Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Францыя дапаможа Беларусі ліквідаваць «міну запаволенага дзеяньня» — пэстыцыды з Гарадзеншчыны


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

У Францыі зьнішчаць чарговую партыю асабліва небясьпечных пэстыцыдаў, якія захоўваюцца на Гарадзеншчыне. Пра гэта паведаміў міністар прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Андрэй Каўхута.

Па яго словах, у 2014 годзе ведамства пачало рэалізацыю праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі, каб прадухіліць паўторнае выкарыстаньне састарэлых пэстыцыдаў на тэрыторыі былога СССР. Фінансуюць гэтую справу Эўразьвяз і Ўсясьветная харчовая і сельскагаспадарчая арганізацыя ААН. Беларусі выдзелены грант у памеры паўмільёна эўра.

Асноўная мэта — ліквідаваць адно з найбольш праблемных месцаў зграмаджэньня непрыдатных пэстыцыдаў. Гэта найперш тычыцца складу часовага захоўваньня ў вёсцы Мізгіры Слонімскага раёну Гарадзенскай вобласьці.

У выніку ліквідацыі Слонімскага пахаваньня непрыдатных пэстыцыдаў акурат побач зь вёскай захоўвалася больш за 300 тон небясьпечных рэчываў, у тым ліку з утрыманьнем ртуці.

Падрадчыкам абралі французскую кампанію «Трэдзі», якая сёлета ад сакавіка да ліпеня вывезла і зьнішчыла на спэцыялізаваным комплексе ў Францыі 258 тон небясьпечных пэстыцыдаў. Яшчэ 26 тон адкідаў з высокім утрыманьнем ртуці, утылізаваць якія ў Эўропе цяпер немагчыма, вывезьлі ў больш бясьпечнае месца ў Наваградзкім раёне Гарадзеншчыны. Апошнія 26 тон, што засталіся на складзе ў Мізгірах, да 20 жніўня вывезуць для зьнішчэньня ў Францыю.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Як сказала кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын, дзякуючы гранту будзе ліквідаваная «яшчэ адна гарачая кропка зграмаджэньня небясьпечных адкідаў». Гэта будзе сумесным крокам у справе паляпшэньня стану навакольнага асяродзьдзя ў Беларусі.

Паводле адмыслоўцаў, пэстыцыды, вырабленыя да 1970–80-х гадоў, — гэта «міна запаволенага дзеяньня»: можна не адчуваць іх прысутнасьці, але ніхто ня можа нават уявіць сабе магчымы маштаб наступстваў. А зьнішчаць пэстыцыды — надзвычай складаная працэдура, якая патрабуе адмысловага досьведу і ведаў.

XS
SM
MD
LG