй Елісееў:

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

«У Брусэлі ўжо многія цудоўна разумеюць, што трэба неяк зьмяняць усходнюю палітыку і што трэба нешта рабіць у новых умовах. Таму можна казаць пра зацікаўленасьць эўрапейцаў.

А беларускі бок можна таксама зразумець. Сутыкнуўшыся з новай палітыкай Расеі і баючыся пагрозы зь яе боку, Беларусь не зацікаўленая цяпер паліць масты з Эўразьвязам. Таму тут я бачу двухбаковыя інтарэсы».

Саміт «Усходняга партнэрства» плянуецца правесьці 21–22 траўня ў Рызе, бо менавіта Латвія старшынюе цяпер у Эўразьвязе. Сёньня Дзьмітры Мірончык сказаў журналістам, што, паводле ягоных зьвестак, латвійскі бок пакуль не высылаў запрашэньняў удзельнікам саміту.

Рыскі саміт стане чацьвёртым у гісторыі «Ўсходняга партнэрства». Першы праходзіў у Празе, і Беларусь на ім прадстаўляў першы віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка. Другі саміт адбыўся ў Варшаве, і ў ім удзельнічаў амбасадар у Польшчы Віктар Гайсёнак. Трэці праходзіў у Вільні з удзелам міністра замежных спраў Уладзімера Макея.

XS
SM
MD
LG