Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лібэралізацыя ў беларускім стылі», — Лізэганг пра штамп беларускіх памежнікаў «Уезд забаронены»


Сябру беларуска-нямецкага таварыства Пэтэру Лізэгангу, які браў удзел у «Менскім форуме», беларускія памежнікі паставілі ў пашпарце штамп «Уезд забаронены».

Перад гэтым Пэтэр Лізэганг знаходзіўся ў Беларусі цягам тыдня, браў удзел у «Менскім форуме».

На сваёй старонцы ў фэйсбуку нямецка-беларускае таварыства напісала, што гэта «насамрэч непрыгожае і непатрэбнае завяршэньне «Менскага форуму».

«Лібэралізацыя ў беларускім стылі», — дадаў Лізэганг.

28 лістапада ад беларускіх уладаў дайшла інфармацыя, што гэта была «тэхнічная памылка» і што ў наступны прыезд ён атрымае візу ў Беларусь.

Карэспандэнт Свабоды спытаўся ў прэсавага сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Аляксандра Цішчанкі, чаму так атрымліваецца, што замежныя грамадзяне атрымліваюць на выезьдзе зь Беларусі штамп «Уезд забаронены», пасьля таго як яны ўжо трапілі ў Беларусь.

«Я магу сказаць толькі: напісанаму верыць. Але такія рэчы не камэнтуюцца. Ня мы прымаем падобныя рашэньні. Мы проста ставім штамп „Уезд забаронены“».

Паводле Цішчанкі, у памежным ведамстве не камэнтуюць ні прычыны, ні час забароны на ўезд. А пытаньне пра ўезд Лізэганга ў Беларусь будзе вырашацца, калі ён стане атрымліваць чарговую візу ў Беларусь.

«Калі яму паставілі штамп, значыць, яму ўезд забаронены. Чаму забаронены, на які тэрмін — у мяне такой інфармацыі няма і быць ня можа», — сказаў Цішчанка.«Менскі форум» быў праведзены ў Менску ўпершыню пасьля шасьцігадовага перапынку. Нямецкі бок перастаў ладзіць гэтую канфэрэнцыю з прычыны падзеяў 2010 году ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG